Эстонская эвангельская лютэранская царква
Эстонская эвангельская лютэранская царква (па-эстонску: Eesti Evangeelne Luterlik Kirik) — лютэранская грамада Эстоніі, утвораная ў 1949 годзе. Налічвае 200 тысячаў вернікаў. Узначальваецца арцыбіскупам Андрэсам Пыдэрам.
У 1561 року рыцары Паўночнай Лівоніі вызналі ўладу швэдзкага караля. Ад гэтай пары Эстляндыя апынулася пад духоўнай юрысдыкцыяй Царквы Швэцыі. У 1710 року Эстляндыя была заваяваная Расеяю, аднак скандынаўская лютэранская традыцыя зьбераглася ў стагодзьдзях.
У 1802 року ў Дэрпцкім унівэрсытэце быў адкрыты лютэранскі багаслоўскі факультэт, што пераўтварыла Эстонію ў найбольшы лютэранскі цэнтар Расеі.
У 1919 пасьля здабыцьця незалежнасьці ўтварылася першая нацыянальная лютэранская царква на чале зь біскупам Якабам Кукам.
Пасьля далучэньня Эстоніі да СССР пераемнасьць лютэранскай герархіі прыпынілася. Эстонскія эмігранты ў Швэцыі заснавалі асобную Эстонскую эвангельскую лютэранскую царкву за мяжой (ЭЭЛЦЗ).
Пасьля аднаўленьня незалежнасьці ў 1992 року ад Эстонскай царквы аддзялілася Эвангельская лютэранская царква Інгрыі, а ў 2003 — Сыбірская эвангельская лютэранская царква.