«Раніца» (1914) — часопіс беларускай студэнцкай моладзі дэмакратычнага кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрвені 1914 г. у Санкт-Пецярбургу.

На тытульным аркушы-падзагаловак: «Думкі беларускай студэнцкай моладзі». Часопіс ставіў задачу шляхам асьветы, вывучэньня духоўных і прадукцыйных сіл Беларусі павышаць грамадзкую сьвядомасьць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэньня народу.

Увесь зьмест часопіса, за выключэньнем «Казкі аб крыльлях» Лаўрэна Будзіловіча, складаюць публіцыстычныя матэрыялы. Патас публіцыстычных выступленьняў (артыкулы К. Голскага і Л. Будзіловіча) — адлюстраваньне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненьне наблізіць яе змаганьнем.

У артыкуле Б.Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.Душэўскага актуальныя праблемы вывучэньня культуры беларускага народа — яго мовы, народнай творчасьці, мастацтва. У артыкуле «Нашы шляхі» закранутае адвечнае пытаньне пра няўважлівыя адносіны інтэлігенцыі да жыцьця народа. У аснове алегарычнага апавяданьня «Казка аб крылах» Л. Будзіловіча — ідэя неабходнасьці служэньня інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Зьмешчаны агляд культурна-грамадзкага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расеі, рэклямы пецярбурскіх і віленскіх беларускіх выданьняў.

«Раніца» імкнулася згрупаваць у розных гарадах, дзе вучыліся студэнты-беларусы, цэласныя студэнцкія арганізацыі. Аўтары невялікіх артыкулаў шукаюць адказу на надзённыя пытаньні, даюць свой погляд на задачы і патрэбы беларускай інтэлігенцыі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Семашкевіч, Р. М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатку XX ст.). — Мн., 1971.