Роджэр Жалязны
Роджэр Джозэф Жалязны (па-ангельску: Roger Joseph Zelazny; 13 траўня 1937, Юклід, Агаё — 14 чэрвеня 1995, Санта Фэ, Нью Мэксыка) — амэрыканскі пісьменьнік, аўтар фэнтэзійных і фантастычных апавяданьняў і раманаў, найбольш вядомымі зь якіх ёсьць «Хронікі Амбэру». Жалязны тройчы атрымліваў прэмію «Нэб’юла» і шэсьць разоў — «Г’юга»[5].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьРоджэр Жэлязны — адзінае дзіця ў сям’і польскага імігранта Юзэфа Франка Жалязнага і амэрыканскай ірляндкі Жазэфіны Флоры Сьвіт.
Падчас навучаньня ў школе рэдагаваў мясцовую газэту, уваходзіў у Клюб крэатыўнага пісьма[6]. У 1955 паступіў у Заходні рэзэрвовы ўнівэрсытэт Кейза, які скончыў у ступені бакаляўра ў 1959[6]. Пасьля працягнуў навучаньне ў Калюмбійскім унівэрсытэце Нью-Ёрку, атрымаўшы ў 1962 року магістарскую ступень[6].
У 1962—1969 працаваў ва ўправе сацыяльнага страхаваньня ў Кліўлэндзе, пасьля ў Балтымары. У гэты час пачаў пісаць фантастычныя творы[6][7], сьпярша кароткія апавяданьні, а ў 1965 перайшоў да раманаў[6]. 1 траўня 1969 Роджэр Жалязны звольніўся, каб прафэсійна займацца літаратурай[7].
Жалязны двойчы быў жанаты: першым разам ажаніўся з Шэран Стэбэрл у 1964 (шлюб быў бязьдзетны і скончыўся разводам), а ў 1966 пабраўся зь Юдыт Аленай Калаган, зь якой мелі двух сыноў — Дэвіна і Трэнта — і дачку Шэнан. Вядома, што ў апошнія гады Роджэр і Джудзі разышліся, пісьменьнік жыў з аўтаркай Джэйн Лінскалд[8].
Сканаў Жалязны ў 58-гадовым узросьце праз ныркавую недастатковасьць, выкліканую ракам кішачніку[8].
Творчасьць
рэдагавацьПершай публікацыяй стаў урывак з апавяданьня «Ўмоўная выгада», надрукаваны ў фэнзыне ў 1953 року, праз год у часопісе «Literary Calvalcade» выйшла першае асобнае апавяданьне «Бунт м-ра Фулера»[6]. Першым творам, які прыцягнуў значную ўвагу чытачоў, стала апублікаванае ў часопісе «Fantasy & Science Fiction» апавяданьне «Ружа для Эклезіясту».
У сваіх творах Роджэр Жалязны часта надзяляў звыклы сьвет праўдападобнымі магічнымі ўласьцівасьцямі і/або звышнатуральнымі істотамі. Часта ў ягоным сучасным сьвеце сустракаюцца даўнія мітычныя пэрсанажы. І наадварот, пасярод фэнтэзійнага і фантастычнага асяродзьдзя раптам трапляліся анахранічныя артэфакты сёньняшняга дня, напрыклад, курэньне цыгарэтаў. Сутыкненьне старажытных і сучасных элемэнтаў, сюррэалістычнага і звыклага характэрныя для большасьці твораў пісьменьніка.
Таксама частымі матывамі ў творчасьці Жалязнага ёсьць неўміручасьць альбо станаўленьне людзей багамі (ці ператварэньне багоў у людзей). Заўважныя ўплывы на Роджэра Жалязнага наступных міталягічных традыцыяў:
- клясычная грэцкая міталёгія («…і заві мяне Конрад»)
- індуісцкая міталёгія («Валадар сьвятла»)
- скандынаўская міталёгія («Маска Локі»)
- эгіпецкая міталёгія («Стварэньні сьвятла і цемры»)
- кітайская міталёгія («Валадар Дэман»)
- хрысьціянская міталёгія («Ружа для Эклезіясту»)
- псыхааналіз («Валадар сноў»)
- міталёгія наваха («Вока ката»)
- Лаўкрафтавы міты Ктулху («Ноч у нудлівым кастрычніку»)
Ну а ў галоўным ягоным творы — фэнтэзійнай сэрыі «Хронікі Амбэру» — уплеценыя элемэнты скандынаўскае, японскае, ірляндзкае міталёгіі, артурыянскіх легендаў і сапраўдных гістарычных падзеяў.
