Экзыстэнцыялізм — гэта гуманізм

«Экзыстэнцыялізм — гэта гуманізм» (па-француску: L'existentialisme est un humanisme) — філязофская праца Жана-Поля Сартра, напісаная ў 1946 годзе. Лічыцца адной з вызначальных твораў экзыстэнцыялісцкага руху.

У сваёй працы Сартр сьцьвярджае, што вызначальным тэзам экзыстэнцыялізму зьяўляецца тое, што існаваньне чалавека папярэднічае яго сутнасьці. Гэта азначае, што нягледзячы на факт існаваньня пэўнае асобы, у сьвеце няма нічога што бы навязвала ёй сваю манэру сьветабачаньня, жыцьцёвыя мэты, характар і г. д. Толькі сам чалавек можа вызначыць і пабудаваць сваю існасьць:

Чалавек спачатку існуе, сустракае сябе, паўстае ў сьвеце, і толькі пасьля ён сябе вызначае.

Такім чынам, Сартр адмаўляе г. зв. «дэтэрміністычныя апраўданьні» (франц. des excuses déterministes) і сьцьвярджае, што людзі павінны несьці адказнасьць за свае ўчынкі, бо кожны ўчынак закранае ўсё чалавецтва, зьяўляючыся прыкладам для іншых:

Калі, зь іншага боку, існаваньне папярэднічае сутнасьці і калі мы хочам існаваць, ствараючы адначасова наш вобраз, дык гэты вобраз мае істотнае значэньне для ўсёй нашае эпохі ў цэлым. Гэткім чынам, нашая адказнасьць куды большая, чым можна было б меркаваць, бо распаўсюджваецца на ўсё чалавецтва <...> Гэтак я адказваю за сябе самога і за ўсіх і ствараю пэўны вобраз чалавека, які выбіраю: выбіраючы сябе, я выбіраю чалавека ўвогуле.

Сартр вызначае «трывогу» (франц. angoisse) і «роспач» (франц. désespoir) як эмоцыі, якія людзі адчуваюць пры ўсьведамленьні адказнасьці за ўсе свае ўчынкі:

Па-першае, што трэба разумець пад трывогай? Экзыстэнцыяліст упэўнена скажа, што чалавек — гэта трывога. А гэта значыць, што чалавек, які на штосьці адважваецца і ўсьведамляе, што ён яшчэ і заканадаўца, які выбірае адначасова з сабою і ўсё чалавецтва, ня можа ўцячы ад пачуцьця поўнае і глыбокае адказнасьці.

Ён таксама апісвае стан, у якім чалавек усьведамляе, што Бога няма і адсюль трэба рабіць пэўныя высновы. Гэты стан Сартр называе «самастойнасьцю» (франц. délaissement), дакладней — «закінутасьцю»:

Гаворачы пра самастойнасьць... мы хочам сказаць толькі тое, што Бога няма і што ў сувязі з гэтым трэба зрабіць пэўныя высновы <...> Мы захоўваем усе вядомыя нормы сумленнасьці, прагрэсу, гуманізму; толькі Бог ператварыўся для нас ва ўстарэлую гіпотэзу, якая памалу і спакойна сама сабою адамрэ. Экзыстэнцыялісты... занепакоеныя адсутнасьцю Бога, бо разам з Богам зьнікае ўсялякая магчымасьць знайсьці якія-небудзь каштоўнасьці ў спасьцігальным розумам сьвеце <...> Дастаеўскі пісаў неяк, што «калі Бога няма, дык усё дазволена». Гэта пачатак пачаткаў экзыстэнцыялізму. Насамрэч, усё дазволена, калі Бог не існуе, а таму чалавек самотны, яму няма на што абаперціся ні ў сабе, ні па-за сваёй асобай <...> Гэткім чынам, ні за сабою, ні перад сабою — у сьветлым царстве каштоўнасьцей — мы ня маем ані апраўданьняў, ані дараваньняў. Мы самотныя, і ніхто нам нічога не даруе. Гэта і ёсьць тое, што я выказваю ў словах: чалавек асуджаны быць свабодным.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць