Лясныя пажары ў Аўстраліі (2019—2020)

Лясныя пажары ў Аўстраліі 2019—2020 — масавыя пажары ў лясах Аўстраліі, у асноўным на паўднёвым усходзе краіны. Маштаб пажараў значна перавышае сярэдні падчас штогадовага сэзону засухі, якая працягваецца са сьнежня па сакавік, у летні час у Аўстраліі. Пажары працягваюцца ад жніўня 2019 году. Па стане на 5 студзеня 2020 году ў выніку пажараў згарэла каля 6,3 мільёна гектараў лясоў (63 000 квадратных кілямэтраў), агнём зьнішчана больш за 2500 будынкаў (у тым ліку больш за 1300 жылых дамоў) і загінула 25 чалавек[1][2][3][4][5][6].

Лічыцца, што пажары сэзону 2019—2020 гадоў сталі самымі маштабнымі за ўсю гісторыю назіраньняў[7]. У сьнежні 2019 году ўрад Новага Паўднёвага Ўэльзу абвясьціў надзвычайнае становішча ў штаце ў сувязі з рэкорднай тэмпэратурай, працяглай засухай і мноствам пажараў, якія бушуюць у рэгіёне[8][9]. Па падліках, амаль тры мільярды жывёл пацярпелі ад бягучых пажараў[10][11].

Галоўнымі прычынамі пажару сталі рэкордныя сьпякота і засухі, частыя навальніцы падчас навальніц у рэгіёне, станоўчы дыполь Індыйскага акіяну, ненаўмысныя і наўмысныя падпалы, а таксама іншыя. Ад верасьня 2019 году больш за 100 пажараў бушуюць на вялікіх тэрыторыях штата Новы Паўднёвы Ўэйлз, у прыватнасьці ў рэгіёнах Паўночнае ўзьбярэжжа Новага Паўднёвага Ўэльзу, Сярэдняе Паўночнае Ўзьбярэжжа, у рэгіёне Хантэр, горады Хаўкесбары, Валандылі, крайні захад гораду Сыднэю, Блакітныя горы, Ілавара, Паўднёвае ўзьбярэжжа і іншыя.

Маштаб і інтэнсіўнасьць пажараў узмацнілі дыскусію аб зьмяненьні клімату. Хоць шэраг фактараў уплывае на такія зьявы, як пажары, навукоўцы адзначаюць, што дыскусія пра глябальнае пацяпленьне ў кантэксьце Аўстраліі цалкам апраўданая[12].

Празь лясныя пажары на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы кантынэнту ўзровень забруджваньня паветра ў сталіцы Аўстраліі Канбэры ў 26 разоў перавысіў крытычную адзнаку «небясьпечна для жыцьця»[13].

Крыніцы рэдагаваць