Прынц Касьпіян

Кніга Клайва Стэйплза Льюіса

«Прынц Ка́сьпіян» (па-ангельску: Prince Caspian, першая публікацыя пад назовам «Прынц Касьпіян: Вярта́ньне ў На́рнію» анг. Prince Caspian: The Return to Narnia) — эпічны фэнтэзійны дзіцячы раман Клайва Стэйплза Льюіса, другі паводле парадку выданьня (1951), але чацьверты паводле храналёгіі падзеяў у сэрыі «Хронікі Нарніі». Льюіс скончыў напісаньне кнігі ў 1949, яшчэ нават да публікацыі першай часткі сэрыі[1].

Прынц Касьпіян
Prince Caspian
Жанр: дзіцячы фэнтэзійны раман, хрысьціянская літаратура
Аўтар: Клайв Стэйплз Льюіс
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 15 кастрычніка 1951
Асобнае выданьне: 15 кастрычніка 1951
Выдавецтва: Geoffrey Bles
Сэрыя: Хронікі Нарніі
Колькасьць старонак: 195
Ілюстратар: Паўліна Бэйнз
Носьбіт: папера (цьвёрдая вокладка)
Папярэдні твор: Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа
Наступны твор: Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету
ISBN: 978-0-00-671679-2

У «Прынцы Касьпіяне» чацьвёра дзяцей Пэвэнсі «вяртаюцца ў Нарнію». З моманту падзеяў першай часткі у Ангельшчыне мінуў год, але ў Нарніі праляцелі 1300 гадоў. Гэта адзіная кніга Хронікаў, дзе Нарніяй валодаюць людзі, а жывёлы і мітычныя істоты прыгнечваныя і нават пад рызыкай вынішчэньня. З гэтае прычыны прынц Касьпіян, які знаходзіцца ва ўцёках, выклікае дзяцей Пэвэнсі, якія паводле легенды мусяць стаць каралямі і каралевамі Нарніі.

У 2008 року паводле кнігі быў зьняты мастацкі фільм «Хронікі Нарніі: Прынц Касьпіян».

Стоячы на чыгуначнай плятформе ў чаканьні цягніка, Пітэр, Сьюзэн, Эдмунд і Люсі Пэвэнсі чароўным чынам пераносяцца на пляж ля старога зруйнаванага замку. Яны пазнаюць у руінах Кэр-Параваль, у якім яны калісьці каралявалі Нарніяй, і знаходзяць сховішча, дзе захаваліся шчыт і меч Пітэра, лук і стрэлы Сьюзэна, бутэльку магічнага напою і клінок Люсі. Адсутнічае толькі ражок Сьюзэн, які яна пакінула ў ангельскім лесе пасьля першага наведваньня Нарніі. У той час як з момант іхняга першага візыту ў Ангельшчыне мінуў год, у Нарніі прайшлі шмат стагодзьдзяў.

У гэты ж дзень дзеці выратоўваюць гнома Трампкіна з рук жаўнераў, якія прыйшлі да руінаў яго ўтапіць. Трампкін тлумачыць сям’і Пэвэнсі, што з часу іхняга зьнікненьня ў Нарнію ўварваліся людзі расы тэльмар, выціснулі гаворачых жывёлаў у лясы і нават намагаюцца пазбавіць іх памяці. Уладу ў Нарніі захапіў цар Міраз з жонкай Прунапрызьміяй, аднак законны кароль — малады пляменьнік Міраза прынц Касьпіян, якога падтрымліваюць прыгнечваныя нарнійцы. Каб узурпаваць сталец, цар Міраз забіў свайго брата Касьпіяна IX, але тым ня меней прызнаваў сваім спадкаемцам ягонага сына Касьпіяна X, пакуль не нарадзіўся Міразаў сын. Пляменьнік, даведаўшыся пра злачынствы цара, уцякае з замку з дапамогай свайго настаўніка доктара Карнэліюса, які выхоўваў яго ў духу старой Нарніі, перад разьвітаньнем атрымліваючы ад яго рог каралевы Сьюзэн. Касьпіян хаваецца ў лясох, дзе падае з каня і губляе прытомнасьць. Ачуньвае ён у бярлогу гаворачага барсука Труфлялова і гномаў Нікабрыка і Трампкіна, якія прызнаюць Касьпіяна каралём.