Акрамя звароту да міталягічнай тэматыкі, ёсьць у творах Жалязнага яшчэ адзін часта сустраканы матыў — «адсутнасьць бацькі» (ці таго, хто яго замяняе). Гэтая тэма прысутнічае і ў «Хроніках Амбэру»: у першай палове сэрыі галоўны пратаганіст Корвін шукае свайго зьніклага богападобнага бацьку Абэрона; у другой палове, якая закручаная вакол ягонага сына Мэрліна, цяпер ужо сам Корвін таямніча зьнікае. Гэтыя ў чымсьці фройдаўскія матывы сустракаюцца ці ня ў кожным рамане Жалязнага ў той ці іншай ступені. «Дарожныя знакі», «Дзьверы ў пяску», «Падменены», «Шалёны чараўнік», «Цёмнае падарожжа»; апавяданьні «Змрочнае сьвятло», «Хросьнік», «Ключы да сьнежня»; сэрыя «Чужаземная аўтастрада» — ва ўсіх прысутнічаюць галоўныя героі, якія шукаюць ці страцілі свайго бацьку. Магчыма, падсьвядома прычынаю гэтага ёсьць сьмерць бацькі Роджэра Жалязнага, Юзэфа, у 1962 року — ён не пасьпеў застаць літаратурныя посьпехі сына[9].
У сваіх творах Роджэр Жалязны ўжыў і ўласныя веды баявых мастацтваў, а таксама залежнасьць ад табаку. Жалязны ў коледжы выдатна авалодаў шпагаю, пасьля чаго заняўся вывучэньнем розных рукапашных мастацтваў: каратэ, дзюдо, айкідо (у ім атрымаў чорны пояс), тай цзы, тэквандо, хапкідо, сінь I і па кўа. Шматлікія пэрсанажы ягоных твораў ўмела і талкова карысталіся гэтымі ўменьнямі ў змаганьнях з супернікамі. Яшчэ Жалязны быў зацятым курцом цыгарэтаў і трубак, што таксама знайшло адлюстраваньне ў пратаганістах шматлікіх твораў. Аднак калі на пачатку 1980-х рокаў аўтар кінуў курэньне, каб зьберагчы сардэчна-судзінную сыстэму дзеля заняткаў баявымі мастацтвамі, ягоныя пэрсанажы таксама перасталі курыць[7].
Узнагароды
рэдагавацьПамяць
рэдагавацьЯгоным імем названы від ракушкавых Sclerocypris zelaznyi[11]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Roger Zelazny — Summary Bibliography (анг.) Internet Speculative Fiction Database. Al von Ruff. Праверана 8 сьнежня 2014 г.
- ^ нарматыўны кантроль Бібліятэкі Кангрэсу (анг.) — Library of Congress.
- ^ Record #49233219 // Virtual International Authority File (мн.) — [Dublin, Ohio]: OCLC, 2003.
- ^ Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
- ^ а б Zelazny, Roger. The Locus Index to SF Awards: Index of Literary Nominees. Locus Publications.
- ^ а б в г д е «…And Call Me Roger»: The Literary Life of Roger Zelazny, Part 1, by Christopher S. Kovacs. In: The Collected Stories of Roger Zelazny, Volume 1: Threshold, NESFA Press, 2009.
- ^ а б в «…And Call Me Roger»: The Literary Life of Roger Zelazny, Part 3, by Christopher S. Kovacs. In: The Collected Stories of Roger Zelazny, Volume 3: This Mortal Mountain, NESFA Press, 2009.
- ^ а б в «…And Call Me Roger»: The Literary Life of Roger Zelazny, Part 6, by Christopher S. Kovacs. In: The Collected Stories of Roger Zelazny, Volume 6: The Road to Amber, NESFA Press, 2009.
- ^ «…And Call Me Roger»: The Literary Life of Roger Zelazny, Part 5, by Christopher S. Kovacs. In: The Collected Stories of Roger Zelazny, Volume 5: Nine Black Doves, NESFA Press, 2009.
- ^ Science Fiction Hall of Fame (анг.). Wayback machine. Праверана 8 сьнежня 2014 г.
- ^ Koen Martens Seven new species and two new subspecies of Sclerocypris SARS, 1924 from Africa, with new records of some other Megalocypridinids (Crustacea, Ostracoda) // Hydrobiologia. — Т. 162. — № 3. — С. 243–273. — DOI:10.1007/BF00016672
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАнгельскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |