Смог (Міжзем’е)

Цмок у легендарыюме Толкіна
(Перанакіравана з «Смаўг»)

Смог або Смаўг (smaʊg[1]), у беларускім перакладзе Драк — цмок і галоўны антаганіст у толкінавым рамане 1937 року «Хобіт». Ён апісаны як «асабліва хцівы, моцны і зламысны»[2].

Згадкі ў творах

рэдагаваць

Драк быў адным з астатніх вялікіх цмокаў Міжзем’я. Пра яго стала ўпершыню вядома пасьля ягонага нападу на Дол і захопу Самотнае гары з усімі яе скарбамі. Гэта адбылося прыкладна за 150 рокаў да падзеяў «Хобіта», і да гэтага часу Смог ужо меў узрост некалькі стагодзьдзяў. У «Хобіце» вядзецца пра выправу гномаў і хобіта Більба Торбінса да Гары, каб забіць цмока і вярнуць гномам іхняе каралеўства.

За стагодзьдзі, што Драк правёў лежачы на золаце і каштоўных камянях у сваіх уладаньнях, гэтыя каштоўнасьці ўпіліся ў скуру на ягоным бруху, зрабіўшы й без таго непранікальную браню з лускі яшчэ крапчэйшаю. Аднак Більба, убачыўшы цмока ў ягоным логвішчы, угледзеў на левых грудзёх маленькі неабаронены лапік скуры. Ягоны расповед пра гэта падслухаў дрозд ды распавёў Барду Лучніку з Эсгароту. Калі Смог заатакаваў места, Бард забіў цмока трапным стрэлам у ягоную неабароненую кропку.

Сярод нарабаванага Смогам былі выяўленыя Аркенстон ды некалькі міфрылевых кальчуг, адну зь якіх Торын Дубатарч падараваў Більбу. Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў гэтая кальчуга ня раз уратоўвала Більбавага пляменьніка Фрода ад пагібелі.

«Вяртаньне караля»

рэдагаваць

У дадатку A, сэкцыі III «Вяртаньня караля» Смог згаданы як «найвялікшы з цмокаў свайго часу», які, пачуўшы пра багацьці Эрэбару, «паўстаў і без папярэджаньня напаў на караля Трора, накінуўшыся на гару ў полымі». У гэтым тэксьце сьцьвярджаецца, што цмокі жылі ў пустцы (Ссохлая Пустэча) па-за Шэрымі гарамі, «абвясьціўшы вайну гномам і рабуючы іхняе майно». Можна меркаваць, што і Смог зьявіўся адтуль.

«Няскончаныя казаньні»

рэдагаваць

У аповедзе «Паход на Эрэбар» (анг. The Quest of Erebor) Гэндальф кажа, што ён чакаў, што Смаўг можа ўяўляць сур’ёзную пагрозу, калі яго скарыстае Саўрон, які тады мешкаў у Дол Гулдуры ў Ліхалесьсі. Гэта і стала матывам удзелу Гэндальфа ў выправе Торына з кампаніяй дзеля адваёвы іхняе радзімы.

  1. ^ J. R. R. Tolkien. Appendix E – Writing and Spelling: I. Pronunciation of Words and Names // The Lord of the Rings.: «All these diphthongs were 'falling' diphthongs, that is stressed on the first element, and composed of the simple vowels run together. Thus … au (aw) as in loud, how and not laud, haw.»
  2. ^ Джон Рональд Руэл Толкін. 1. Нечаканая вечарынка // Хобіт, або вандроўка туды і назад = The Hobbit or There and Back Again. — 2002. — 264 с. — ISBN 978-985-7916-41-7

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць