Цудадзейны мэдалік
Цудадзейны мэдалік, Цудоўны мэдалік, вядомы таксама як Мэдалік Беззаганнага Зачацьця — мэдалік, заснаваны сьв. Кацярынай Ляборэ (улас. Зоя Ляборэ, 1806—1876) з Ордэну Сясьцёр Міласэрнасьці Сьв. Вінсэнта дэ Поля ў Францыі пасьля аб’яўленьня ёй Маці Божае 27 лістапада 1830 году ў Парыжы на вуліцы Бак, 140.
Многія каталікі па ўсім сьвеце (і некаторыя некаталікі) носяць цудадзейны мэдалік. Згодна са словамі Найсьвяцейшай Багародзіцы Кацярыне Лаборэ падчас зьяўленьня 27 лістапада 1830 году, тыя, хто носіць цудадзейны мэдалік, «атрымаюць вялікую ласку, асабліва калі яны носяць яе на шыі. Тым, хто верыць у мяне, я дам шмат ласкі».
Сьвята Найсьвяцейшай Панны Марыі з Цудатворнага мэдаля адзначаецца ў Каталіцкім Касьцёле 27 лістапада. Ён быў заснаваны Папам Львом XIII дэкрэтам ад 23 ліпеня 1894 году.
Зьяўленьне
рэдагаваць27 лістапада 1830 году, калі Кацярына малілася ў капліцы, ёй зьявілася Найсьвяцейшая Панна Марыя. Яна была апранута ў белае адзеньне, з срэбна-блакітным плашчом на плячах, на галаве мела вэлюм. Стаяла Маці Божая на зямным шары. З адкрытых, скіраваных да зямлі далоняў зыходзілі прамяні. Вакол Беззаганнай сястра Кацярына ўбачыла надпіс: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». Па словах сьв. Кацярыны Маці Божая сказала ёй: «Пастарайся, каб паводле гэтага ўзору быў выбіты медалік. Кожны, хто будзе яго насіць, атрымае вялікія ласкі». Праз хвіліну вобраз Марыі нібы павярнуўся, і сястра ўбачыла літару М з крыжам у ёй і двума сэрцамі — Езуса і Марыі — унізе[1].
Тое, што дзяўчына тады ўбачыла, цяпер адлюстроўвае мэдалік Беззаганнай Марыі Панны.
Пра гэтую сустрэчу сястра Кацярына расказала свайму спаведніку, але той забараніў ёй гаварыць каму-небудзь пра гэта. Пра тое, каб выбіць мэдалік, ён нават чуць не хацеў. Сястры Кацярыне давялося доўга пераконваць спаведніка перадаць просьбу Маці Божай арцыбіскупу Парыжа Люі дэ Кэлену. У чэрвені 1832 году былі выбіты першыя 1500 мэдалікаў. Іх раздавалі вернікам, не ўзгадваючы нічога пра аб’яўленьне Маці Божай. «Паглядзім, што будзе, калі людзі пачнуць насіць мэдалік, — так арцыбіскуп матываваў рашэньне распаўсюджваць гэты знак. — Няхай пазытыўныя зьмены пацьвердзяць сапраўднасьць аб’яўленьня на вуліцы Бак».
Ужо ў тым жа годзе васьмігадовая Каралін Нэнэн з парафіі Сэн-Жэрмэн-ль’Оксэруа, заражаная халерай, паправілася на наступны дзень пасьля таго як атрымала ад сясьцёр мэдалік. Праз год, 13 чэрвеня, салдат з Алянсону, вядомы «атэіст і блюзьнер», пасьля таго як павесіў на шыю мэдалік, пачаў маліцца. «Мяне агортвае смутак, калі думаю, што так позна палюбіў і што не любіў яшчэ мацней», — заявіў ён.
У 1835 г. цудоўны мэдалік насілі ўжо каля мільёна людзей, а ў 1839 годзе — 10 мільёнаў.
У 1854 годзе рэпрадукцыя цудоўнага мэдаліка была зьмешчана на адваротным боку мэдаля на ўспамін абвяшчэньня дагмату аб Беззаганным Зачацьці Найсьвяцейшай Панны Марыі. Ён захоўваецца ў парыскай рэзыдэнцыі Таварыства цудоўнага мэдаліка, заснаванага па ініцыятыве польскіх біскупаў у 1908 годзе і распаўсюджанага ва ўсім Касьцёле Папам Піем X.
23 ліпеня 1894 г. Папа Леў XVIII устанавіў сьвята ў гонар цудоўнага мэдаліка, прапануючы адзначаць яго кожны год 27 лістапада. У сувязі з гэтым узьнікла таксама адмысловае набажэнства, якое ватыканская Кангрэгацыя абрадаў зацьвердзіла ў 1958 годзе.
Выгляд мэдаліка
рэдагаваць- На авэрсе мэдаля разьмешчана фігура Найсьвяцейшай Маці, прамяні сьвятла, якія расьцякаюцца зь яе выцягнутых рук. Яна стаць на паўсфэры, што сымбалізуе Зямлю са зьмеем, па якім яна топчацца. Вакол фігуры Марыі разьмешчаны тэкст кароткай малітвы: «О Марыя, зачатая без граху, маліся за нас, якія зьвяртаюцца да Цябе».
- На адваротным баку мэдаля разьмешчаныя два сэрцы: Найсьвяцейшае Сэрца Езуса, акружанае цярновым вянком, і Беззаганнае Сэрца Марыі, прабітае мячом. Над імі ініцыял Марыі — літара М, а над ёй крыж. Дадаткова па акружнасьці разьмешчана 12 зорак.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Цудоўны медалік з вуліцы Бак, Ave Maria, №1-2(116-117) 2005
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Рыцарства Беззаганнай пашыраецца, Ave Maria 1-2003
- Цудадзейны медалік Беззаганнай, Ave Maria №5-6/2003