Жалезны чалавек (фільм, 2008)

фільм ЗША 2008 року

«Жале́зны чалаве́к» (па-ангельску: Iron Man) — амэрыканскі супэргеройскі фільм 2008 року, сфільмаваны студыяй «Marvel» пра аднайменнага пэрсанажа коміксаў Marvel. Гэта першы фільм у кінасусьвеце Marvel. Рэжысэр — Джон Фаўро, аўтары сцэнару — Марк Фэргус / Гоўк Остбі і Арт Маркум / Мэт Голаўэй. У галоўных ролях: Робэрт Даўні (малодшы) — Тоні Старк / Жалезны чалавек, а таксама Тэрэнс Гоўард, Джэф Брыджэс, Шон Тоўб і Гўінэт Пэлтраў. У фільме Тоні Старк, бізнэсоўца і інжынэр-вынаходнік, пасьля небясьпечнага здарэньня стварае ўмацаваны экзашкілет і становіцца супэргероем Жалезным чалавекам.

Жалезны чалавек
Iron Man
Лягатып фільму
Жанр баявік[d][1][2][3][…], навукова-фантастычны фільм[d][3][4][2][…], прыгодніцкі фільм[3][4][2][…] і супэргеройскі фільм[d]
Рэжысэр Джон Фаўро
Сцэнарыст
  • Марк Фэргус
    Гоўк Остбі
  • Арт Маркум
    Мэт Голаўэй
Заснаваны на Iron Man[d]
Прадусар
У ролях
Кампазытар Рамін Джавадзі
Апэратар Мэт’ю Лібатык
Мантаж Дэн Лебэнталь
Мастак J. Michael Riva[d]
Вытворчасьць
Распаўсюд Paramount Pictures[5], Дыснэй+[d] і Walt Disney Studios Motion Pictures[d]
Дата выхаду 14 красавіка 2008 (16 гадоў таму)
Працягласьць 126 хв.[6]
Краіна ЗША
Мова ангельская
Бюджэт $140 млн
Прыбытак $585,2 млн
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт
  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Геній, мільярдэр і вісус Тоні Старк, якому ў спадчыну ад бацькі дасталася абаронная кампанія «Stark Industries», выпраўляецца ў зону баявых дзеяньняў у Аўганістане, каб прадэманстраваць новую ракету «Ерыхон». Пасьля прэзэнтацыі канвой трапляе ў засаду, і Старк атрымлівае раненьне ад ракеты, вырабленай ягонай жа кампаніяй. Тэрарысты захопліваюць яго ў палон; яго вылечвае іншы вязень, лекар Інсэн, які імплянтуе ў грудзі Старку электрамагніт, дзякуючы якому аскепкі шрапнэлі не трапляюць да ягонага сэрца. Правадыр тэрарыстычнай групоўкі «Дзесяць колцаў» Раза прапануе Старку свабоду наўзамен на стварэньне для яго новапрадстаўленай ракеты, аднак Тоні й Інсэн разумеюць, што Раза не стрымае слова.

Удваёх яны таемна будуюць маленькі, але магутны электрагенэратар, названы дугавым рэактарам, які сілкуе Старкаў электрамагніт і браняпанцыр, з дапамогай якога вязьні спадзяюцца ўцячы. Калі панцыр амаль гатовы, Дзесяць колцаў здагадваюцца пра намеры закладнікаў і атакуюць лябараторыю. Інсэн спыняе іх, ахвяруючы сабою, аднак даючы магчымасьць Старку скончыць касьцюм. Браняваны Старк прабівае сабе дарогу вонкі, зьнішчае склад зброі Дзесяці колцаў і зьлятае, аднак пры падзеньні сярод пустыні разьбівае касьцюм. Яго выратоўвае падпалкоўнік Джэймз Роўдз. Вярнуўшыся на радзіму, Старк абвяшчае, што ягоная кампанія спыняе вытворчасьць зброі. Аднак ягоны кампаньён Абадыя Стэйн, партнэр Старкавага бацькі, не падтрымлівае гэтае рашэньне. У хатняй лябараторыі Старк стварае дасканалейшую і магутнейшую вэрсію бронекасьцюму ды магутнейшы дугавы рэактар для свайго электрамагніту. Ягоная памочніца Пэпэр Потс захоўвае стары рэактар на памяць як падарунак Старку. Не давяраючы Стэйну, Старк захоўвае сваё стварэньне ў таямніцы.

