Хвіліна
Хвілі́на (ці міну́та) — гэта:
- Адзінка вымярэньня часу, роўная 60-й частцы гадзіны ці 60 сэкундаў.
- Адзінка вымярэньня велічыні вугла, роўная 60-й частцы градуса.
- Адзінка вымярэньня велічыні простага ўзыходжаньня, роўная 60-й частцы гадзіны простага ўзыходжаньня.
Мінута
рэдагавацьСловы хвіліна і мінута — раўнапраўныя ў беларускай мове ў значэньні 60-й часткі гадзіны ці 60 сэкундаў.
Мінута — назоўнік лацінскага паходжаньня, у даслоўным перакладзе — «маленькая, дробная». У сярэднявечнай лаціне было спалучэньне pars minūta prima «першая малая частка (гадзіны)». У старабеларускай мове минута ўжывалася ня толькі ў часавым сэнсе, але й на абазначэньне кароткай выпіскі, копіі. Да прыкладу, у тэксьце 1495 году чытаем: минуту, выписаную съ тыхъ книгъ, передъ нами вказывали. Для народнай беларускай мовы 19 – 20 стагодзьдзяў мінута й яе фанэтычны варыянт мінюта характэрныя ўжо толькі ў часавым значэньні. Сорак мінют прайшло, а яе няма, — гэты зэльвенскі сказ з «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча».
Слова мінута мае шматвяковую традыцыю ўжываньня ў нашай мове. У нас яно, дарэчы, зьявілася на пару стагодзьдзяў раней, чымся ў расейскай мове. Тым ня менш часта ў літаратурным маўленьні мы сьвядома дыстанцыюемся ад мінуты, аддаем перавагу слову, якога няма ў расейскім лексыконе, — назоўніку хвіліна. Яго вытокі — у старажытнаверхненямецкім слове hwīl (hwīla) – даслоўна «час, гадзіна, імгненьне».
Акрамя вымярэньня часу, слова мінута ўжываецца і для вымярэньня вуглоў. Тут 1 мінута = 1/60 градуса = 60 (вуглавых) сэкунд. Для скарочаннага запісу мінуты выкарыстоўваецца знак ′ (U+2032, ′) або проста апостраф ' (U+0027, '). Напрыклад, у геамэтрыі: вугал роўны 20 градусаў і 30 мінут ці 20° 30′; пры пазначэньні вуглавых каардынатаў на мапе Зямлі: 53° 17′ паўночнай шырыні.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Хвіліна і мінута Радыё «Свабода», 20 кастрычніка 2004