Дракула (па-ангельску: Dracula) — літаратурны пэрсанаж, галоўны антаганіст гатычнага раману Брэма Стокера «Дракула» і архетыпічны вампір. Верагодна, некаторыя з рысаў яго характару былі натхнёныя асобай румынскага генэрала XV ст. прынца Ўлада III Цэпэша. У Злучаных Штатах пэрсанаж перайшоў у грамадзкую ўласнасьць у 1899 годзе і з тых пор часта зьяўляецца ва ўсіх родах масавай культуры ад фільмаў да кароткіх анімацыяў і выяваў на каробках са сьняданачнымі хлоп'ямі.

Пэрсанаж «Дракулы»

Бэла Лугашы ў ролі графа Дракулы ў фільме «Дракула» 1931 году
Граф Дракула
Пол мужчынскі
Раса Вампір
Этнічнасьць Сэкеі
Саюзьнікі Нявесты Дракулы
Рэнфілд
Ворагі Джонатан Гаркер
Абрагам Ван Гэлсінг
Першае
зьяўленьне
«Дракула» (1897)
Аўтар Брэм Стокер

У рамане Стокера

рэдагаваць

У рамане Брэма Стокера біяграфія, асаблівасьці, сілы, здольнасьці і слабасьці графа Дракулы апісваюцца па хадзе разьвіцьця рамана рознымі героямі і з розных ракурсаў[1]. Найбольш зьмястоўнымі інфарматарамі зьяўляюцца Джонатан Гаркер, Абрагам Ван Гэлсінг і Міна Гаркер.

Біяграфія

рэдагаваць

Граф Дракула (яго першае імя нідзе не падаецца ў рамане) — старажытны вампір, маг і трансыльванскі дваранін, які жыве на працягу стагодзьдзяў і належыць да сэкеяў, якія вядуць род ад Атылы. Жыве ў старым замку пасярод карпацкіх гор ля перавалу Борга. У адрозьненьне ад вампіраў усходнеэўрапейскага фальклёру, якія паказваюцца агіднымі, трупападобнымі істотамі, Дракула выдзяляецца артыстакратычным шармам, які маскіруе яго злую прыроду.

Дэталі яго ранейшага жыцьця ня высьветленыя, але падаецца, што хутчэй за ўсё ён вывучаў чорную магію ў легендарнай акадэміі Шаламанс, якая ўзвышаецца над горадам Сыбіў (таксама вядомы як Германштадт), у выніку чаго ён стаў па-майстэрску валодаць алхіміяй і магіяй[2]. Раней узяўшыся за зброю, як належыць яго пасадзе і статусу «ваяводы», ён вёў свае войскі супраць туркаў уздоўж Дуная.

Будучы пахаваным у вялікім маўзалеі яго замку, Дракула вяртаецца да жыцьця вампірам і жыве некалькі стагодзьдзяў у сваім замку з трыма жанчынамі-вампірамі, якія гэтаксама пахаваныя і ляжаць па-за магілай самога Дракулы[3]. Яго стасункі з так званымі «нявестамі Дракулы» зьяўляюцца інтымнымі, і двое зь іх, як бачна, маюць сямейнае падабенства[4]. Ці зьяўляюцца яны яго палюбоўніцамі, сёстрамі[5], дачкамі[6] ці інцэстуальнай камбінацыяй усяго раней пералічанага, як у некаторых выказаных гіпотэзах[6], у тэксьце да канца не высьвятляецца.

Падзеі раману адбываюцца напрыканцы XIX стагодзьдзя. Дракула дзейнічае ў адпаведнасьці са сваім плянам пераезду ў Лёндан. Ён выклікае Рэнфілда, салісітара яго замка, каб купіць Карфакскае абацтва ў Лёндане. Пасьля спатканьня з графам Рэнфілд пакрысе губляе свой розум і, каб аказаць юрыдычную дапамогу ў заключэньні пагадненьня па выкупу нерухомасьці, на яго месца прызначаецца Джонатан Гаркер, новы кваліфікаваны салісітар. Дракула спачатку зачароўвае Гаркера сваёй гасьціннасьцю і веданьнем гісторыі. Пазьней ён выратоўвае яго са сьмяротных абдымкаў сваіх нявестаў. Але пасьля таго, як Дракула ўбачыў партрэт Міны Мюрэй, нявесты Гаркера, граф, тым ня менш, жадае ўтрымліваць Гаркера жывым толькі на тэрмін, пакуль не завяршыцца фінансавая транзакцыя (купля Карфакскага абацтва ў Лёндане) і ён ня вывучыць як мага болей пра Англію.

