Сямён Жыгмант
Сямё́н Во́сіпавіч Жы́гмант (па-расейску: Семён Осипович (Иосифович) Жигмонт; 1812 — 3 сакавіка 1886) — расейскі вайсковы дзеяч, генэрал ад інфантэрыі. З шляхецкага роду Жыгмантаў.
Сямён Жыгмант | |
Дата нараджэньня | 1812 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 3 сакавіка 1886 |
Занятак | вайсковец |
Узнагароды |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьВыхоўваўся ў Паўлаўскім кадэцкім корпусе. 14 лістапада 1830 у чыне прапаршчыка пераведзены Ляйб-гвардыі Фінляндзкі полк.
У 1835 у чыне падпаручніка пераведзены на Каўказ, дзе пад кіраўніцтам Вельямінава прымаў удзел у экспэдыцыі за Кубань, займаў пасаду старшага ад’ютанта штабу войскаў Каўкаскае лініі й Чарнаморыі.
1843 года у чыне штабс-капітана другі раз хадзіў на Кубань з аддзелам генэрал-ад’ютанта Гуркі, а ў 1845 удзельнічаў у Даргінскай экспэдыцыі; за вайсковыя дасягненьні прызначаны палкоўнікам.
У 1846 камандзіраваны ў Абразчыкавы пяхотны полк, у 1852 пераведзены ў Суздальскі пяхотны полк і ў тым самым годзе прызначаны камандзірам Адэскага егерскага палку. Прызначаны 19 красавіка 1853 генэрал-маёрам, на чале Адэскага палку выправіўся на тэатар вайны з Турэччынай, дзе 25 сьнежня 1853, знаходзячыся ў складзе аддзела генэрала К. А. Бэльгарда, прыняў удзел у баі пры Чататы, своечасова й на ўласную ініцыятыву зьявіўшыся на дапамогу Табольскаму пяхотнаму палку Аляксандра Баўмгартэна, атакаванаму пераўзыходнымі сіламі туркаў. Сам Жыгмант быў паранены дзьвюма кулямі й цяжка кантужаны аскепкам. Узнагародай за Чататы была залатая шпага з дыямантамі й надпісам «За адвагу», а батальёны, што былі падчас бою пад яго асабістым кіраўніцтвам, атрымалі Георгіеўскія сьцягі. Толькі ў лютым 1855 Жыгмант акрыяў ад ранаў і быў прызначаны камандуючым рэзэрвовай дывізіяй Грэнадэрскага корпусу й на працягу ўсяго астатняга часу вайны знаходзіўся ў Фінляндыі пры ахове прыморскіх берагоў, у тым самым 1855 атрымаў ордэн сьв. Георгія 4-й ступені за 25 гадоў бездакорнай службы.
У 1857 быў прызначаны памагатым начальніка 2-е грэнадэрскае дывізіі, у 1858 быў ганараваны ордэна сьв. Станіслава 1-й ступені. Ад 26 студзеня 1860 да 4 красавіка 1871 камандаваў 13-й пяхотнай дывізіяй, за гэты час быў узнагароджаны ордэнамі сьв. Ганны 1-е ступені (1864) і сьв. Уладзімера 2-е ступені (1869).
У генэрал-лейтэнанты прызначаны 23 красавіка 1861, а 30 жніўня 1881 — у генэралы ад інфантэрыі з прызначэньнем сябрам Аляксандраўскага камітэту аб параненых, у 1879 атрымаў ордэн Белага Арла.