Сымфонія гневу
«Сымфонія гневу» — п’еса беларускага драматурга Васіля Шашалевіча, пастаўленая 3 сакавіка 1935 у Беларускім дзяржаўным тэатрам імя Янкі Купалы.
Сымфонія гневу | |
Аўтар | Васіль Шашалевіч |
---|---|
Абставіны дзеі | міжваенная Польшча |
Дата прэм’еры | 3 сакавіка 1935 |
Месца прэм’еры | БДТ-1 |
Жанр | драма |
Апісаньне
рэдагавацьАсобы
рэдагаваць- Прафэсар Сальк — кампазытар
- Яўгеня — яго жонка
- Пан Людвіг — муз. выдавец
- Касура — падпольнік-бальшавік
- Якубчык — шпік
- Панна Анэля
- Казімер Цудальскі — мастак
- Шэф Палітычны — начальнік «Канторы ўсеагульнага спакою»
- Журніцкі — старшыня групы беспрацоўных музыкантаў
- Прафэсар Альтнэр — кампазытар
- Дырэктар кансэрваторыі
і інш.
Сюжэт
рэдагавацьПаводле аўтарскай заўвагі, дзеяньне п’есы адбываецца ў «адной з фашысцкіх дзяржаў капіталістычнага Захаду». На думку С. Ляўшука, у міжваеннай Польшчы[1]. Зрэшты, некаторыя дасьледнікі лічаць, што месца дзеяньня адбываецца ў Нямеччыне 1930-х гг[2][3].
У цэнтры падзей — выдатны кампазытар, музыкант і прафэсар Сальк, які, адмовіўшыся пісаць на заказ «Марш майскага перавароту», які б усталяваў факт прыходу да ўлады дыктатарскага рэжыму, выгнаны з кансэрваторыі і ня мае сродкаў на жыцьцё для сябе і жонкі Яўгені. Яго творы ў такіх умовах не рызыкуе выконваць ніводны аркестар краіны. Сальк не жадае здавацца бяз бою і стварае эпахальную «Сымфонію гневу», якая становіцца сымбалем маральнай перамогі мастака. Антыподам Салька выступае прафэсар Альтнэр, які аддана служыць уладзе і жыве раскошна, у поўным дастатку.
Салька ўрэшце зноў запрашаюць на працу ў кансэрваторыю, але з умоваю, што адмовіцца ад ранейшых поглядаў і твораў, прызначаных для працоўных мас. Сальк не ідзе на кампраміс і мае маральную падтрымку ад бедных беспрацоўных.
Тэмы
рэдагавацьНа думку І. Багдановіч і М. Міхайлава, у п’есе выказваецца пачуцьцё трывогі за лёс эўрапейскай цывілізацыі і сумленнай творчай інтэлігенцыі ўва ўмовах нарастаньня фашысцкай пагрозы[4].
Крытыка
рэдагавацьПаводле Зм. Мамачкіна, Сымфонія гневу зьяўляецца «вяршыняй драматургічнай творчасьці мастака»[5]. Дасьледнік адзначае, што «ў цэнтры ўвагі «Сымфоніі гневу» вечная праблема чалавечага жыцьця — праблема асабістай і грамадзкай свабоды, а таксама свабоды творчасьці. У гэтай драме Васіль Шашалевіч дасягнуў той даволі рэдкай у літаратуры якасьці, калі мастацкая структура твора набывае шматмернасьць, шматплянавасьць, глыбокі выразны падтэкст»[6].
Бюро аўтаномнай сэкцыі драматургаў аргкамітэта ССП БССР на сваім пасяджэньні ад 28 чэрвеня 1933 г. рэкамэндавала п’есу для перакладу на расейскую мову. П’есу як дасягненьне беларускай літаратуры згадваў старшыня аргкамітэта ССП БССР Міхась Клімковіч у сваім дакладзе на Першым Усесаюзным зьезьдзе савецкіх пісьменьнікаў[7].
Зрэшты, з пачаткам 1936 году п’еса была залічаная да «фармалістычных». На публічным судзе, які адбыўся ў ССП БССР 28-31 сакавіка 1936 пастаноўшчык «Сымфоніі гневу» Л. Літвінаў усклаў большую частку «віны» на Васіля Шашалевіча, які ў сваю чаргу заяўляў: «..я лічу, што гэта п’еса не такая дрэнная... Гэта сур’ёзны і карысны спэктакль. Няўдача пастаноўкі п’есы не была з той прычыны, што п’еса дрэнная.» [8]. У рэдакцыйным артыкуле газэты «Літаратура і мастацтва» ад 7 красавіка 1936 г. гэтая прадмова В. Шашалевіча была названая «незадавальняючай».
Пісьменьнік Барыс Мікуліч сьцьвярджаў, што «стыль... спэктакля «Сымофнія гневу» — ня ёсьць стыль сацыялістычнага рэалізму»[9].
Публікацыя
рэдагавацьЯк сьцьвярджае С. Грахоўскі, Васіль Шашалевіч працаваў над п’есаю яшчэ ўвосені 1933 году[2].
Асобным выданьнем не выходзіла, паколькі яе аўтар у гэты час быў рэпрэсаваны. Рукапіс п’есы быў адшуканы ў Маскве — у Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва і апублікаваны дасьледнікам драматургіі С. Лаўшуком у часопісе «Тэатральная Беларусь» (1992, № 4)
Пастаноўкі
рэдагаваць- Беларускі дзяржаўны тэатар імя Янкі Купалы (пастаноўка Л. Літвінава і П. Данілава, дэкарацыі С. Вішнявецкай і Е. Фрадкінай)[3]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Лаўшук, С. Сумленна напісанае — застанецца // Шашалевіч, В. Сімфонія гневу. П'еса. // Тэатральная Беларусь. — 1992. — № 4. — С. 3—35.
- ^ а б Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць : Часопіс. — 1988. — № 1. — С. 147.
- ^ а б Азгур, З. Тое, што помніцца // Полымя. — 1981. — № 9. — С. 208.
- ^ Шашалевіч Васіль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 359. — 684 с.
- ^ Мамачкін Зм. «Мой вораг — эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 15.
- ^ Мамачкін Зм. Драматургія Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1997. — № 1. — С. 16—17.
- ^ Клімковіч М. Савецкая літаратура Беларусі (даклад старшыні Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі на ўсесаюзным з'ездзе) // Палеская праўда. — 1934. — В. 29 жніўня.
- ^ Мамачкін, Зм. «Мой вораг — эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 16.
- ^ Мікуліч Б. Аб некаторых лозунгах БДТ-1 (у сувязі з «Сімфоніяй гневу» // ЛіМ. — 1936. — В. 21 красавіка.
Літаратура
рэдагаваць- Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 2: 20—50-я гады XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэктсаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыран. і ўдаклад. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — С. 299. 574 с.