Цеплавая электрычная станцыя

электрастанцыя, якая вырабляе электрычнасьць зь цеплавой энэргіі
(Перанакіравана з «Цеплаэлектрастанцыя»)

Цеплавая электрычная станцыя (цеплавая электрастанцыя, ЦЭС) — электрастанцыя, якая выпрацоўвае электрычную энэргію й цяпло (або толькі электрычную энэргію) у выніку пераўтварэньня цеплавой энэргіі, якая выдзяляецца пры спальваньні арганічнага паліва.

Цеплавая электрычная станцыя (на вуглі) у Лучагорску, Прыморскі край, Расея

Існуе некалькі тыпаў цеплавых электрастанцыяў. Самы распаўсюджаны і традыцыйны — цеплавая паратурбінная электрастанцыя (ЦПЭС), у якой цяпло згараньня арганічнага паліва выкарыстоўваецца для пераўтварэньня вады ў пару высокага ціску, якая ў сваю чаргу вярціць паравую турбіну, вал якой злучаны з валам генэратара. ЦПЭС, якая выпрацоўвае для спажыўцоў акрамя электраэнэргіі цяпло пары, называецца цеплаэлектрацэнтральлю (ЦЭЦ); якая толькі электраэнэргію — кандынсацыйнай электрастанцыяй (КЭС). Але ў апошні час усё большы распаўсюд адтрымоўваюць цеплавыя газатурбінныя электрастанцыі (ЦГЭС), у якіх дымавыя газы (прадукты рэакцыі гарэньня паліва) не перадаюць сваё цяпло пары, а непасрэдна самі прыводзяць у рух газавую турбіну.

Сумясьціць перавагі і ліквідаваць недахопы гэтых двух тыпаў ЦЭС спрабуюць у парагазавых электрастанцыях (ПГЭС). Для выпрацоўкі невялікай колькасьці электраэнэргіі выкарыстоўваюць таксама ЦЭС з паршнявымі рухавікамі ўнутраннага згараньня (напрыклад рухавік Дызэля).

Часам тэрмін цеплавыя электрастанцыі ўжываюць да электрастанцыяў, якія пераўтвараюць у электрычную энэргію цяпло, якое атрымоўваецца ня толькі праз спальваньне арганічнага паліва (атамныя электрастанцыі (АЭС), геатэрмальныя электрастанцыя).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць