Дзень усіх сьвятых

хрысьціянскае сьвята

Урачы́стасьць Усі́х Сьвяты́х (па-лацінску: Festum Omnium Sanctorum) — хрысьціянскае сьвята на ўшанаваньне ўсіх вядомых і невядомых сьвятых і мучанікаў, якія знаходзяцца ў небе з Богам. Урачыстасьць усіх Сьвятых выводзіцца галоўным чынам з пашаны аддаванай мучанікам, якія аддалі сваё жыцьцё для Хрыста, а якіх не ўспамінаюць у мясцовых мартыралёгіях (кнігах памерлых) ані ў каноне Сьвятой Імшы. У ІІІ стагодзьдзі пасьля нараджэньня Хрыста распаўсюдзілася традыцыя пераносін цэлых рэліквіяў сьвятых, альбо іх частак на іншае месца. Такім чынам хацелася падкрэсьліць, што сьвятыя зьяўляюцца ўласнасьцю ўсяго касьцёла. Калі ў 610 годзе папа Баніфацыюс IV атрымаў ад кесара старажытную паганскую сьвятыню Пантэон, загадаў скласьці там шматлікія рэліквіі і асьвяціў гэтую будоўлю на касьцёл Маці Божай Мучанікаў. Ад таго моманту ўсіх памерлых мучанікаў ушаноўвалі 1 траўня. Папа Грыгорыюс III у 731 годзе перанёс гэтую ўрачыстасьць на 1 лістапада, а ў 837 годзе папа Грыгорыюс IV загадаў, каб дзень 1 лістапада быў прысьвечаны памяці ня толькі мучанікаў, але і ўсім сьвятым Паўсюднага Касьцёла. Наступны дзень пасьля Ўрачыстасьці Ўсіх Сьвятых (2 лістапада) адзначаем успамін памерлых. Для хрысьціян гэта дзень малітваў за ўсіх веруючых ў Хрыста, якія адышлі з гэтага сьвету, а цяпер знаходзяцца ў чысцы. Ад пачатку ХІІІ стагодзьдзя гэтая традыцыя распаўсюдзілася па цэлым Касьцёле. У ХІV стагодзьдзі пачалі праводзіць у гэты дзень працэсіі па могілках да чатырох стацыяў (алтароў). Каля стацыяў маліліся за памерлых і сьпявалі жалобныя песьні. Пятая стацыя адбывалася ў касьцёле, пасьля вяртаньня працэсіі з могілак. Гэтыя традыцыі захаваліся і да нашых часоў. У гэтыя дні хрысьціяне наведваюць магілы сваіх памерлых родзічаў і знаёмых, удзельнічаюць у Сьвятой Імшы, моляцца. Існуе старадаўняя традыцыя запальваньня сьвечак на магілах і складаньня кветак, вянкоў і іншых аздобаў, якія зьяўляюцца сымбалем памяці аб памерлых.