Канкляў
Канкля́ў (з лац. cum clavis — «пад ключом») — сход Калегіі кардыналаў для выбараў папы рымскага. Канкляў адбываецца адпаведна апостальскай канстытуцыі Universi Dominici gregis («Ўся паства Гасподняя»), выдадзенай пантыфікам Янам Паўлам ІІ 22 лютага 1996 году.
Адпаведна гэтаму дакумэнту (артыкул 37), тэрмін скліканьня сходу вызначаецца не раней за 15 і не пазьней за 20 дзён пасьля сьмерці папы.
Агульныя правілы
рэдагавацьВыбары папы рымскага адбываюцца ў адпаведнасьці з царкоўнымі законамі і традыцыямі. Актыўнае выбарчае права распаўсюджваецца пачынаючы з 1059 году толькі на кардыналаў. Дагэтуль у выбары папы рымскага ўдзельнічалі прадстаўнікі царквы і акламацыйна таксама жыхары Рыму. Права на зьмену існуючых правіл канклява мае толькі папа рымскі. У яго кампэтэнцыю таксама ўваходзіць наданьне кардынальскага тытулу, і таму папа мае некаторы ўплыў на выбар свайго пасьлядоўніка. Права ўласна вызначаць свайго пасьлядоўніка папа рымскі ня мае.
Да канца існаваньня Папскай вобласьці ў 1870 годзе канкляў адбываўся ў рымскім палацы Квірынталь, а пасьля гэтага быў перанесены ў Сыкстынскую капэлу ў Ватыкан. Да выбару новага папы рымскага ў 1978 годзе кардыналы ня мелі права адлучацца з памяшканьня ўвесь час правядзеньня канкляву, таму ў Сыкстынскай капэле і прылягаючых да яе памяшканьнях для кардыналаў неабходна было ўсталяваць невялікія спальныя кельі. Згодна новаму рэглямэнту, які быў прыняты папам Янам Паўлам II, кардыналы маюць цяпер права жыць у новым гасьцінным доме Домус Санктэ Мартэ (Domus Sanctae Marthae) у час правядзеньня канкляву. Але і сёньня кардыналы ня маюць права на якія-небудзь кантакты са зьнешнім сьветам. Усе астатнія жыхары гасьціннага дома павінны на гэты час яго пакінуць. Тэлефон, тэлебачаньне, радыё, пошта, газэты і іншыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі не дазваляююца. Гэты рэглямэнт быў упершыню ўжыты ў 2005 годзе пасьля сьмерці папы Яна Паўла II.
Жорскі рэглямэнт абмежаваньня кардыналаў ад зьнешняга сьвету ставіў раней сваёй мэтай вымушэньне кардыналаў да прыняцьця рашэньня ў магчыма кароткі тэрмін. Сёньняшняя мэта абмежаваньня — максымальнае адлучэньне выбаршчыкаў ад усялякага зьнешняга ўплыву.
Выбарчы працэс
рэдагавацьКанкляў пачынаецца не раней чым на 15-ы і не пазьней чым на 20-ы дзень сэдысвакансіі з мэсы ў Саборы Сьвятога Пятра і наступным пераходам кардыналаў з правам выбару у Сыкстынскую капэлу. Пасьля прысягі кардыналаў, папскі цырыманіяльны майстар прамовай «Extra omnes» («усе наружу») прымушае ўсіх тых, хто не належыць да капэлы, пакінуць памяшканьне, Сыкстынскую капэлу пасьля гэтага зачыняюць.
Туры выбараў праходзяць у адпаведнасці з дэтальна выпрацаваным цырыманіялам: у першы дзень адбываецца толькі адзін тур выбару, у наступныя дні — звычайна два туры да апоўдня, і два пасьля. Сьпісы кандыдатаў пры гэтым не існуюць. Кожны кардынал павінен максымальна непазнавальным шрыфтам і пры гэтым дастаткова чытэльнымі літарамі занатаваць на невялічкім лісьце паперы імя таго кандыдата, якому ён аддае перавагу. Згорнутыя напапалам, запіскі кардыналаў маюць велічыню ня большую за 2×2 сантымэтры. На кожным выбарчым «бюлетні» напісана «Eligo in Summum Pontificem» (Я выбіраю найвышэшым пантыфікам/біскупам, што значыць Папу). Кожны кардынал узыходзіць да алтару ў пасьлядоўнасьці рангавага парадку, уздымае выбарчы бюлетэнь над сабой, так каб ён быў бачны ўсім, апускаецца на калені для кароткай малітвы і клянецца: «Я прашу Хрыста, які будзе маім судзьдзём, быць сьведкам таго, што той, каго я абраў, гэта той, каго я лічу быць абраным па волі божай.» Пасьля таго як выбарчыя бюлетні апускаюцца ў вурну (велічыня праёму практычна выключае магчымасьць праціснуць туды две паперкі адразу), скрынку з галасамі закрывае адзін з трох выбарчых памочнікаў і трасе, каб зьмяшаць бюлетні. Кожны з трох выбарчых памочнікаў натуе імя выбранага кандыдата пры падліку галасоў на асобным лісьце. Выбары прызнаюцца легітымным толькі ў тым выпадку, калі колькасьць лістоў з галасамі адпавядае колькасьці кардыналаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, пры гэтым неабходнай умовай зьяўляюцца таксама аднолькавыя вынікі індывідуальнага падліку кожнага з трох выбарчых памочнікаў.
