Абраз Маці Божай Юравіцкай

цудатворны абраз у Беларусі
(Перанакіравана з «Юравіцкі абраз Маці Божай»)

Абраз Маці Божай Юравіцкай — абраз Багародзіцы, які ўпершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1630 годзе. Шануецца як цудатворны ў Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквах. Дата сьвяткаваньня — 13 верасьня.

Абраз Маці Божай Юравіцкай, да 1630
Юравічы,
арыгінал - Кракаў, Польшча

Апісаньне абразу

рэдагаваць

Абраз выкананы ў царкоўна-мастацкім стылі «Адзігітрыя». Паводле высновы экспэртаў была напісана напачатку XVII стагодзьдзя на тэрыторыі Заходняй Украіны, паколькі ў афармленьні абразу прыкметны моцны ўплыў праваслаўнай іканаграфіі.

Гісторыя абразу

рэдагаваць

Падчас бунту казакаў ва Ўкраіне шляхта ратавалася сама і ратавала свае рэчы ўцякаючы ў бясьпечныя землі. Нават вялікі гетман каронны Станіслаў Канецпольскі аддаваў каштоўныя рэчы каму-небудзь на захаваньне. Сярод сямейных каштоўнасьцяў ён меў ікону Багародзіцы, якую аддаў айцам езуітам з калегіюму ў Бары. Але, пачуўшы небясьпеку, езуіты пераехалі ў Львоў, узяўшы з сабою ікону. Адзін з манахаў, які распакоўваў для прасушкі рэчы гетмана, быў вельмі ўражаны, калі ўбачыў абраз Багародзіцы. З дазволу кляштарнага начальства ён зьмясьціў ікону ў сваёй кельлі і маліўся перад ёю ў патрэбах сваёй душы. Да іконы прыходзілі і іншыя манахі. Адзін сьмяротна хворы брат пасьля малітвы перад абразом раптам выздаравеў. Гэта навіна хутка разышлася па калегіюме — ікона Маці Божай стала вельмі шанаванай. Слава пра абраз дайшла нават да езуітаў, што жылі ў калегіюме сьв. Пятра ў Кракаве.

Унук Станіслава Канецпольскага на просьбу айца Марціна Тыраўскага падараваў яму ікону Багародзіцы, што старанна захоўвалася ў львоўскім калегіюме, пасьля чаго рэктар калегіюму Аляксандвр Ларанцовіч перадаў таму абраз. З іконай а. Тыраўскі адправіўся на Валынь, дзе праходзіла яго далейшая місіянэрская дзейнасьць.

Вясною 1673 году душпастырскія справы прывялі Тыраўскага на Палесьсе, у мястэчка Юравічы. Як заўсёды, пры ім быў абраз Багародзіцы. Калі місія закончылася, айцец Марцін сабраў свае рэчы і разам з іконаю рушыў на далейшую місію, але як толькі выехаў з Юравічаў на дарогу, што вяла да Алешыцаў, коні раптам сталі, як укопаныя, хоць былі маладыя і яшчэ не змучаныя. Місіянэр вырашыў, што нейкія злыя сілы трымаюць воз, каб зрабіць немагчымай яго далейшую паездку-місію па навяртаньні душаў. Дзіўныя рэчы ўбачыў Тыраўскі. Коні, гнаныя пугаю, з усіх сіл імкнуліся і не маглі зрушыць воз з месца. Лічачы гэта знакам Божым, тут была пабудавана капліца, дзе і разьмясьцілі абраз.

У рукапісе з XVII ст. («Historia Collegii Ostrogiensis Societatis Jesu») ёсць запіс: «Дня 20 красавіка 1684 года памёр айцец Марцін Тыраўскі, безумоўна, найлепшы місіянэр нашай правінцыі. 13 гадоў быў абозным місіянэрам. Калі раз быў абкружаны з усіх бакоў ворагамі татарскімі, дзіўнай дапамогаю Божага Провіду зьнік з іх вачэй. На місіі палескай быў гадоў 20. Перадусім яму Палесьсе ўдзячнае, што засталося вернае сьвятой каталіцкай веры».

