Формула-3

кляса аўтагонак

Фо́рмула Тры, Формула-3, скарочана Ф3 — трэці ўзровень формульных гонак з адкрытымі коламі, заснаваны ў 1950 року. Асобныя чэмпіянаты ў катэгорыі ладзяцца ў Эўропе, Аўстраліі, Паўднёвай Амэрыцы і Азіі. Формула-3 — пераходны этап на шляху да Формулы-1.

Кені Брэк на McLaren F1 GTR

Мінуўшчына

рэдагаваць

Пачаткова ў катэгорыі ўдзельнічалі аўтамабілі з матацыклавымі рухавікамі аб’ёмам 500 см³. У тыя часы для гоначнікаў было звыклай справай удзельнічаць у некалькіх клясах аўтагонак адначасова. Так, прыкладам, Стырлінг Мос нават пасьля пераходу ў Формулу-1 нярэдка браў удзел і ў 3-й Формуле. Паводле ж статыстычных паказьнікаў найбольш пасьпяховым гоначнікам у Формуле-3 быў Дон Паркер(d): пачаўшы спартовую кар’еру толькі ў 41-гадовым веку, ён здабыў у ёй 126 перамог; пры гэтым ён перамагаў і таго ж Моса, які ў той час ужо быў сусьветна вядомай зоркай. Паркер тройчы заваёўваў чэмпіёнства сьвету ў Формуле-3 (1952, 1953, 1959), а ў 1954 року саступіў пераможцы ўсяго паўбала.

 
Гонка брытанскай Формулы-3 ў Зандворце-1971

У канцы 1950-х 500-кубічныя рухавікі пачынаюць саступаць удвая аб’ёмнейшых рухавікам Формулы-Юніёру, і ў 1964 року літровыя рухавікі зьяўляюцца і ў Формуле-3. У 1971 року набылі моц новыя правілы гонкі, якія ўвялі 1600-кубічныя рухавікі, а ў 1974 зьявіліся двухлітровыя. У тыя часы некаторыя каманды сышлі з Формулы-3, каб засяродзіцца толькі на найвышэйшай Формуле.

У 1970-80-я рокі найбуйнейшыя ўласныя чэмпіянаты Формулы-3 ладзіліся ў Вялікабрытаніі, Італіі, Нямеччыне, Францыі. Паступова ім сталі складаць канкурэнцыю нацыянальныя чэмпіянаты (прыкладам, Формула Рэно ў Францыі ці Формула Супэр Ві ў Нямеччыне). Тады асобныя чэмпіянаты аб’ядналіся ў эўрапейскі чэмпіянат Формулы-3(d).

 
Гран-пры Гішпаніі эўрапейскага чэмпіянату 2024 року

Аднак з пачатку 1980-х рокаў Формула-3 пачынае моцна разьвівацца і болей нагадваць сучасную старэйшую сястру. Шматлікія гоначнікі пасьля 3-й катэгорыі пераходзяць адразу ў найвышэйшую, мінаючы Формулу-2. Дзеля памяншэньня костаў удзелу ў гонках канструктары сталі выпускаць шасі, здольныя вытрымаць 3-4 сэзоны гонак. Большасьць рэгіянальных чэмпіянатаў прапануюць для аўтамабіляў з папярэдніх сэзонаў асобныя спаборніцтвы, каб падтрымліваць канкурэнтназдольнасьць і дазволіць камандам і гоначнікам меншыя выдаткі.

У 2019 року заснаваны агульны Чэмпіянат сьвету пасьля таго, як пакрысе заняпала эўрапейская сэрыя.

Тэхнічныя характарыстыкі

рэдагаваць

Патрабаваньні да аўтамабіляў:

  • Шырыня: 1150 мм максымум
  • Колавая база: 2000 мм мінімум
  • Каляіна: 1200 мм мінімум
  • Маса: 550 кг мінімум з кіроўцам
  • Актыўная падвеска, тэлемэтрыя, антыбуксавальная сыстэма забароненыя
  • Толькі двухколавы (задні) прывод
  • Пасьлядоўная паўаўтаматычная каробка перадачаў, шэсьць пярэдніх (максымум) і адна задняя перадачы
  • Колы дыямэтрам 330 мм і шырынёй 240 мм максымум
  • Аб’ём паліўнага бака: 45 літраў
  • 6-цыліндравыя рухавікі аб’ёмам 3,4 літры з натуральным наддзіманьнем[1].
  1. ^ The car and engine (анг.) Guide to F3. FIA Formula 3 Championship. Праверана 8 ліпеня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць