Публічная дыпляматыя

У сфэры міжнародных адносінаў паняцьце публі́чная дыпляма́тыя азначае замежную палітыку дзяржавы, адрасаваную да насельніцтва іншых краінаў; комплекс мер, накіраваных на вывучэньне й інфармаваньне замежнай аўдыторыі, а таксама на ўсталяваньне кантактаў[1].

Гэтая палітыка рэалізуецца празь інфармацыйную працу, працу зь недзяржаўнымі арганізацыямі, непасрэдныя людзкія кантакты.

Упершыню тэрмін быў ужыты ў 1965 годзе ў працах Эдмунда Галіёна. Тэрмін характарызаваў інфармацыйную палітыку ЗША падчас Халоднай вайны. Новы стымул для разьвіцьця публічная дыпляматыя атрымала ў сувязі зь неабходнасьцю ЗША «заваяваць сэрцы і розум» мусульманскага насельніцтва пасьля трагедыі 11 верасьня 2001 году.

Аналізуючы посьпехі й недахопы публічнай палітыкі ЗША пасьля 2001 году, дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што геапалітычныя працэсы ў сьвеце, а таксама ўзьнікненьне і разьвіцьцё новых інфармацыйных тэхналёгіяў, сталі перадумовай фармаваньня Новай публічнай дыпляматыі[2], якая абапіраецца ня столькі на інфармаваньне замежнай публікі, колькі на сталую супрацу з грамадзянскай супольнасьцю іншых краінаў праз НДА і непасрэдныя кантакты з насельніцтвам.

Інструмэнты публічнай дыпляматыі

рэдагаваць

Інструмэнты публічнай дыпляматыі на сучасным этапе актыўна выкарыстоўваюцца ня толькі дзяржавамі. Міжнародныя інстытуты (інтэграцыйныя структуры, міжнародныя арґанізацыі) таксама зьвяртаюцца да публічнай дыпляматыі, так як праблема ўзаемадзеяньня з таварыствамі ў сучаснай сусьветнай палітыцы стаіць і перад імі. Аднак дадзенае пытаньне шмат у чым у навуковай і практыка-арыентаванай літаратуры застаецца слаба распрацаванай[3]. Сярод інтэграцыйных структур сучаснасьці самым актыўным гульцом у сфэры публічнай дыпляматыі чакана зьяўляецца Эўрапейскі Зьвяз[4], тады як зь міжнародных ваенна-палітычных арґанізацыяў энэргічней за ўсё «мяккі» ўплыў спрабуе праецыраваць НАТА[5].