У другой палове XVII стагодзьдзя ў Юравічах прадстаўнікі каталіцкага ордэну езуітаў, заняліся ўзьвядзеньнем тут храмавага комплексу Юравіцкага кляштару. Чуткі пра цудатворны абраз выклікаў пілігрымкі ў Юравічы. Людзі ехалі і ішлі пехатою — простыя і шляхта, пабожныя і цікаўныя, каб аддзячыць за дабро, а ў смутку знайсьці суцяшэньне. Адзін летапісец адзначаў, што часам цяжка было адрозьніць звычайны дзень ад сьвяточнага — так багата было народу ў сьвятыні.

Будаваўся каменны кляштар у 1726—1746 гадах на месцы драўлянага кляштара. Езуіцкі калегіюм дзейнічаў з 1778 году, а ў 1820 годзе будынкі і касьцёл былі перададзены бэрнардынскаму ордэну.

У 1831 годзе пасьля падаўленьня паўстаньня пачаліся ганеньні на касьцёл. Айцец Гадзецкі (пробашч у Юравічах) даведаўся, што Ядвіга Кеневіч (дачка Катаржыны Кеневіч з Горватаў), якая ўмела добра маляваць, зрабіла для сябе копію іконы Маці Божай Юравіцкай. Па просьбе пробашчу яна аддала яму сваю працу. Гадзецкі замяніў сапраўдную ікону на копію, а першую перадаў на захаваньне Габрыэлі Горват. Праз некалькі месяцаў пасьля замены абраза 26 лістапада 1864 году царскім указам была скасавана каталіцкая парафія ў Юравічах, а касьцёл перададзены праваслаўным.

Габрыэля Горват захоўвала цудадзейны абраз у галоўчыцкім палацы, а ў траўні 1885 году паехала ў Кракаў і пакінула абраз айцам езуітам кракаўскага калегіюму, узяўшы з іх пісьмовае абяцаньне вярнуць сьвятыню ў Юравічы, калі там адродзіцца касьцёл. Езуіты спачатку зьмясцілі цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай у капліцы калегіюму, а пазьней — у касьцёле сьвятой Барбары[1].

Сьпіс абразу Багародзіцы лічыўся страчаным, але пры аднаўленьні кляштару быў выяўлены ў суседняй вёсцы. Пасьля рэстаўрацыі юравіцкая сьвятыня была спачатку выстаўлена ў мазырскім Сьвята-Міхайлаўскім саборы, а затым з хросным ходам ад яго сьцен перанесена ў кляштар. Арыгінал абраза захоўваецца ў кракаўскім Касьцёл Сьвятой Барбары(pl).

Цікавыя факты

рэдагаваць

У выдадзеным у 1742 годзе ў Познані багаслоўскім сачыненьні «Крыніца ласак духоўных Дзевы Марыі з гор Юравіцкіх» прыведзена мноства цудоўных выратаваньняў, зьвязаных з абразам Маці Божай Юравіцкім: гэта ўваскрашэньне ў 1686 годзе падчас жалобнай працэсіі сына юравіцкага верніка Прыгародскага, уваскрашэньне загінулага ў 1724 годзе пры пажары сына мазырскага земскага пісарчука Тэафіла Лянкевіча, выратаваньне ў 1730]годзе патанулага юравіцкага жыхара Руткоўскага[2].

На Юравіцкім абразе разьмяшчалася срэбная карона, што ўскосна сьведчыць пра малавядомы, але важны момант — магчыма, мясцовы абраз Маці Божай быў каранаваны (агулам у сьвеце налічваецца менш за тры дзесяткі каранаваных абразоў)[3]

  1. ^ radzima.org
  2. ^ Юравіцкая святыня Архівавана 30 кастрычніка 2009.
  3. ^ Яўген Малікаў. Нябесная заступніца беларускага Палесься Архівавана 22 ліпеня 2016. // «Гомельская праўда», 3 красавіка 2008.

Літаратура

рэдагаваць
  • Гародка Р. Гісторыя цудадзенай іконы Маці Божай Юравіцкай // Наша Вера. 2(24)/2003.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць