Лётар Фройтэль

нямецкі вайсковец

Лё́тар Фро́йтэль (па-нямецку: Lothar Freutel; 21 лютага 1894, Розэнбэрг, Заходняя Прусія — 18 лютага 1944, Калома, РСФСР) — нямецкі афіцэр, генэрал-маёр арміі ў Другой сусьветнай вайне (пасьмяротна).

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Пайшоў на службу дабраахвотнікам 10 жніўня 1914 року, пасьля ўступленьня Нямеччыны ў вайну, ваяваў у складзе 35-га палку палявой артылерыі. З 15 кастрычніка па 25 сьнежня 1916 навучаўся ў палявой школе афіцэраў пад Пружанай[1]. На пасадзе ад’ютанта 3-га батальёну 35-га рэзэрвовага палку палявой артылерыі праслужыў да канца вайны і роспуску палка ў сакавіку 1919 року. Пасьля гэтага быў прызначаны ардынарцам у 41-ю брыгаду палявой артылерыі.

31 кастрычніка 1919 Фройтэль звольніўся з вайсковае службы і ўладкаваўся паліцыянтам у званьні лейтэнанта. Да 1936 року Фройтэль даслужыўся да чыну маёра паліцыі, пасьля чаго быў пераведзены на вайсковую службу і 6 кастрычніка 1936 атрымаў у падначаленьне батарэю ў складзе 20-га артылярыйскага палку. З 12 кастрычніка 1937 — камандзір 3-га батальёну гэтага палку.

У рамках усеагульнай мабілізацыі перад пачаткам Другой сусьветнай вайны Лётар Фройтэль быў пастаўлены камандзірам 22 артылярыйскага палку замяшчэньня, які ня браў удзелу ў Польскай кампаніі. 29 верасьня 1939 прызначаны камандзірам 707-га артылярыйскага палку асаблівага прызначэньня, які 24 сакавіка 1940 быў уключаны ў склад 217 артылярыйскага палку, узначаленага таксама Фройтэлем.

11 студзеня 1943 прызначаны даводцам 26-га рэзэрвовага артылярыйскага палку, разьмешчаным на францускім узьбярэжжы. 20 верасьня гэты полк быў распушчаны, і Фройтэль месяц правёў без прызначэньня, пасьля чаго 20 кастрычніка атрымаў у падначаленьне 503-ці грэнадэрскі полк, які ў складзе 290-й пяхотнай дывізіі групы арміяў «Цэнтар» удзельнічаў у баявых дзеяньнях на Ўсходнім фронце. Падчас цяжкіх бітваў з Чырвонай арміяй на возеры Ільмень патануў у Калома. 13 жніўня 1944 року пасьмяротна атрымаў званьне генэрал-маёра.

Узнагароды

рэдагаваць
  1. ^ Уладзімер Дадзіёмаў, Сяргей Рабчук. Забытая гісторыя. Частка 2. «Пружанскі лагер» // Раённыя будні. — 23 лістапада 2013. — № 92 (9637). — С. 15.

Літаратура

рэдагаваць
  • Dermot Bradley. Die Generale des Heeres 1921—1945, Teil IV, Band 4: Fleck-Gyldenfeldt, Biblio Verlag, Osnabrück 1996, ISBN 3-7648-2488-3, S. 81f