Дракула пакідае замак і садзіцца на расейскі карабель «Дэмэтрый», беручы з сабой боксы з трансыльванскай глебай, якая патрэбная яму дзеля захаваньня сваёй сілы. Падчас паездкі ва Ўітбі, у прыбярэжнае мястэчка паўночнай Англіі, ён спаталяе свой голад на камандзе карабля. Пазьней было знойдзена толькі цела капітана, якое знайшлі трымаючымся за стырно карабля. Былі адноўленыя капітанскія запісы, дзе распавядаецца пра дзіўныя падзеі, якія мелі месца падчас карабельнага падарожжа. Дракула пакідае карабель ў выглядзе воўка.

Неўзабаве граф пачынае перасьледваць адданую нявесту Гаркера Вільгэльміну «Міну» Марэй і яе эксцэнтрычную сяброўку Люсі Ўэстэнра. У рамане таксама назіраецца вартая ўвагі сувязь Дракулы і Рэнфілда, першага салісітара, цяпер пацыента псыхіятрычнага шпіталю, які вымушаны спажываць насякомых, павукоў, птушак і іншых істотаў (у парадку ўзрастаньня памеру жывёлаў) дзеля таго, каб увабраць іхнюю «жыцьцёвую сілу». Рэнфілд паводзіць сябе як сэнсар, рэагуючы на блізкае месцапалажэньне Дракулы і адпаведна даючы належныя ўказаньні. Дракула пачынае па начох наведваць спальны пакой Люсі, высмоктваючы яе кроў і адначасова заражаючы яе пракляцьцем вампірызму. Кампаньёны Люсі, ня ведаючы сапраўднай прычыны пагаршэньня яе стану здароўя, запрашаюць галяндзкага доктара мэдыцыны Ван Гэлсінга, мінулага настаўніка аднаго з прыхільнікаў Люсі. Ван Гэлсінг неўзабаве вызначае звышнатуральную прыроду яе становішча, але адразу яе не агалошвае, нягледзячы на свае спробы ўтрымаць пераўтварэньне Люсі часныком. Ван Гэлсінг таксама робіць Люсі непазьбежнае пераліваньне крыві ад усіх прысутных мужчынаў, уключаючы сябе, без аніякай увагі на дапасавальнасьць групы крыві. Дракула вываблівае Люсі позна ноччу зь яе пакоя і выпівае яе кроў, тым самым забіваючы яе і пераўтвараючы ў нежывую істоту.

Ван Гэлсінг з групай людзей уваходзіць у склеп Люсі і забівае яе. Пасьля яны ўрываюцца ў рэзыдэнцыю Дракулы ў Карфаксе і зьнішчаюць усе боксы з трасыльванскай зямлёй, пазбаўляючы Дракулу магчымасьці рэгенэрацыі і адпачынку. Дракула пакідае Англію, каб вярнуцца на сваю бацькаўшчыну, так і ўкусіўшы Міну.

Апошні разьдзел раману апісвае пагоню мужчынаў за Дракулай па Трансыльваніі. У кульмінацыйнай бітве з падначаленымі графу цыганскімі ахоўнікамі Дракула загінае. Нягледзячы на папулярнае меркаваньне пра тое, што Дракула быў сьмяротна паранены асінавым калом у сэрца, аповед Міны ў рамане адзначае, што Джонатан Гаркер перарэзаў яму горла крывым нажом, а Кўінсі Морыс пратыкнуў сэрца графа нажом боўі (Дзёньнік Міны Гаркер, 6 лістапада, Дракула, частка 27).

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Carol N. Senf «Dracula: The Unseen Face in the Mirror» in the Norton Critical Edition of Dracula (1997) by Bram Stoker, edited by Nina Auerbach and David J. Skal: 421-31  (анг.)
  2. ^ Dracula Chapter 18 and Chapter 23  (анг.)
  3. ^ Dracula Chapter 27  (анг.)
  4. ^ Dracula Chapter 3  (анг.)
  5. ^ Note in Chapter 3 of the Norton Critical Edition of Dracula (1997): page 42  (анг.)
  6. ^ а б Christopher Craft "Kiss Me with Those Red Lips: Gender and Inversion in Bram Stoker's Dracula" in the Norton Critical Edition of Dracula (1997): 444-59  (анг.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Дракула (пэрсанаж)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў