Словаўтварэньне ў эспэранта
Эспэранта / граматыка / словаўтварэньне
Словаўтварэньне ў эспэранта адбываецца шляхам пераходу слова ў іншыя часьціны мовы (зьмена канчатку), словаскладаньнем і пры дапамозе афіксаў (прыставак і суфіксаў).
Зьмена канчатку
рэдагавацьЗьмяняючы канчатак слова, атрымліваем новае слова — іншую часьціну мовы:
- praktiko = практыка
- praktika = практычны
- praktike = практычна
- praktiki = практыкаваць
Не заўжды гэта магчыма, не для кожнага слова можна ўтварыць усе магчымыя часьціны мовы (напрыклад, што значыць libri = дзеяслоў ад слова «кніга», быць кнігаю). Тут трэба карыстацца здаровым глуздам.
Словаскладаньне
рэдагавацьСкладанае слова мае дзьве часткі: галоўны элемэнт, які дае агульны сэнс слову, і ўдакладняючая частка. Напрыклад, з асноўным элемэнтам ŝip (карабель) можна ўтварыць наступныя камбінацыі:
- vaporŝipo = карабель, які рухаецца ад пару, параход.
- balenŝipo = карабель, які палюе на кітоў, кітабоец.
- trenŝipo = карабель, які цягне іншыя караблі ці баржы, буксір.
- aerŝipo = карабель, які рухаецца ў паветры, паветраны карабель.
Удакладняючы і галоўны элемэнты ў сваю чаргу могуць быць складанымі словамі:
- submarŝipo = падводны карабель, субмарына.
- ŝarĝvaporŝipo = грузавы параход.
Магчыма складаць камбінацыі з розных частак мовы:
- dikfingro = вялікі палец (тоўсты палец)
- skribtablo = пісьмовы стол (стол каб пісаць)
- piediri = ісьці пешшу
- helruĝa = сьветла-чырвоны
Важнай асаблівасьцю эспэранта зьяўляецца магчымасьць ствараць камбінацыі ня толькі з каранёў, але і з афіксаў, службовых слоў, лічэбнікаў і г.д.
- jes (так) — kapjeso = ківок галавой (у знак згоды), падтакваньне.
- mil (тысяча) — jarmilo = тысяча гадоў, тысячагодзьдзе.
- per (пры дапамозе) — peri = пасярэднічаць
- sen (без), penso (думка) — senpense = бяздумна
Пры дапамозе афіксаў
рэдагавацьНевялікая частка каранёў эспэранта называецца афіксы. Афіксы ўжываюцца пры словаўтварэньні. Тыя, якія ідуць перад корнем, называюцца прэфіксы ці прыстаўкі. Тыя, якія стаяць пасьля корня, называюцца постфіксы ці суфіксы. Пералік прыставак і суфіксаў разам зь іх тлумачэньнямі і прыкладамі ўжываньня зьмешчаны на асобных старонках:
Эспэранта — аглютынатыўная мова, то бок пры словаўтварэньні складаныя словы ўтвараюцца склейваньнем каранёў, пры гэтым самі корні не зьмяняюцца. Але існуе два суфіксы, пры ўжываньні якіх частка корня адразаецца. Гэта суфіксы -ĉj- і -nj-, якія ўтвараюць памяншальную форму для мужчынскіх і жаночых слоў, імён.
- Petro = Пётар — Pecĵo = Пеценька
- patro = тата — paĉjo = татачка
- patrino = маці — panjo = маманька
- Maria = Марыя — Manjo = Маня
Гэта вельмі рэдка ўжывальныя суфіксы.
З-за вельмі частага і актыўнага ўжываньня словаскладаньня і афіксаў, часам сустракаюцца словы, якія выглядаюць, нібыта ўтвораныя пры дапамозе суфіксаў, або якія магчыма неадназначна падзяліць на складнікі.
- kolego = калега — kol’ego = вялікая шыя
- vojaĝo = падарожжа — voj’aĝo = узрост шляху
- lam’plumo = кульгавае пяро — lamp’lumo = сьвятло лямпы
Звычайна сапраўдны сэнс зразумелы з кантэкста, і вельмі рэдка магчыма памыліцца. Такія неадназначнасьці служаць добрым матар’ялам для слоўных гульняў, жартаў. Але часам яны ўскладняюць жыцьцё тым, хто пачынае вывучаць мову.