Яфімаў Фёдар, псэўданімы: Ф.Архіпаў, Ф.Архипов, Фёдор Архипов; 5 траўня 1933, в. Новатраецкае Цярноўскага раёну Варонескай вобласьці Расея) — паэт, літаратурны крытык, перакладчык; у 1960-1970 публічна выступаў супраць цэнзуры, за што перасьледаваўся. Жыве ў Менску, піша на расейскай і беларускай мовах.

Фёдар Яфімаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 5 траўня 1933(1933-05-05) (91 год)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладнік, літаратурны крытык
Мова расейская мова

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Прафэсійны вайсковец. У 1951 скончыў Чарапавецкую пяхотную вучэльню, у 1957 — Цэнтральныя курсы палітычных работнікаў у Смаленску; служыў прапагандыстам у вайсковых частках Беларускай вайсковай акругі (1958-1962). У 1963 дэмабілізаваўся ў званьні капітана Савецкай арміі.

У 1967 завочна скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. У 1966-1967 — загадчык аддзелу нарысаў і публіцыстыкі часопісу «Нёман».

У красавіку 1968 на аб’яднаным партсходзе творчых саюзаў БССР публічна выступіў супраць умяшальніцтва СССР ва ўнутраныя справы Чэхаславаччыны, супраць цэнзуры. За гэта быў выключаны з КПСС, перасьледаваўся — ня мог уладкавацца на працу і жыў у безграшоўі.

У часы цкаваньня Аляксандра Салжаніцына выступаў у падтрымку расейскага пісьменьніка — зьвярнуўся ў сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў СССР зь пісьмовым пратэстам супраць гэтых перасьледаў. Падтрымаў пісьменьніцу Лідзію Вакулоўскую, якую абвінавачвалі ў антысаветызьме.