Тэарэтычна кожны каталік, які па царкоўным праве можа стаць біскупам, гэта значыць ва ўзросьце ня меншым за 35 гадоў і нежанаты мужчына, таксама мае права быць Папам. Каб выбары былі прызнаныя сапраўднымі, кандыдат павінен набраць две трэці галасоў. Пасьля трыццаці беспасьпяховых тураў кардыналы могуць пагадніцца на тым, што пачынаючы з гэтага моманту большасьці галасоў хапае, каб абраць Папу. Таксама магчымым зьяўляецца ў гэтым выпадку выбар аднаго з двух кандыдатаў-пераможцаў па турах. У 20 стагодзьдзі больш чым 15 тураў па выбары Папы не было.
Выбарчыя лісты беспасьпяховага туру выбараў па даўняй традыцыі спальваюць, дадаўшы некаторую колькасць мокрай саломы і масла, якія надаюць дыму чорны колер і зьяўляюцца для назіральнікаў знакам таго, што канчатковага выніку пакуль няма. Пры пасьпяховым туры выбараў выбарчыя лісты паляць з сухой саломай, над Сыкстынскай капэлай уздымаецца белы дым і сыгналізуе чакаючым аб тым, што новы Папа нарэшце абраны. Пакольку дым не заўсёды быў такога колеру, які адпавядаў бы адпаведнаму выніку туру, сёньня ў касьцёр дабаўляюць хемікаліі, якія надаюць дыму адпаведна чорны ці белы колер. Пасьля гэтага Сыкстынсую капэлу адчыняюць, а ў Саборы Сьвятога Пятра пачынаецца калакольны звон. Затым формулай «Annuntio vobis gaudium magnum, habemus Papam!» («Я абвяшчаю вам зь вялікай радасьцю, у нас ёсьць новы Папа!») старэйшы па ранзе першы кардынал-д’якан сьвяточна называе імя абранага. Галасы і імёны кандыдатаў не абвяшчаюцца і застаюцца патаемнымі.
Права выбіраць у канкляве мае кожны кардынал рымска-каталіцкай царквы, узрост якога ў дзень наступленьня седысвакансіі не перавышае 80 гадоў. Колькасьць кардыналаў не павінна быць большай чым 120 чалавек. Кожны з кардыналаў павінен прымаць удзел у выбарах, выключэньнем з правіла можа зьяўляцца хвароба альбо іншая важкая прычына. Але і ў тым выпадку, калі кардынал не зьяўляецца на цырымонію, канкляў адбываецца і безь яго.
Традыцыйна існуюць тры розныя варыянты выбарчага працэсу Папы:
- Выбары per scrutinium — тайнае галасаваньне пры дапамозе выбачых лістоў, практыкуецца да сёньняшняга дня
- Выбары per compromissum адбываюцца тады, калі кардынальны калегіюм ня можа пагадзіцца па выбары адзінага кандыдата пасьля шматлікіх тураў. У гэтым выпадку вынікі апошняга легітымнага туру дэлегуюць невялікай групе кардыналаў.
- Выбары quasi ex inspiratione/per acclamationem seu inspirationem адываецца ў тым выпадку, калі кардынал прапанаваў імя аднаго кандыдата, а астатнія спантанна падтрымалі яго ў акламацыйным парадку.
Месца правядзеньня канклява
рэдагавацьМесцам, дзе пачынаючы з 14 стагодзьдзя праходзілі канклявы, быў за невялікімі выключэньнямі Рым. Але толькі пасьля дакумэнту Яна Паўла II з назвай «Universi dominici gregis» у 1996 годзе Ватыкан быў канчаткова вызначаны месцам правядзеньня канклява. Канкляў павінен заўсёды і нязьменна адбывацца ў Сыкстынскай капэле.