Мэтад мазгавога штурму

Мазгавы шторм (мэтад мазгавога штурму, мазгавы штурм, мазгавы напад, па-ангельску: brainstorming) — апэратыўны мэтад рашэньня праблемы на аснове стымуляваньня творчае актыўнасьці, пры якім удзельнікам абмеркаваньня прапануюць выказваць як мага большую колькасьць варыянтаў рашэньня, у тым ліку самых фантастычных. Затым з агульнага ліку выказаных ідэяў адбіраюць найболей удалыя, якія могуць быць скарыстаныя на практыцы. Зьяўляецца мэтадам экспэртнага ацэньваньня.

Мазгавы шторм

Этапы й правілы мазгавога шторму

рэдагаваць

Правільна арганізаваны мазгавы шторм уключае тры абавязковыя этапы. Этапы адрозьніваюцца арганізацыяю й правіламі іх правядзеньня:

  1. Пастаноўка праблемы. Папярэдні этап. Напачатку гэтага этапу праблема павінна быць выразна сфармуляваная. Адбываецца адбор удзельнікаў штурму, вызначэньне кіроўнага й разьмеркаваньне іншых роляў удзельнікаў у залежнасьці ад пастаўленай праблемы й абранага спосабу правядзеньня штурму.
  2. Генэрацыя ідэяў. Асноўны этап, ад якога шмат у чым залежыць посьпех (гл. ніжэй) усяго мазгавога штурму. Таму вельмі важна выконваць правілы для гэтага этапу:
    • Галоўнае — колькасьць ідэяў. Не рабіце ніякіх абмежаваньняў.
    • Поўная забарона на крытыку й любую (у тым ліку дадатную) адзнаку выказваемых ідэяў, бо адзнака адцягвае ад асноўнае задачы й зьбівае творчы настрой.
    • Незвычайныя й нават абсурдныя ідэі вітаюцца.
    • Камбінуйце й паляпшайце любыя ідэі.
  3. Групоўка, адбор і адзнака ідэяў. Гэты этап часта забываюць, але менавіта ён дазваляе вылучыць найболей каштоўныя ідэі й даць канчатковы вынік мазгавога штурму. На гэтым этапе, у адрозьненьне ад другога, адзнака не абмяжоўваецца, а наадварот, вітаецца. Мэтады аналізу й адзнакі ідэяў могуць быць вельмі рознымі. Пасьпяховасьць гэтага этапу напроста залежыць ад таго, наколькі "аднолькава" ўдзельнікі разумеюць крытэры адбору й адзнакі ідэяў.

Мазгавыя напады

рэдагаваць

Для правядзеньня нападу звычайна ствараюць дзьве групы:

  • удзельнікі, якія прапануюць новыя варыянты рашэньня задачы;
  • чальцы экспэртнае камісіі, што апрацоўваюць прапанаваныя рашэньні.

Адрозьніваюць індывідуальныя ды калектыўныя мазгавыя напады.

У мазгавым штурме ўдзельнічае калектыў зь некалькіх адмыслоўцаў і кіроўны. Перад самім сэансам мазгавога штурму кіроўны вырабляе выразную пастаноўку задачы, падлеглае рашэньню. Падчас мазгавога штурму ўдзельнікі выказваюць свае ідэі, накіраваныя на рашэньне пастаўленае задачы, прычым як лягічныя, так і абсурдныя. Калі ў мазгавым штурме бяруць удзел людзі розных чыноў ці рангаў, тое рэкамэндуецца заслухоўваць ідэі ў парадку ўзрастаньня ранжыру, што дазваляе выключыць псыхалягічны фактар «дамовы з начальствам».

Падчас мазгавога шторму, як правіла, спачатку рашэньні не адрозьніваюцца высокаю арыгінальнасьцю, але па сканчэньні некаторага часу тыповыя, шаблённыя рашэньні вычэрпваюцца, і ва ўдзельнікаў пачынаюць узьнікаць незвычайныя ідэі. Кіроўны запісвае ці неяк інакш рэгіструе ўсе ідэі, якія ўзьніклі падчас мазгавога штурму.

Затым, калі ўсе ідэі выказаныя, вырабляецца іх аналіз, разьвіцьцё й адбор. У выніку знаходзіцца максымальна эфэктыўнае й часта нетрывіяльнае рашэньне задачы.

Посьпех мазгавога шторму моцна залежыць ад псыхалягічнай атмасфэры ды актыўнасьці абмеркаваньня, таму роля кіроўнага ў мазгавым штурме вельмі важная. Менавіта ён можа «вывесьці з тупіку» і ўдыхнуць сьвежыя сілы ў працэс.

Вынаходнікам мэтаду мазгавога штурму лічыцца Алекс Осбарн, супрацоўнік рэклямнае агенцыі BBD&O.

Адным з працягаў мэтаду мазгавога штурму зьяўляецца мэтад сынэктыкі.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Мэтад мазгавога штурмусховішча мультымэдыйных матэрыялаў