Барсук і гномы знаёмяць Касьпіяна з мноствам іншых ляяльных жывёлаў. Апоўначы ўсе зьбіраюцца на раду на Танцавальным поплаве. Зьяўляецца доктар Карнэліюс зь весткай пра набліжэньне цара Міраза з войскам; ён раіць адыходзіць да Асланавага пагорку ў пушчы ля Кэр-Паравалю. Тэльмарыны перасьледуюць іх, нарнійцы атрымліваюць паразу за паразай і перад непазьбежным канцом прымаюць рашэньне скарыстацца рогам каралевы Сьюзэн дзеля выкліку Аслана ці каралёў залатой эпохі. Ня ведаючы, куды прыйдзе дапамога, яны накіроўваюць вавёрку Сакацінку да Ліхтарні, а Трампкіна ў Кэр-Параваль, дзе яго і выратоўваюць дзеці.

Трампкін і Пэвэнсі сьпяшаюцца да Касьпіяна на дапамогу. Каб скараціць шлях, яны выпраўляюцца ўздоўж Шкляной плыні, аднак заблукваюць. Люсі сустракае Аслана і прапануе прытрымлівацца ягоных загадаў, аднак іншыя дзеці ёй ня вераць і працягваюць маршрут, які становацца надзвычай цяжкім. Уночы Аслан кліча Люсі, загадвае ёй абудзіць астатніх і пераканаць іх пайсьці па прапанаваным Асланам шляху. Урэшце дзеці падпарадкоўваюцца і па дарозе пачынаюць бачыць сьпярша цень, а пасьля й самога Аслана. Леў высылае Пітэра, Эдмунда і Трампкіна да Асланавага пагорку, каб перашкодзіць плянаванай там здрадзе, а сам суправаждае Сьюзэн і Люсі.

Пітэр, Эдмунд і Трампкін падслухоўваюць на Асланавым пагорку, як Нікабрык з супольнікамі Хэгам і Вэр-Вольфам спрабуюць пераканаць Касьпіяна, Карнэліюса і Труфлялова дапамагчы ўваскрасіць Белую Вядзьмарку, каб яна дапамагла адолець Міраза. Успыхвае бойка, у якой Нікабрыка зь сябрамі забіваюць.

Пітэр выклікае Міраза на двубой: хто пераможа, той і будзе лічыцца пераможцам у вайне. Міраз, хоць і мае колькасную перавагу войска, пагаджаецца на дуэль, падбухторваны сваімі падначаленымі Глёзэлем і Гапэсьпіянам. У зацятай бойцы Міраз прайграе. Глёзэль і Сапэсьпіян з крыкамі пра несумленныя паводзіны Пітэра кідаюць войска ў атаку, а скарыстаўшыся сумятнёй, Глёзэль утыкае ў сьпіну Міразу нож. Тым часам Аслан прызывае багоў Бахуса і Сыленуса, з дапамогай якіх ажыўляе лес. Богі і абуджаныя дрэвы вызваляюць некаторых вязьняў тэльмарынаў, а пасьля дапамагаюць пераламіць хаду бітвы і змушаюць захопнікаў уцякаць. Адзіны мост для пераходу празь Вялікую раку зруйнаваны Бахусам, і тэльмарыны вымушаныя здацца.

Аслан дае ім магчымасьць застацца ў Нарніі пад валадарствам Касьпіяна альбо вярнуцца дадому, на Зямлю. Праз магічныя дзьверы, адчыненыя Асланам, вяртаюцца і Пэвэнсі, прычым Пітэр і Сьюзэн паведамляюць малодшым, што яны ўжо надта дарослыя, каб яшчэ-кольвек вярнуцца ў Нарнію. Усе дзеці апынаюцца на плятформе ў момант падыходу іхняга цягніка.

