Паўстаньне Пугачова

Паўстаньне Пугачова 1773—1775 году — паўстаньне яіцкіх казакаў, якое перарасло ў вайну казакаў, сялянаў і народаў Уралу і Паволжа супраць ураду расейскай імпэратаркі Кацярыны II. Паўстаньне кіравалася Емяльянам Пугачовым, які аб’явіў сябе Пётрам III, які раней быў зрынуты Кацярынай са стальцу. Паўстаньне праходзіла на тле вайны Расеі з Асманскай імпэрыяй. Пасьля першапачатковага посьпеху, Пугачоў прыняў на сябе кіраўніцтва альтэрнатыўнага ўраду і абвесьціў канец прыгоннага права.

Паўстаньне Пугачова
Карціна Васіля Перова «Суд Пугачова», 1875 год
Дата: 28 верасьня [ст. ст. 17 верасьня] 1773 — сярэдзіна 1775
Месца: Арэнбурская губэрня, Урал, Прыкам’е, Башкартастан, Паволжа
Вынік: Здушэньне паўстаньня. Эканамічныя саступкі яіцкім казакам. Яік быў перайменаваны ва Ўрал.
Супернікі
Яіцкія казакі
Сяляне
Башкіры
Татары
Чувашы
Марыйцы
Мішары
Мардва
Казахі
Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Емяльян Пугачоў
Андрэй Аўчыньнікаў
Іван Зарубін
Кінзя Арсланаў
Іван Гразноў
Іван Белабародаў
Хлапуша
Салават Юлаеў
Юлай Азналін
Канзафар Усаеў
Васіль Кар
Аляксандар Бібікаў
Фёдар Шчарбатаў
Пётар Панін
Іван Міхэльсон
Пётар Галіцын
Павал Мансураў
Аляксандар Сувораў

Мяцежнікі здолелі кансалідаваць у сваю падтрымку розныя групы насельніцтва, у тым ліку сялянаў, казакаў і старавераў. У нейкі момант улада паўстанцаў зацьвердзілася над большай часткай тэрыторыі паміж Волгай і Ўралам. Адной з найбольш значных падзеяў паўстаньня была Казанская бітва ў ліпені 1774 году.

Урадавыя войскі ня здолелі спачатку эфэктыўна адрэагаваць на паўстаньне, збольшага з-за тэхнічных цяжкасьцяў і няздольнасьці ацаніць маштаб паўстаньня. Тым ня менш, паўстаньне было задушана да канца 1774 году генэралам Іванам Міхэльсонам ля Царыцыну. Пугачоў быў неўзабаве схоплены і пакараны ў Маскве ў студзені 1775 году. Далейшыя рэпрэсіі супраць мяцежных рэгіёнаў былі праведзеныя генэралам Пётрам Паніным.

Падзеі спарадзілі шмат легендаў, а таксама знайшлі адбітак у літаратуры. Найбольш вядомым творам, які грунтуецца на паўстаньні зьяўляецца гістарычны раман Аляксандра Пушкіна «Капітанская дачка» (1836). На сёньня паўстаньне 1773—1775 гадоў лічыцца самым буйным сялянскім бунтам у гісторыі Расеі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць