Люканы

італійскае племя

Люканы (люканцы, па-лацінску: Lucani) — адно з старажытнаіталійскіх самніцкіх плямёнаў. Да канца V стагодзьдзя да н. э. расьсяліліся ў паўднёвай Італіі, даўшы назву гэтаму рэгіёну — Люканія. Размаўлялі на мове оскаўска-умбрыйскай групы.

Оскаўская мова ў V стагодзьдзі да н. э.

У 343 годзе да н. э. люканы вялі вайну супраць хаўруснага спартанска-тарэнтыйскага войска, акое ачольваў Архідам III. Ён загінуў у бітве зь імі, але ў 334 да н. э. былі разьбіты іншым хаўрусьнікам Тарэнта — эпіротамі. 200 люканаў дэзэртавалі да Аляксандра Малёскага і пад ягонымі сьцягамі разьбілі сваіх супляменьнікаў каля Пэсту. Трохі пазьней войска новага спартанскага кіраўніка Клеоніма вымусіла люканаў скласьці мір з Тарэнтам і паставіць на чале свайго кіраваньня верных Самнію людзей, наўзамен люканы атрымалі Мэтапонт. У 298 да н. э. люканы вымушана перайшлі на бок рымлянаў, але па перамозе ў Трэцяй самніцкай вайне рымляне ў 285 да н. э. скасавалі хаўрусную дамову зь імі праз іхныя налётаў на шэраг грэцкіх гарадоў, якія прасілі рымскага патранату. У адказ люканы, затрымаўшы рымскіх паслоў, выставілі моцнае войска і склалі хаўрус з кельтамі, этрускамі і умбрамі. Пасьля перамогі Піра пры Гераклеі люканы разам з самнітамі і брутыямі далучыліся да яго, але ў 272 да н. э. былі заваяваны рымлянамі і пасьля гэтага часта паўставалі. Гэтак, яны пазьней ваявалі на баку Ганібала ў 216—215 да н. э., калі, паводле Палібіюса, яны маглі выставіць 30 тысячаў пяхоты і 3 тысячы вершнікаў, у Марсійскай вайне 90/91—88 гадах да н. э.

Большую частку войска люканаў складала мабільная лёгкаўзброеная пяхота, якая звыклася дзеіць у гарах і лясах, дзе звычайна ладзілі пастку ці блякавалі праціўніка ў вузкай даліне, як у вайне з эпіротамі. Паводле магчымасьцяў армія атачала супернікаў, пазьбягаючы сутыкненьня наўпрост, і закідвала яго дротыкамі, разграміўшы такім чынам некалькі грэцкіх арміяў. Баявым люканскім штандарам быў бронзавы бык на дрэўку.