Пэрсанажы

рэдагаваць
  • Люсі Пэвэнсі, наймалодшая з чатырох дзяцей, першая, хто здольная ўбачыць Аслана.
  • Эдмунд Пэвэнсі — трэцяе дзіця ў сям’і. У адрозьненьне ад іншых сыблінгаў, ён верыць, што Люсі сустрэла Аслана.
  • Пітэр Пэвэнсі, найстарэйшы з Пэвэнсі, Вярхоўны кароль Нарніі.
  • Сьюзэн Пэвэнсі — другая пасьля Пітэра па ўзросьце. Выкарыстоўвае лук і стрэлы.
  • Прынц Касьпіян, правамоцны кароль тэльмарынаў, становіцца каралём Нарніі. Ён жа зьяўляецца ў дзвьюх наступных кнігах сэрыі: «Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету» і «Срэбраны фатэль», — а таксама ненадоўга зьяўляецца напрыканцы «Апошняе бітвы».
  • Аслан, Вялікі леў, стваральнік Нарніі.
  • Міраз, дзядзя Касьпіяна, узурпатар стальцу. Пасьля нараджэньня свайго сына вырашае забіць афіцыйнага пераемніка, уласнага пляменьніка Касьпіяна. Гіне ад рукі здрайцы пасьля дуэлі зь Пітэрам.
  • Трампкін, чырвоны гном, выратаваны ад сьмерці дзецьмі Пэвэнсі. Напачатку ня верыць у існаваньне Аслана і старажытных каралёў і каралеваў, пасьля дапамагае Касьпіяну адолець Міраза.
  • Доктар Карнэліюс, паўгном і паўчалавек, рэпэтытар Касьпіяна і памочнік у барацьбе супраць тэльмарынаў.
  • Рыпічып, гаворачая мыш (паходзіць ад негаворачых мышэй, якія вызвалілі Аслана ад путы ў папярэдняй кнізе, за што атрымалі дар маўленьня), неўляклівы шпажнік і адданы прыхільнік Аслана і Касьпіяна.
  • Нікабрык, чорны гном касьпіянавага войска. Разам з Хэгам і Вэр-Вольфам задумляе ажывіць з дапамогай чорнай магіі Белую Вядзьмарку, каб ужыць яе супраць тэльмарынаў, але ўсіх трох забіваюць Касьпіян з хаўрусьнікамі.
  • Труфлялоў, гаворачы барсук, адданы Аслану і старой Нарніі, і дапамагае ў гэтым Касьпіяну.
  • Бахус і Сыленус, лясныя богі (запазычаныя са Старажытнай Грэцыі).
  • Царыца Прунапрызьмія, Міразава жонка.
  • Сапэсьпіян і Глёзэль, лёрды тэльмараў. Абражаныя Міразам, яны падбухторваюць яго прыняць Пітэраў выклік, пасьля ягонай паразы наракаюць на несумленную бойку і ў сумятні забіваюць Міраза.

Асноўнымі ідэямі раману ёсьць адвага, шляхетнасьці і, як Льюіс сам пісаў у лісьце да аднае амэрыканскае дзяўчынкі, «узнаўленьне сапраўднай рэлігіі пасьля скажэньня»[2].

Захоп тэльмарыйцамі Нарніі, адлюстраваны ў кнізе, шмат у чым пераклікаецца з заваёвай Ангельшчыны нарманамі. Хоць у разьвіцьці падзеяў больш ніякіх паралеляў з ангельскай гісторыяй няма, канчатковы вынік — «старыя нарнійцы» і тэльмарыны становяцца адным народам і жывуць разам у гармоніі — падобны да працэсу зьліцьця саксонцаў і нарманаў у адзіны ангельскі этнас.

Адаптацыі

рэдагаваць

BBC зьняла па кнізе дзьве сэрыі тэлесэрыялу 1989 року «Хронікі Нарніі».

У 2008 року на экраны выйшаў фільм кінастудыяў Walt Disney Pictures і Walden Media «Хронікі Нарніі: Прынц Касьпіян».

  1. ^ Roger Lancelyn Green & Walter Hooper. C. S. Lewis: A Biography, 2002, p. 309.
  2. ^ Walter Hooper, ed. The Collected Letters of C. S. Lewis, Volume III, p. 1245.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
Хронікі Нарніі Клайва Стэйплза Льюіса
Пляменьнік чарадзея
(1955)
Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа
(1950)
Конь і ягоны хлопчык
(1954)
Прынц Касьпіян
(1951)
Заваёўнік зары, або Плаваньне на край сусьвету (1952) Срэбраны фатэль
(1953)
Апошняя бітва
(1956)
Пэрсанажы Аслан · Пітэр · Сьюзэн · Эдмунд · Люсі · Юстас · Джыл · Дыгары · Польлі · Касьпіян · Рыліян · Шаста · Белая Вядзьмарка · Міраз · Хмур
Сьвет Нарнія · Насельнікі Нарніі · Дзяржава Нарнія · Арляндыя · Тархістан · Самотныя Астравы · Тэльмар · Кэр-Параваль · Бяруна · Анвард · Чарн · Лес-між-сьветамі · Паграхан · Раўніна Ліхтарнага слупа
Прадметы Пярсьцёнкі · Адзежная шафа · Ліхтарны слуп · Рог Сьюзэн
Фільмы Walden Media Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (2005) · Прынц Касьпіян (2008) · Заваёўнік Зары (2010)
Сэрыял Бі-бі-сі Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1988) · Прынц Касьпіян і Плаваньне на «Заваёўніку Зары» (1989) · Срэбраны фатэль (1990)
Іншыя экранізацыі Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа (1967) · м/ф «Леў, Вядзьмарка і Адзежная шафа»
Кампутарныя гульні The Chronicles of Narnia: The Lion, the Witch and the Wardrobe · The Chronicles of Narnia: Prince Caspian · The Chronicles of Narnia: The Voyage of the Dawn Treader