Птэразаўры — атрад вымерлых паўзуноў кляды архазаўраў. Узьніклі ў позьнім трыясе, зьніклі падчас крэйдава-палеагенавага выміраньня. Птэразаўры лічацца першымі хрыбетнымі жывёламі, якія разьвілі здольнасьці да палёту. Да іх ліку ўваходзяць найвялікшыя істоты ў гісторыі Зямлі, што маглі лётаць (квэцалькаатль, гатцэгаптэрыкс)[1][2]. У масавай культуры звычайна апісваюцца як крылатыя дыназаўры, але насамрэч зьяўляюцца толькі сястрынскім таксонам апошніх у межах кляды арнітадыраў.

Птэразаўры
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
КлясаПаўзуны
АтрадПтэразаўры
Бінамінальная намэнклятура
Pterosauria

Марфалёгія

рэдагаваць
 
Будова крылаў птэразаўраў

Крылы птэразаўраў уяўлялі сабой мэмбрану са скуры ды цягліцаў, якая падтрымлівалася доўгім чацьвёртым пальцам.[3] Большасьць прадстаўнікоў атраду мела доўгія сківіцы з вострымі аднастайнымі зубамі. У буйных позьніх формаў (птэранадонт) зубы зьніклі. Шэраг птэразаўраў валодаў грабянямі на галаве, якія маглі мець апазнавальную фунцкцыю або быць прыкметай плоцевага дымарфізму. Размах крылаў птэразаўраў вагаўся ад 25 сантымэтраў[4] да 12 мэтраў.[5]

Гісторыя вывучэньня

рэдагаваць
 
Галятып птэрадактыля, апісаны Каліні і Кюўе

Першыя рэшткі птэразаўраў (адбітак на камені з баварскіх сланцаў) былі апісаныя Каліні ў 1784 годзе. Натураліст назваў знаходку «невядомай марской жывёлай». Толькі ў 1801 годзе Жорж Кюўе прыйшоў да высновы на конт паветранага ладу жыцьця вымерлай жывёлы, якую назваў птэрадактылем.[6] Тым ня менш, у першай траціне ХІХ стагодзьдзя ўяўленьне пра птэразаўраў як пра водных жывёлаў мела шырокі распаўсюджаньне.[7] Атрад Pterosauria быў выдзелены ў 1834 годзе Каўпам.

Біялёгія

рэдагаваць

Першыя птэразаўры мелі невялікія памеры і харчаваліся пераважна суставаногімі. Цягам канца юры — пачатку крэйды прадстаўнікі атраду трансфармаваліся з прадстаўнікоў біёты лясоў у жывёлаў, трафічна зьвязаных з морам. Магчыма, гэта было зьвязана з узьнікненьнем птушак. У канцы крэйды сярод птэразаўраў захаваліся толькі буйныя формы (птэранадонт, квэцалькаатль). Самі ж яны зьяўляліся здабычай тэраподаў і марскіх паўзуноў. Традыцыйна лічыцца, што птэразаўры не былі здольнымі вольна рухацца па зямлі, а толькі павольна перамяшчацца з апорай на крылы, але меркаваныя знаходкі сьлядоў даюць падставу падвергнуць гэта сумневу.

 
Рэканструкцыя перамяшчэньня квэцалькаатляў па зямлі

Для птэразаўраў не выключаюцца наяўнасьць цеплакроўнасьці, жыванароджаньня й гадоўлі маладых асобнікаў. Віды, якія займалі экалягічную нішу сучасных марскіх птушак, маглі падобным чынам ўтвараць калёніі на прыбярэжных скалах.

Клясыфікацыя

рэдагаваць

У цяперашні час апісана 205 радоў птэразаўраў. Яны падзяляюцца на дзьве асноўныя групы — даўгахвостых вусякажэрных рамфарынхаў, памеры якіх не перавышалі 1,5 мэтру (раньняя — позьняя юра) і караткахвостых грабяністых птэрадактыляў. Асобна стаяць позьнетрыясавыя формы, якія паводле выгляду й ладу жыцьця бліжэй да рамфарынхаў.

  1. ^ Lawson DA (March 1975). "Pterosaur from the Latest Cretaceous of West Texas: Discovery of the Largest Flying Creature". Science 187 (4180): 947–948. doi:10.1126/science.187.4180.947. PMID 17745279.
  2. ^ Bufetaut E, Grigorescu D, Csiki Z (April 2002). "A new giant pterosaur with a robust skull from the latest cretaceous of Romania". Naturwissenschaften 89 (4): 180–4. doi:10.1007/s00114-002-0307-1. PMID 12061403.
  3. ^ Elgin RA, Hone DWE, Frey E (2011). "The Extent of the Pterosaur Flight Membrane". Acta Palaeontolocia Polonica 56 (1): 99–111. doi:10.4202/app.2009.0145.
  4. ^ Wang, X.; Kellner, A.W.A.; Zhou, Z.; Campos, D.A. (2008). "Discovery of a rare arboreal forest-dwelling flying reptile (Pterosauria, Pterodactyloidea) from China". Proceedings of the National Academy of Sciences 106 (6): 1983–1987. doi:10.1073/pnas.0707728105. PMC 2538868. PMID 18268340.
  5. ^ Witton, Mark P.; Martill, David M.; Loveridge, Robert F. (2010). "Clipping the Wings of Giant Pterosaurs: Comments on Wingspan Estimations and Diversity". Acta Geoscientica Sinica 31: 79–81.
  6. ^ Cuvier G (1801). "[Reptile volant]. In: Extrait d'un ouvrage sur les espèces de quadrupèdes dont on a trouvé les ossemens dans l'intérieur de la terre". Journal de Physique, de Chimie et d'Histoire Naturelle 52: 253–267.
  7. ^ Wagler, J. (1830). Natürliches System der Amphibien Munich, 1830: 1–354.