Падвойнае забойства Крыса Бэнуа і суіцыд

25 чэрвеня 2007 году, каля 14 гадзін 30 хвілін, прафэсійны рэстлер Крыс Бэнуа, яго жонка Нэнсі, а таксама іх сямігадовы сын Даніэль выяўленыя мёртвымі ў іх уласнай хаце ў горадзе Файэтвілі, штат Джорджыя. Паліцыя правярала хату Бэнуа ў сувязі з пропускам ім некалькіх прадстаўленьняў, на якія ён быў заяўлены. 14 лютага 2008 году дэпартамэнт шэрыфа акругі спыніў расьсьледаваньне, зрабіўшы выснову пра тое, што Бэнуа забіў жонку і сына, пасьля чаго пакончыў з сабой.

Бэнуа забіў жонку ў пятніцу, 22 чэрвеня. Яе цела было знойдзена ў пакоі наверсе загорнутым у ручнік і са зьвязанымі канцавінамі. Побач зь целам ляжала Біблія. Даніэль быў задушаны ў сваёй спальні. Побач зь целам таксама пакінутая Біблія. Сам Бэнуа пасьля зьдзяйсьненьня забойстваў павесіўся.

Сьцьвярджэньне пра сьмерць Нэнсі Бэнуа зьявілася ў артыкуле пра Бэнуа за 14 гадзін да таго, як паліцыя выявіла целы ўдзельнікаў сям’і рэстлера. Неўсталяваны карыстач Сеткі напісаў, што ў апошніх матчах Бэнуа быў заменены на Джоні Нітра, паколькі ня мог удзельнічаць у шоў па асабістых чыньніках, у асноўным у сувязі са сьмерцю жонкі. Паводле зьвестак паліцыі, унеслы зьмены карыстач працаваў за кампутарам, разьмешчаным у горадзе Стэмфард штата Канэктыкут, дзе разьмешчаная штаб-кватэра Сусьветнай асацыяцыі рэстлінгу WWE.