На дабрачыннай сустрэчы, скліканай «Stark Industries», журналістка Крыстына Эвэргарт паведамляе Стару, што зброя ягонай кампаніі, у тым ліку і «Ерыхон», пастаўленая «Дзесяці колцам» і скарыстаная пры наезьдзе на родную вёску Інсэна, Гульміру. Старк даведваецца, што Стэйн пастаўляе зброю злачынцам па ўсім сьвеце і рыхтуе пераварот, каб адхіліць Старка з пасады кіраўніка кампаніі. Старк апранае сваю новую браню і ляціць у Аўганістан, дзе ратуе жыхароў вёскі ад вынішчэньня. Па дарозе дадому яго атакуюць за парушэньне паветранае прасторы два зьнішчальнікі F-22 Raptor. Каб уратавацца, ён паведамляе пра сваё вынаходніцтва Роўдзу па тэлефоне. Тым часам Дзесяць колцаў знаходзяць у пустыні рэшткі прататыпу старкавага бронекасьцюму і паказваюць яго Стэйну; той аглушае Разу, пакуль ягоныя ахоўнікі зьнішчаюць усіх астатніх тэрарыстаў. На аснове абломкаў брані Стэйн адваротна распрацоўвае вялізны бронекасьцюм. Каб даведацца пра нелегальныя пастаўкі ягонай зброі, Старк просіць Потс узламаць базу зьвестак сваёй кампаніі. Яна выяўляе, што Стэйн наняў Дзесяць колцаў, каб забіць Старка, аднак групоўка ня выканала абяцаньня. Потс сустракаецца з агентам спэцслужбы Ш.Ч.Ы.Т. Філам Кулсанам і паведамляе яму пра дзейнасьць Стэйна.

Стэйнавы навукоўцы ня могуць прадубляваць мініятурны дугавы рэактар, таму Стэйн пераймае Старка ў ягоным доме і забірае рэактар зь ягоных грудзей. Старк здолеў дабрацца да арыгінальнага рэактару і засілкавацца ад яго. Потс і некалькі агентаў Ш.Ч.Ы.Т.у спрабуюць арыштаваць Стэйна, аднак ён нападае на іх у сваім бронекасьцюме. Старк б’ецца са Стэйнам, аднак са старым рэактарам ягоны новы бронекасьцюм ня здольны працаваць напоўніцу. У часе бойкі Старк і Стэйн узьбіраюцца на дах будынку Stark Industries, і Старк наказвае Потс перагрузіць вялікі дугавы рэактар, які сілкуе будынак. Адбываецца вялізны электрычны выбух, Стэйн падае ў рэактар і гіне ў выбуху. Наступнага дня на прэс-канфэрэнцыі Старк, нягледзячы на інструкцыі Ш.Ч.Ы.Т.у, адкрыта заяўляе пра сябе як пра супэргероя, вядомага як «Жалезны чалавек».

У пасубтрытравай сцэне да Старка прыходзіць кіраўнік Ш.Ч.Ы.Т.у Нік Ф’юры, які паведамляе, што Жалезны чалавек — не адзіны супэргерой у сьвеце, і прапануе Старку абмеркаваць «ініцыятыву Мсьціўцаў».

  Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.
 
Гоўард рыхтуецца да ролі, асвойваючы сімулытяр F-16

Вытворчасьць

рэдагаваць

Universal Studios набыла правы на вытворчасьць «Жалезнага чалавека» для кінаэкранаў у 1990 року. У 1996 правы перайшлі да 20th Century Fox. Сцэнар быў падрыхтаваны ў 1998 року, аднак праз год Fox прадала правы New Line Cinema, аргумэнтуючы гэта тым, што мае ў працы і так багата супэргерояў Marvel.

У 2000 быў напісаны новы сцэнар, праца над фільмам пачалася ў 2004 року, аднак праз два гады New Line Cinema вярнуў правы на экранізацыю Marvel. Marvel Studios пачала працу над фільмам ад пачатку. У 2006 рэжысэрам быў наняты Джон Фаўро, які зьмяніў сюжэт зь Віетнамскай вайной на аўганскую. Сцэнары пісалі асобна Арт Маркум & Мэт Голаўэй з аднаго боку, і Марк Фэргус & Гоўк Остбі зь іншага, пасьля чаго былі сабраныя ў адзін сцэнар.

Увосені 2006 пачаўся падбор актораў. Здымкі пачаліся ў сакавіку 2007 року ў колішніх гукапавільёнах кампаніі Hughes у Лос-Анджэлесе. Аўганскія сцэны фільмаваліся таксама ў Лоўн Пайне і ў пясчаных выдмах Аланчы.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Жалезны чалавек (фільм, 2008)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў