Лівіюc Андронік (па-лацінску: Livius Andronicus; каля 280 да н. э., Таранта — каля 200 да н. э.) — рымскі эпічны паэт і даматург. Першы рымскі паэт вядомы паводле імені, ужо антычныя аўтары лічылі яго бацькам лацінскай літаратуры.

Лівіюс Андронік быў захоплены ў палон пры ўзяцьці рымлянамі гораду Тарэнтума, на той час грэцкамоўнага. Палонны стаў рабом і быў прыстаўлены да выхаваньня дзяцей у рымскай сям’і, пазьней атрымаў ад гаспадароў волю. Праўдападобна, Андронік — ягонае грэцкае імя, а імя Лівіюс ён атрымаў ад рымскай сям’і, якой належаў.

Лацінскі пераклад «Адысэі» Гамэра сатурнавым вершам Лівіюс стварыў для мэтаў выкладаньня. Ягоныя драматычныя творы, імаверна таксама заснаваныя на грэцкім матэрыяле, ставіліся на сцэне. Вядомыя назвы шэрагу ягоных трагедыяў (Achilles, Andromeda, Danae і іншыя) і прынамсі дзьвюх камэдыяў (Gladiolus і Ludius). Згадваецца таксама рэлігійны гімн ягонага аўтарства.