Райт (браты)
Браты Ўілбэр (па-ангельску: Wilbur Wright, 1867—1912) і Орвіл Райты (па-ангельску: Orville Wright, 1871—1948) — амэрыканскія вынаходнікі-авіяканструктары.
Ўілбэр Райт нарадзіўся 16 красавіка 1867 каля Ньюкасла ў Індыяне. Орвіл Райт нарадзіўся 19 жніўня 1871 у Дэйтане, Агаё. Іх бацька быў біскупам, таму сям’і прыходзілася часта мяняць месца жыхарства, пакуль у 1884 г. яны не пасяліліся ў Дэйтане.
Навучаньне ў школе ніколі не было для братоў надта важным, а вышэйшай адукацыі яны так і не атрымалі. У школе пачалі рабіць паветраных зьмеяў, якіх прадавалі. У 1892 г.[1] адчынілі краму па продажы ровараў, затым рамонтную майстэрню, а ў 1895 г. запусьцілі ўласную вытворчасьць ровараў. У 1900 г. пачалі экспэрымэнтаваць з сваім першым плянэрам у Кіці-Хоўк, а ў 1901 выпрабавалі другі плянэр. У 1902 г. пачалі ствараць першы маторны аэраплян, рухавік для якога сабралі самі (маса — 77 кг, хуткасьць кручэньня вала — 1200 аб/хв, магутнасьць 12 к.с.).
17 сьнежня 1903 зьдзейсьнілі першы ў гісторыі пілятаваны палёт на маторным аэрапляне «Флаер-1». Далечыня першага палёту (пілётам быў Орвіл Райт) была роўная 37 мэтраў. Апарат прабыў у паветры 12 сэкундаў. У той жа дзень ужо Ўілбер Райт пратрымаўся ў паветры 59 сэкундаў і пераадолеў 260 мэтраў.[2]
У наступныя два гады браты працягвалі ўдасканальваць канструкцыю аэрапляну і зьдзейсьнілі больш за 200 палётаў. 22 траўня 1906 г. атрымалі патэнт на сваю вынаходку. А ў 1909 г. заснавалі кампанію «Райт», якая вырабляла самалёты і навучала пілётаў.
Ўілбер Райт памёр ад брушнога тыфу 30 траўня 1912 г. у Дэйтане. Орвіл Райт памёр 30 студзеня 1948 г. у Дэйтане. Пасьля ягонае сьмерці першы маторны аэраплян «Флаер-1» паступіў у якасьці экспанату ў Смітсанаўскі інстытут у Вашынгтоне.