Талеранцыйны патэнт (1782)

Талеранцы́йны патэ́нт (па-нямецку: Toleranzpatent) — дакумэнт, выдадзены сьвятым рымскім імпэратарам Ёзэфам II 2 студзеня 1782 року. Паводле яго жыды атрымалі большую свабоду ў адпраўленьні сваіх рэлігійных абрадаў.

Патэнт стаў часткаю палітыкі радыкальных рэформаў Ёзэфа II па пераўтварэньні імпэрыі Габсбургаў у ідэальную асьветніцкую дзяржаву. Дагэтуль ён выдаў эдыкт, які тычыўся толькі хрысьціянскіх дэнамінацыяў. Жыды ж падпадалі пад ранейшыя абмежаваньні, усталяваныя ў Сярэднявеччы: так, яны ня мелі права валодаць нерухомасьцю.

Патэнт 1782 року першапачаткова распаўсюджваўся на ніжнюю Аўстрыю. Паводле ягоных умоваў жыдоўскія дзеці атрымлівалі магчымасьць навучацца ў дзяржаўных школах альбо засноўваць уласныя зь нямецкай мовай навучаньня. Дарослыя атрымалі дазвол навучацца ва ўнівэрсытэтах, займацца гандлем, адчыняць прадпрыемствы і служыць у войску. Ранейшыя патрабаваньні па абавязковым нашэньні залатой зоркі альбо сплаты асобнага падатку былі скасаваныя[1].

Тым ня меней, замест выкарыстаньня пісьмовага іўрыту і размоўнага ідышу прадугледжвалася ўжываньне нямецкай мовы. Афіцыйныя дакумэнты і падручнікі не маглі друкавацца на іўрыце[2]. «Талерантныя» жыды ў Вене і інтэлігенцыя падтрымала патэнт Ёзэфа II, аднак большасьць асьцерагалася магчымай асыміляцыі і загрозе культуры і ладу жыцьця[3].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Ingrao, W. Charles. The Habsburg Monarchy 1618-1815. — Cambridge University Press, 1994. — С. 199.
  2. ^ O’Brien, H.C. Ideas of Religious Toleration at the time of Joseph II // Transactions of the American Philosophical Society. — С. 30.
  3. ^ Jews in Austria 02: Jews from 16th to 19th century // Encyclopaedia Judaica. — 1971. — Т. 3. — С. 892.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць