Чэмпіянат сьвету па снукеры 2014 году

Чэмпіянат сьвету па снукеры 2014 году — прафэсійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 19 красавіка па 5 траўня 2014 году ў тэатры Крусібл, у ШэфілдзеАнгельшчына.

8 красавіка

рэдагаваць

Выбылі: Шэйн Кэсл, Халід Бэлаід Абумдас (120), Эндру Пэджэт (99), Хамад Міа (103), Крыс Норбэры (107), Сандэрсан Лэм, Раян Кларк (112), Крыс Ўэйкелін (102), Майкл Лэсьлі (90), Джэк Джонс (116), Джэймі О’Ніл (92).

Кваліфікацыя чэмпіянату сьвету 2014 пачалася 8 красавіка на арэне міжнароднага спартовага цэнтру «Ponds Forge» у Шэфілдзе і праходзіла на працягу трох сэсій за адзінаццацьцю сталамі. Такім чынам, у першы гульнявы дзень у другі раўнд прайшлі 11 ігракоў. Моцную гульню ў матчы супраць аматара Шэйна Кэсла прадэманстраваў Мартын О’Донэл, які стаў першым пераможцам на сусьветным першынстве 2014, разграміўшы саперніка зь лікам 10:1 з сэрыямі 100, 119, 139, 90, 64, 97 і 67 ачкоў. Ліам Хайфілд і Джан Аньда атрымалі ўпэўненыя перамогі над Халідам Бэлаідам з Лібіі і Эндру Пэджэтам з Ўэльса адпаведна з аднолькавым лікам 10:2. Яшчэ адзін разгром учыніў 42-гадовы Бары Пінчэс, перайграўшы суайчыньніка Хамада Міа — 10:3. Больш чым праз гадзіну пасьля гэтага Кірэн Ўілсан узяў верх над Крысам Норбэры зь лікам 10:6 і соценным брэйкам у 119 балаў. Пры ліку 8:8 у матчы Танавата Тырапонгпайбуна з Сандэрсанам Лэмам тайскі снукерыст зьдзейсьніў выдатнае заканчэньне паядынку і з брэйкамі ў 128 і 90 ачкоў у дзьвюх апошніх партыях выйшаў у другі круг кваліфікацыйнай стадыі. 86-ы сеяны чэмпіянату Дэніэл Ўэлс з Ўэльса сустракаўся з ангельцам Раянам Кларкам. Валіец саступаў 3:6 пасьля першай сэсіі і 3:8 у пачатку другой, але зьдзейсьніў цудоўны камбэк і выйграў матч зь лікам 10:9, узяўшы сем з васьмі апошніх фрэймаў з падыходамі ў 92, 56, 69, 73, 65, 51 і 61 ачко. З тым жа лікам Пол Дэвісан перамог Крыса Ўэйкеліна, а аматар Крыстафэр Кеоган выбіў з турніру 90-га сеянага Майкла Лэсьлі з вынікам 10:6. Яшчэ адзін камбэк адбыўся ў матчы паміж 77-м нумарам сусьветнага рэйтынгу Крэйгам Стэдмэнам і Джэкам Джонсам з Ўэльса. Ангельскі ігрок саступаў свайму праціўніку зь лікам 2:6, але здолеў выйграць восем зь дзевяці апошніх партыяў сустрэчы і зь лікам 10:7 атрымаць месца ў другім раўндзе ў паядынку супраць шасьціразовага чэмпіёна сьвету Стыва Дэвіса, які знаходзіўся пад пагрозай вылету з мэйн-тура. Апошнім удзельнікам другога круга, які вызначыўся ў гэты дзень, стаў кітайскі снукерыст Цаа Сіньлун, 114-ы сеяны першынства, які ў доўгім матчы перайграў Джэймі О’Ніла ў вырашальным фрэйме — 10:9.

Сярод паядынкаў, у якіх была праведзена толькі першая сэсія, трэба адзначыць матч паміж 48-гадовым Тоні Драга і 39-гадовым Робінам Халам. Фінскі снукерыст выйграў сем зь дзевяці партыяў першай часткі матча і наблізіўся да агульнай перамогі. З такім жа адрывам кітаец Лі Хан скончыў першую сэсію сустрэчы з Рачаёцінам Ятарукам, аформіўшы соценны брэйк у 104 ачкі. 19-гадовы бэльгійскі ігрок Лука Брэсэль саступаў пасьля першай паловы матча 108-му нумару пасеву Лі Пэйджу зь лікам 4:5, нягледзячы на сэнчуры ў 118 балаў, які выканаў 67-ы нумар рэйтынгу, а ў паядынку вэтэранаў паміж 44-гадовымі Джэймзам Ўотанай з Тайланда і Алексам Боргам з Мальты азіят вырваўся наперад зь лікам 5:2, але прайграў дзьве апошнія партыі сэсіі, і лік падраўняўся да 5:4 на карысьць Ўотаны.