Псалтыр (Скарына)

(Перанакіравана з «Псалтыр (Скарына, 1517)»)

ПсалтырПесни царя Давида еже словуть Псалтыръ») — першае праскае выданьне Скарыны, выдадзенае 6 жніўня 1517 году.

Псалтыр
Скарына. «Псалтыр», 6 жніўня 1517 г. (Аркуш 5). Гравюра, зь якой пачынаецца тэкст «Псалтыра».
Аўтар: Францішак Скарына
Мова арыгіналу: беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1]
Публікацыя: 1517
Колькасьць старонак: 142 аркушы
Папярэдні твор: няма
Наступны твор: Кніга Ёва (Скарына)

Падставы выданьня

рэдагаваць

Той факт, што Скарына выдаў першай менавіта гэтую кнігу, можа тлумачыцца тым, што з даўніх часоў усходнеславянскія народы выкарыстоўвалі гэты тэкст для навучаньня грамаце, а праваслаўная царква — для богаслужэньня. Першыя ўсходне-славянскія пераклады Псалтыра адносяцца да XI стагодзьдзя.

Зьмест кнігі

рэдагаваць
 
Гравюра «Цар Давід» на тытульным аркушы
 
Гравюра «Генэалягічнае дрэва Ісуса» на адвароце тытульнага аркуша

На тытульным аркушы зьмешчана гравюра Цар Давід і пашыраная назва кнігі, а на адвароце — гравюра Генэалягічнае дрэва Ісуса. З другога па чацьверты аркуш знаходзіцца прадмова, у якой выдаўца знаёміць чытачоў з прызначэньнем і прыёмамі выданьня. Адна з крыніц прадмовы — «Беседы Василия Великого на первую часть первого псалма». Скарына падкрэсьлівае важнасьць кнігі Псалтыр, які «детем малым початок всякое доброк наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Асьветнік падкрэсьлівае навучальны характар гэтай кнігі: «Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполной Бивлии, Псалтыру, чти ее». У прадмове Скарына раскрывае прыёмы выданьня, апісваючы сыстэму спасылак і глосы на палях, якія павінны былі растлумачыць чытачам незнаёмыя словы: «… положил есми на боцех некоторыи слова для людей простых… руским языком, что которое слово знаменуеть». На аркушах з 5 да 129-ы зьмешчаны тэкст 150 разьдзелаў кнігі, на аркушах з 130 да 142-м — выбраныя песьні Майсеевы.

Друкарскія асаблівасьці выданьня

рэдагаваць
 
Літара П

Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 142 аркушаў, якія сабраны ў 17 сшыткаў. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя зьмешчана на верхнім баку аркуша ўнізе справа. На 38-м аркушы — памылка фаліяцыі: замест 38 стаіць 30.

Выданьне ўпрыгожана трымя ілюстрацыямі (гравюра «Цар Давід» — на тытульным лісьце, паўторана на спускавой паласе). Застаўка адзначана друкарскім знакам Скарыны, другая застаўка папярэднічае «Песьням Майсеевым». Ініцыялы, агульнай колькасьцю 165 адбіткаў, зьмешчаны ў пачатку псальмаў і прадмоў.

Гісторыя вывучэньня

рэдагаваць

Упершыню Псальмы сталі вядомыя ў 1776 годзе, калі пецярбурскі кнігагандляр І. Волак набыў канвалют, у якім было 6 праскіх выданьняў Скарыны і ўрывак з кнігі Псальмаў. У тым жа годзе ў навуковы ўжытак увёў кнігу Бакмейсьцер, аднак паведамленьне апошняга засталося амаль незаўважаным, а канвалют у выніку быў згублены. У 1860-ых гадах Хлудаў набыў на Ніжагародзкім кірмашы добразахаваны асобнік (у ім не было толькі першага і 130 аркуша), а А. Я. Віктараў у 1867 годзе ўвёў яго ў навуковы ўжытак. Гэты асобнік знаходзіўся ў бібліятэцы маскоўскага Мікольскага адзінаверчаскага манастыра, цяпер у Дзяржаўным гістарычным музэі. Другі вядомы асобнік у 1904 годзе быў набыты пецярбурскай Публічнай бібліятэкай, цяпер знаходзіцца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы. Таксама апісаны шэраг рукапісных копій Псалтыра, зробленых у 16-17 ст.

  1. ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210

Літаратура

рэдагаваць