Трыпольская культура

Трыпо́льская культу́ра (па-ўкраінску: Трипільська культура, альбо культура Кукутэні (па-румынску: Cultura Cucuteni), альбо Кукутэнь-трыпольская культура (па-ангельску: Cucuteni-Trypillian culture)) — археалягічная культура часоў энеаліту, назва якой паходзіць ад назвы вёскі Трыпольле на Кіеўшчыне (у пазначанай «пашыранай» назьве культуры прысутнічае яшчэ й назва румынскай вёскі Кукутэнь). Культура дасягнула росквіту паміж 5500 і 2750 гадамі да н.э., разьмяшчалася паміж Карпатамі і Дняпром на тэрыторыях сучасных Украіны, Малдовы і Румыніі агульнай плошчай больш за 350 тыс.км². У часы росквіту культуры ёй належалі найбольшыя па памеры паселішчы ў Эўропе: колькасьць жыхароў некаторых зь іх перавышала 15 тысячаў чалавек.

Геаграфія пашырэньня Кукутэнь-трыпольскай археалягічнай культуры.
Максымальнае пашырэньне.
Трыпольская кераміка.

Трыпольская культура зьяўляецца адной з асноўных старажытназемляробчых культур Меднага веку. Трыпольскія плямёны займалі прасторы Усходняй Эўропы ад Дняпра да Карпатаў, ад Палесься да Чорнага мора і Балканскага паўвострава. Гэтая культура разьвівалася ў 5-4 тысячагодзьдзях да н.э. (на працягу 2000 гадоў) і прайшла ў сваім разьвіцьці тры этапы — раньні, сярэдні і позьні. Ва Ўкраіне выяўлена (па стане на 2014 год) больш за дзьве тысячы помнікаў Трыпольскай культуры. Яны згрупаваныя ў 15 галінах: найбольш у Сярэднім Прыднястроўі і Надпруцьці і Надбужжы, менш у Прыдняпроўі. Імаверна, па гушчыні расьсяленьня прысутнічала аб’яднаньне плямёнаў.

Адной з асаблівасьцей Трыпольскай культуры была велізарная тэрыторыя распаўсюду (каля 190 тыс.км²). У час свайго росквіту (напрыканцы сярэдняга этапу) насельніцтва на ўсёй тэрыторыі Трыпольскай культуры паводле розных ацэнак складала да 410 тысячаў чалавек.

Праблема паходжаньня трыпольцаў не да канца высьветлена. Большасьць археолягаў схіляецца да меркаваньня, што аснову раньнетрыпольскай культуры складалі паўднёвыя земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны культур балканскага паходжаньня, якія, аднак, у працэсе распаўсюджваньня на новыя ўсходнія тэрыторыі ўключалі ў сябе на розных этапах элемэнты мясцовых нэалітычных і энэалітычных культур.

Літаратура

рэдагаваць
  • Трыпольская культура // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 6.