Сьвечкавая маніфэстацыя
Сьве́чкавая маніфэста́цыя альбо Сьве́чкавая дэманстра́цыя — мірная маніфэстацыя грамадзянаў за рэлігійныя і грамадзянскія правы і свабоды ў сацыялістычнай Чэхаславаччыне, якая адбылася 25 сакавіка 1988 року на Гвездаслававым пляцы ў Браціславе. У цяперашні час лічыцца адным з найгалоўнейшых пратэстаў грамадзянаў і вернікаў супраць камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне. Маніфэстацыя стала кульмінацыяй дзейнасьці таемнай царквы ў камуністычнай Чэхаславаччыне.
Ідэя маніфэстацыі паўстала з ініцыятывы вернікаў, пасьля таксама дадаліся патрабаваньні поўнае павагі да грамадзянскіх правоў у Чэхаславаччыне для ўсіх яе жыхароў — як вернікаў, так і няверуючых. Якасьцю грамадзянскага супраціву, ахопам патрабаваньняў, мужнасьцю супраціву таталітарнай уладзе і рэпрэсіямі яе можна лічыць пачаткам паступова заняпаду камуністычнага ладу ў Славаччыне, які завяршыўся 17 лістапада 1989. Разгонам дэманстрацыі сіламі Грамадзкай бясьпекі(sk) (тагачаснай паліцыі) і Дзяржаўнай бясьпекі(sk) (тагачасная сакрэтная служба) былі груба парушаныя грамадзянскія правы на свабоду сходаў, зацьверджаныя Канстытуцыяй ЧССР 1960 року. Быў парушаны Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ЧССР падпісала ў 1976 року, а таксама ўмовы хэльсынскага Заключнага акту АБСЭ 1975 року і Выніковага дакумэнту Мадрыдзкай канфэрэнцыі 1983 року.
Храналёгія падзеяў
рэдагаваць- 15 сакавіка — міністар унутраных справаў ЧССР Враціслаў Вайнар выдаў загад пра правядзеньне надзвычайнай акцыі па прадухіленьні акцыяў пратэсту.
- 16 сакавіка — старшыня Камітэту народнай бясьпекі Браціславы Штэфан Мікула ўхваліў плян надзвычайных мераў бясьпекі ў Браціславе, нават нягледзячы на тое, што Раённы нацыянальны камітэт (РНК) Браціславы I яшчэ не прыняў рашэньне пра правядзеньне маніфэстацыі. Плян прадугледжваў тры альтэрнатывы, усе зь якіх насілі характар гвалтоўнага здушэньня.
- 16 сакавіка — адбылося пасяджэньне Збору ардынараў Славаччыны (найвышэйшы орган Каталіцкай царквы ў Славаччыне), які, паводле дзяржаўных крыніцаў, асудзілі маніфэстацыю. Аднак некаторыя ардынары заўважалі, што хоць Збор і выказаў уласнае меркаваньне, аднак царкоўныя ўлады ня мелі падставаў умешвацца ў справу грамадзянаў супраць улады.
- 17 сакавіка — РНК Браціславы I лістом забараніў правядзеньне дэманстрацыі на той падставе, што арганізатары ня могуць забясьпечыць грамадзкі парадак.
- 21 сакавіка — Францішак Міклашка накіраваў да РНК Браціславы I ліст, у якім выказваўся супраць забароны маніфэстацыі і даводзіў, што арганізатары здольныя забясьпечыць грамадзкі парадак. Наступнага дня ён атрымаў пракурорскае папярэджаньне пра недапушчальнасьць удзелу ў маніфэстацыі.
- 23 сакавіка — дзяржаўная тэлевізія дала ў сваёй перадачы слова доктару тэалёгіі Штэфану Зарэцкаму, які ад імя Асацыяцыі каталіцкіх сьвятароў «Pacem in terris» дыстанцыянаваўся ад маніфэстацыі і заклікаў людзей ня ўдзельнічаць у ёй.
- 24 сакавіка — распачатая падрыхтоўка надзвычайных мерапрыемстваў, накіраваных на жорсткае здушэньне сходу. Прадугледжвалася таксама кровапраліцьце і раненьні, бо Інстытут аховы здароўя Браціславы меў забясьпечыць пазачарговыя зьмены, дастатковую колькасьць крыві і ложкаў. Былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць аддзелы ГБ ня толькі ў Брціславе, але й аддзел спэцназу ССР у Пэзінку і падобныя ў структуры Дзяржаўнай бясьпекі.
- 24 сакавіка — у браціслаўскіх школах на 25 сакавіка былі абвешчаныя выходныя. Студэнты былі праінфармаваныя пра антыдзяржаўную акцыю і папярэджаныя пра недапушчальнасьць удзелу ў ёй. Іншагароднім студэнтам была рэкамэндавана на выходныя зьехаць з Браціславы. Супрацоўнікі прадпрыемстваў Браціславы таксама былі папярэджаныя пра няўдзел у антыдзяржаўнай акцыі.
