Мангуп-Кале
Мангу́п (Мангу́п-Кале́; па-ўкраінску: Мангуп, па-крымскататарску: Mangup, Мангуп) — сярэднявечны горад-крэпасьць у Бахчысарайскім раёне Крыму. Сталіца праваслаўнага княства Хвядора, затым турэцкая крэпасьць. Разьмешчаны на вяршыні гары-астанцы, узвышаецца над узроўнем навакольных далін на 250—300 м і ўтварае плято плошчай каля 90 га. Агульная даўжыня прыгонных збудаваньняў складае 1500 м, даўжыня абарончага контуру (з натуральнымі перашкодамі — скалістымі абрывамі ад 20 да 70 м) складае 6600 м. На тэрыторыі крэпасьці разьмешчаныя шматлікія крыніцы.
Прырода
рэдагавацьМангуп-Кале разьмешчаны на плято гары-астанцы Баба-Даг (па-крымскататарску: baba — бацька, dağ — гара). Найбольшая вышыня складае 583 м. Гара ўяўляе сабой асобна-стаялае ўзвышэньне, крута абрываецца да поўдня. З паўночнага боку гара мае чатыры працяглыя выступы, званых мысамі. Самы заходні выступ мянуецца Чамны-бурун (па-крымскататарску: çamlı burun, дыялектнае вымаўленьне: çamnı burun — мыс з хвоямі), другі з захаду — Чуфут-Чэарган-Бурун (па-крымскататарску: çufut çığarğan burun — «мыс выкліку габрэяў»), наступны — Элі-бурун (дакладны пераклад не вядомы, існуючыя вэрсіі — «ветраны мыс», «грэцкі (элінскі) мыс») і, нарэшце, самы ўсходні — Тэшклі-бурун (па-крымскататарску: teşikli burun — «мыс зь дзіркай», атрымаў сваю назву з-за скразнога грота, што ўтварыўся ў выніку абвальваньня штучнай пячоры). Паміж мысамі пралягаюць яры, кожны зь якіх таксама мае сваю назву: з захаду на ўсход — Таба-драпаку («гарбарны яр»), Гамам-драпаку («Лазьневы яр») і капу-драпаку («варотны яр»).
Гісторыя
рэдагаваць- У III—IV стагодзьдзях мангупское плято засяляюць скіфа-сарматы.
- У IV—V стагодзьдзях на плято зьявілася паселішча алана-готаў, а ў навакольных бэльках катакомбныя магільнікі.
- У другой палове V стагодзьдзя пабудаваныя першыя ўмацаваньні. У гэты час горад зваўся Дарос і быў сталіцай краіны Доры — крымскай Готыі. У VI стагодзьдзі на плято ўзводзіцца манумэнтальная базыліка, горад становіцца цэнтрам гоцкай епархіі ў Крыме.
- У канцы VII стагодзьдзя Хазарскі каганат падпарадкоўвае Дарос. У горадзе ненадоўга разьмяшчаецца хазарскі гарнізон.
Захоп Даросу паслужыў сыгналам да пачатку антыхазарскага паўстаньня, узначаленага Сьв. Янам Гоцкім.
- XIII — сярэдзіна XV стагодзьдзя — горад быў сталіцай позьнебізантыйскага княства Хвядора, якое кантралявала Паўднёва-Заходні Крым і знаходзілася пад уплывам Бізантыі. Сам горад называлі таксама Хвядора. Менавіта з гэтай эпохі захаваліся множныя штучныя пячоры, абарончыя сьцены, падмуркі базылік і руіны цытадэлі на мысе Тэшклі-бурун.
- 1475 — горад, як і ўсё княства быў захоплены асманскімі войскамі. Асманы перабудавалі крэпасьць, якая ў пэрыяд іх кіраваньня звалася Мангуп-Кале — крэпасьць Мангуп). Аж да 1774 году Мангуп быў цэнтрам кадылыка (самай дробнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Асманскай дзяржавы), які ўваходзіў у склад эялета (правінцыі) з цэнтрам у Кефе (Фэадосіі).
- 1774 — крэпасьць была пакінутая турэцкім гарнізонам.
- 1790 — Мангуп пакінулі апошнія насельнікі — суполка караімаў. У яры «Таба-Драпаку» захаваліся рэшткі караімскіх могілак.
Падчас аблогі Севастопалю нямецкімі войскамі на Мангупе знаходзіўся назіральны пункт Манштайн.
Мангуп-Кале — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў