Кірмаш пыхлівасьці

«Кірмаш пыхлівасьці» (па-ангельску: Vanity Fair: A Novel without a Hero) — раман ангельскага пісьменьніка Ўільяма Тэкерэя, напісаны ў 1848 годзе.

Кірмаш пыхлівасьці
па-ангельску: Vanity Fair
Тытульны аркуш, ілюстраваны Тэкерэям
Жанр: раман
Аўтар: Уільям Тэкерэй
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: студзень 1847 — ліпень 1848
Выдавецтва: Punch magazine

Гісторыя стварэньня

рэдагаваць

Раман друкаваўся пасьлядоўнымі штомесячнымі выданьнямі, у кожным па некалькі главаў. Усяго за пэрыяд зы студзеня 1847 да ліпеня 1848 выйшла 20 частак. Усе яны выходзілі з рыцінамі самога Тэкерэя на вокладцы. Варта адзначыць і той факт, што гэты раман стаўся першым, які Тэкерэй друкаваў пад уласным імем, а не пад псэўданімам.

Вобраз «кірмаша пыхлівасьці» Тэкерэй пазычыў з рамана «Шлях паломніка» пісьменьніка XVII стагодзьдзя Джона Бэньяна. У гэтым рамане пілігрым, які вандраваў у пошуках Гораду збаўленьня, трапіў на «кірмаш пыхлівасьці», дзе акрамя звычайных рэчаў можна было купіць мужа ці жонку, тытулы, славу, прыхільнасьць, любоў. Гэты кірмаш стаўся з часам для ангельскай публікі слыннай алегорыяй пыхлівасьці й крывадушнасьці, таму ягоны вобраз і быў запатрабаваны Тэкерэем.

Сюжэтная лінія

рэдагаваць

У сацыяльным рамане «Кірмаш пыхлівасьці» аўтар ня толькі апісвае грамадзтва як цэласны арганізм, але і паказвае ўнутраны мэханізм яго дзеяньня. Карыстаючыся сваёй галоўнай зброяй — сатырай — Тэкерэй бязьлітасна агаляе заганы арыстакратыі і камэрсантаў: іх самаздаволенасьць, абмежаванасьць, пакланеньне грошам ды маральную дэградацыю. Гэтыя тыповыя якасьці ўласьцівыя пэрсанажу сэру Піту Кроўлі. Гэта неадукаваны чалавек з хамскімі паводзінамі, аднак, мае высокае сацыяльнае становішча, уладу і ўшанаваньні, карыстаецца пашанай у краі і лічыцца апорай дзяржавы. Шэрыф графства, Кроўлі езьдзіць у залатой карэце, і яго прыхільнасьці дамагаюцца магутныя пасланцы і дзяржаўныя дзеячы.

Раман каштоўны ня столькі сюжэтам, колькі сваімі вобразамі. Аўтар выяўляе розных людзей, іх думкі і ўчынкі ў разнастайных сытуацыях. Яўнага героя ў рамане няма: на думку Тэкерэя, у сьвеце, якім кіруе культ грошаў, ня можа быць сапраўднага героя.

У «Кірмашы пыхлівасьці» распавядаюцца гісторыі дзьвюх жанчын з рэзка кантрастуючымі характарамі — Бэкі Шарп ды Амеліі Сэдлі. Бліскуча абмаляваны характар Бэкі, разумнай, адоранай і прывабнай дзяўчыны са зьедлівым пачуцьцём гумару і праніклівым разуменьнем чалавечай натуры. Яе адзіная жыцьцёвая мэта — любой цаной прабіцца ў найвышэйшае грамадзтва. Дзеля гэтага Бэкі не спыніцца ні перад чым. Яна не верыць ні ў каханьне, ні ў сяброўства. Бэкі ніколі бы не пайшла за Раўдана, калі б ведала, што ёй зьбіраецца рабіць прапанову сам Піт Краўлі. Старасьць сэра Піта і яе пагарда да яго ня маюць аніякага значэньня. Галоўнае тое, што ў сэра Піта ёсьць тытул ды грошы.

Шляхам лісьлівасьці, двудушша, хлусьні, нізкіх і беспрынцыпных ўчынкаў Бэкі трапляе ў найвышэйшы грамадзтва, але гэта не прыносіць ёй шчасьця.

У адрозьненьне ад Бэкі, шчырая, велікадушная Амелія выклікае ў навакольных людзей шчырае захапленьне. Але ўсё ж яе нельга лічыць станоўчай гераіняй рамана: Амеліі не стае розуму, каб ацаніць сапраўдныя якасьці людзей. У абмаляваньні гэтага вобраза адчуваецца тонкая іронія аўтара. Тэкерэй падзяляе ўсё грамадзтва на «мярзотнікаў» ды «дурняў». Ён выяўляе самыя розныя вобразы, але іх лёсы шмат у чым падобныя. «Дурні» — гэта ахвяры сьвету, якім кіруе загана ў абліччы «мярзотнікаў». Аўтар параўноўвае сваіх пэрсанажаў зь лялькамі, а грамадзтва — зь лялькавым спэктаклем. «Кірмаш пыхлівасьці» — надзвычай моцны ўзор літаратуры буржуазнага крытычнага рэалізму XIX стагодзьдзя — і сёньня карыстаецца вялікай папулярасьцю ў прыхільнікаў ангельскай літаратуры.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Кірмаш пыхлівасьцісховішча мультымэдыйных матэрыялаў