- 25 сакавіка — з самага ранку па чарзе былі затрыманыя арганізатары акцыі Францішак Міклашка, Ян Чарнагурскі і Ўладзімер Юкл. Былі завезеныя ў пастарунак ГБ, фармальна апытаныя і затрыманыя. Адпушчаныя быль толькі па сканчэньні і разгоне маніфэстацыі. Біскуп Ян Хрызастом Корац быў затрыманы яшчэ папярэднім вечарам і вызвалены па маніфэстацыі, Сыльвэстар Крчмэры знаходзіўся пад вартай супрацоўнікамі Дзяржаўнай бясьпекі дома.
- 25 сакавіка — перад палуднем вуліцамі Браціславы праехалі бронетранспартэры, каб застрашыць жыхароў і пераканаць іх ня ўдзельнічаць у акцыі.
- 25 сакавіка — дарожная паліцыя выконвала пільны тэхнічны агляд аўтамабіляў і асабліва аўтобусаў на пад’езных да Браціславы дарогах з мэтаю спыніць даезд ці прынамсі затрымаць патэнцыйных удзельнікаў маніфэстацыі.
- 25 сакавіка — пасьля палудню грамадзкі транспарт у Браціславы быў перанакіраваны так, каб як мага больш людзей з ускраінаў не маглі дабрацца да цэнтру.
- 25 сакавіка — у раёне Гвездаслававага пляцу пасьля палудню машыны тэхнічных службаў пачалі паліваць вуліцы вадою, прычым разьліваючы проста на групы людзей, якія пачалі зьбірацца да плошчы.
- 25 сакавіка — славацкая тэлевізія на час правядзеньня маніфэстацыі паставіла трансьляцыю фільму «Анжэліка», які быў у той час вялікім гітом.
- 16:00 — на Гвездаслававым пляцы і прылеглых вуліцах пачалі зьбірацца людзі.
- 17:16 — было прынятае рашэньне перакрыць Гвездаслававы пляц і забараніць праход на яго людзей, аднак нягледзячы на гэта, на плошчы сабраліся 3500 асобаў, а на суседніх вуліцах былі заблякаваныя каля 6 тысячаў.
- 18:00
- да 500 тысячаў чалавек сабраліся перад будынкам Славацкага нацыянальнага тэатру з запаленымі сьвечкамі, засьпявалі дзяржаўны гімн і гімн Папы, а таксама пачалі паволі маліцца на ружанцах. Затрыманых арганізатараў замянілі іншыя актывісты — Юліюс Броцка і Францішак Вікарткаўскі.
- людзей, якія сабраліся на дэманстрацыію, заклікалі разыходзіцца, бо маніфэстацыя не была дазволеная. Калі грамадзяне не зрэагавалі на заклік, палітычны камітэт, які назіраў за падзеямі з вокнаў 4 паверху гатэлю «Carlton», выдаў загад на разгон натоўпу вернікаў.
- Аўто ГБ з уключанымі сырэнамі і маячкамі пачалі хутка езьдзіць па пляцы і душыць людзей. Супрацоўнікі ГБ і асобы ў цывільным з адзнакамі крычалі на людзей, зьбівалі дубінкамі і кулакамі, тых, што ўпалі, піналі на зямлі. Некалькіх людзей адцягнулі да падрыхтаваных аўтамабіляў ГБ і адвезьлі ў пастарунак. Пры гэтым сабраных вернікаў бесьперапынна палівалі вадой з аўтамабіляў тэхнічных службаў.
- 18:27 — нягледзячы на тое, што сабраныя вернікі не выказвалі супраціву і працягвалі спакойна маліцца, паліцыя разгарнула супраць іх два вадамёты.
- 18:30 — час маніфэстацыі скончыўся. Нягледзячы на тое, што людзі пачалі разыходзіцца, супраць маніфэстантаў былі ўжытыя спэцсродкі: дубінкі, сьлезацечны газ, сабакі. Шмат людзей атрымалі раненьні, крывацёкі, зьбівалі ў тым ліку старых і дзяўчатаў.
Вынікі
рэдагавацьНа здушэньне сходу вернікаў было накіравана агулам 953 супрацоўнікі бясьпекі. Былі затрыманыя 126 грамадзянаў ЧССР і 12 замежных грамадзянаў, сярод якіх былі й акрэдытаваныя журналісты. Даклад пра дэманстрацыю і выкарыстаньне супраць іх сілаў правапарадку Цэнтральнаму камітэту Камуністычнае партыі Чэхаславаччыны ў красавіку 1988 року прадставілі Ігнац Янак і Пэтар Цолатка. Даклад быў зацьверджаны Прэзыдыюмам ЦК КПЧ без заўвагаў.
Па Аксамітнай рэвалюцыі воінская пракуратура пастанавіла прыцягнуць да адказнасьці маёра Камітэту народнай бясьпекі Аляксандра Кісуцкага па абвінавачаньні ў злоўжываньні ўладай за тое, што незаконна затрымаў Францішка Міклашкі. З улікам таго, што Міклашка разам зь Янам Чарнагурскім выказаліся за спыненьне ягонага перасьледу, камісія СНР хадайнічала перад прэзыдэнтам краіны наконт памілаваньня Кісуцкага. Акрамя яго, да адказнасьці ніхто з палітычных і дзяржаўных дзеячоў прыцягнуты ня быў.
Літаратура
рэдагаваць- Ing. PhDr. Ján Šimulčík. «Čas svitania» (1998)