Лютаўская рэвалюцыя 1917 году ў Расеі

(Перанакіравана з «Лютаўскі пераварот 1917 году»)

Лютаўская рэвалюцыя 1917 году ў Расеі (рас. Февральская революция 1917 года в России, Февральская буржуазно-демократическая революция, Февральский переворот) — масавыя антыўрадавыя выступы петраградзкіх працаўнікоў і жаўнераў Петраградзкага гарнізону, якія прывялі да зьвяржэньня расейскай манархіі і стварэньня Часовага ўрада, які засяродзіў у сваіх руках заканадаўчую і выканаўчую ўлады ў Расеі. Рэвалюцыйныя падзеі ахапілі пэрыяд канца лютага — пачатку сакавіка 1917 году, паводле юліянскага календару, які дзейнічаў на той час у Расеі.

«Прэч арла!». Карціна мастака Івана Уладзімірава.

Лютаўская рэвалюцыя пачалася як стыхійны парыў народных масаў, аднак ейнаму посьпеху спрыяў і гостры палітычны крызіс у вярхах, рэзкая незадаволенасьць лібэральна-буржуазных колаў адзінаасобнай палітыкай цара. Хлебныя бунты, антываенныя мітынгі, дэманстрацыі, стачкі на прамысловых прадпрыемствах гораду наклаліся на незадаволенасьць і закісаньне сярод шматтысячнага сталічнага гарнізону, які далучыўся да рэвалюцыйных масаў, што выйшлі на вуліцы. 27 лютага (12 сакавіка) 1917 году ўсеагульны страйк перарос ва ўзброенае паўстаньне. Войскі, якія перайшлі на бок паўстанцаў, занялі найважнейшыя пункты гораду, урадавыя будынкі. У дадзеным становішчы царскі ўрад выявіў няздольнасьць да хуткіх і рашучых дзеяньняў. Разрозьненыя і нешматлікія сілы захоўвалі вернасьць манарху, аднак аказаліся не ў стане самастойна справіцца з анархіяй, якая ахапіла сталіцу, а некалькі частак, зьнятых з фронту дзеля здушэньня паўстаньня, ня здолелі прабіцца да гораду.

Непасрэдным вынікам Лютаўскай рэвалюцыі стала адрачэньне ад пасады Мікалая II, спыненьне панаваньня дынастыі Раманавых і фармаваньне Часовага ўраду пад старшынствам князя Георгія Львова. Гэты ўрад было цесна зьвязаны з буржуазнымі грамадзкімі арганізацыямі, якія ўзьніклі ў гады вайны, як то Ўсерасейскі земскі зьвяз, Гарадзкі зьвяз, Цэнтральны ваенна-прамысловы камітэт. Часовы ўрад злучыў у сваім твары заканадаўчую і выканаўчую ўладу, замяніўшы цара, Дзяржаўную раду, Думу і Савет міністраў. У сваёй Дэклярацыі Часовы ўрад аб’явіў амністыю палітычным зьняволеным, грамадзянскія свабоды, замену паліцыі «народнай міліцыяй», рэформу мясцовага самакіраваньня[1].

Практычна адначасова рэвалюцыйна-дэмакратычнымі сіламі былі сфармаваны паралельны ворган улады — Петраградзкі савет — што прывяло да сытуацыі, вядомый як двоеўладзьдзе. 1 (14) сакавіка 1917 году новая ўлада была ўсталявана ў Маскве, на працягу сакавіка — па ўсёй краіне.

  1. ^ Кара-Мурза С. Г. Гл. 2. Государство и право после Февральской революции 1917 г. История советского государства и права.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць