Пачатак і аднаўленьне гульні (футбол)

Правіла 8 футбольных правілаў вызначае, як робіцца пачатковы ўдар і розыгрыш «спрэчнага мяча».

Жараб’ёўка

рэдагаваць

Перад пачаткам матчу праводзiцца жараб’ёўка (напрыклад, падкіданьне манэты). Каманда, якая выйграла жараб’ёўку, вызначае, у якую браму яна будзе гуляць у першым тайме, другая выконвае пачатковы ўдар. У наступным тайме каманды мяняюцца брамамі, і каманда, якая выбірала браму, выконвае пачатковы ўдар.

Пачатковы ўдар

рэдагаваць

Пачатковы ўдар выконваецца:

  • у пачатку любога тайму, асноўнага або дадатковага
  • пасьля забітага голу той камандай, у чыю браму быў забіты гол

Каманды займаюць месцы на сваёй палове поля, пры гэтым каманда, якая не выконвае першы ўдар — за межамі цэнтральнага круга. Мяч нерухома ляжыць у цэнтры поля. Па сыгнале судзьдзі гулец б’е па мячы наперад, і гульня пачынаецца. Пры гэтым той, хто ўдарыў ня можа дакранацца да мяча, пакуль яго не кране іншы гулец.

За паўторны дотык супернікам падаецца вольны ўдар. За астатнія парушэньні пачатковы ўдар перайграецца.

Спрэчны мяч

рэдагаваць

Пры прыпынку, не прадугледжаным правіламі, (лопнуўшы мяч, заўзятар, які выйшаў на поле й г. д.) разгульваецца спрэчны мяч. Для гэтага судзьдзя ўкідае мяч у тым месцы, дзе ён знаходзіўся ў момант прыпынку. Гульня аднаўляецца, калі мяч падае на зямлю. Калі хтосьці ўдарае па мячы да таго, як мяч зваліўся, спрэчны мяч перайграецца. Перайграецца ён і ў тым выпадку, калі мяч выходзіць за межы поля, але ні адзін гулец яго не крануў. Калі прыпынак адбыўся на брамавай пляцоўцы, спрэчны мяч разгульваецца на пярэдняй лініі пляцоўкі, у пункце, найбліжэйшым да месца прыпынку.

Мяч у брамавай пляцоўцы

рэдагаваць

Таксама правіла 8 апісвае дзьве сытуацыі, не зьвязаныя з пачатковым ударам і «спрэчным мячом».

Штрафны або вольны ўдар, які разыгрываецца ў сваёй брамавай пляцоўцы, можа разгульвацца зь любой яе кропкі. Вольны ўдар, які разыгрываецца з брамавай пляцоўкі праціўніка, разгульваецца зь яе пярэдняй лініі, з пункту, найбліжэйшага да месца парушэньня.