Гісторыя Таранта
Гісто́рыя Тара́нта (па-італьянску: Taranto, па-лацінску: Tarentum) пачынаецца ў VIII стагодзьдзі да н. э., нягледзячы на сьведчаньні, якія сьцьвярджаюць існаваньне паселішча ў дагістарычныя часы.
- Калі вас нехта запытае, як Таранта набыў сваю вяліч і такім застаецца,
- альбо як павялічыць ягонае багацьце,
- адкажыце са спакойнай душой і радасьцю ў сэрцы:
- дзякуючы добрай сельскай гаспадарцы, дзякуючы лепшай сельскай гаспадарцы,
- дзякуючы найлепшай сельскай гаспадарцы. Архіт Тарэнцкі, Прысьвячэньне тарэнцам
Таранта быў заснаваны ў другой палове VIII стагодзьдзя да н. э. (паводле Эўсэбіюса Пампіліюса ў 706 годзе да н. э.) як адзіная існуючая грэка-спартанская калёнія. Выбару месца для паселішча паспрыяла выдатнае стратэгічнае месцазнаходжанне, якое давала грэкам магчымасць замацаваць свае прэтэнзіі ў рэгіёне. Спартанцы зьнішчылі існавалае мясцовае паселішча, але адначасава прынесьлі з сабой новую культуру і новыя традыцыі. Грамадзкая структура калёніі ператварылася ў выніку свайго разьвіцьця ў арыстакратычную культуру, багацьце якой узьнікла найверагодней дзякуючы эфэктыўнаму выкарыстаньню рэсурсаў плодных земляў навакольля. Адбылося дастаткова хуткае засяленьне рэгіёну, а для абароны стратэгічных пазыцыяў быў узьведзены шэраг невялічкіх узмацьненьняў.
Паводле легенды, горад быў заснаваны парфэнійцамі (сыны нешлюбаных жанчын Спарты) і пэрыёкіямі (свабодныя мужчыны, але не спартанцы) з Ляконіі. Палянтус — правадыр парфэнійцаў — зьвярнуўся перад ад’ездам да Дэльфійскага праракальніка, які прадказаў, што Палянтусам будзе заснаваны горад на мысе Сатырыён (сёньня Сатура) і ў горадзе гэтым будзе ісьці дождж сярод яснага неба (па-грэцку: ethra), «Засяляйце багатую краіну Япігаў і вы будзеце іхным заняпадам», — мовіў Дэльфійскі прадракальнік. Фалантус вырушыў у спадарожжа й неўзабаве дасягнуў утокі ракі Тара. Аднойчы вечарам ён засынаў са сваёй жонкай у замку. Жанчына ўспамінала аб таямнічым прадраканьні прадракальніку й, ня ведаючы як яго растлумачыць, пачала ўсьліпваць, а потым залілася горкімі сьлязьмі. Ейныя сьлёзы капалі і ліліся на твар мужа Палянтуса. Так нечакана знайшлося раптоўнае тлумачэньне таямнічага прадраканьня: ішоў дождж сярод яснага неба, — сьлёзы ягонае жонкі Ethra. Загадка была вырашана й Палянтус пачаў рыхтавацца да заснаваньня горада, які ён назваў Сатура.
Грэцкі гісторык і географ Страбон сьцьвярджае ў Геаграфіцы (4-ы том), што да заснаваньня гораду Палянтус змагаўся зь мясцовымі барбарамі і крытцамі, а пасьля перамогі заснаваў горад Таранта. Прыблізна такія ж зьвесткі аб заснаваньні гораду, хоць і ў некаторых выпадках і зь некалькі іншае афарбоўкай сустракаюцца ў творах Арыстотэля (Палітыка, Том V,6), Тэапомпа, Дыядора, Дыянісіюса Халікарнаскага, Палібіюса. Пералічаныя аўтары ў сваю чаргу прытрымліваюцца зьвестак з крыніц рукі Антыёхаса I — заснавальніка калёніяў, і Эфоруса, грэцкага гісторыка. Усе антычныя аўтары пагаджаюцца з тым, што да заснаваньня гораду мелі дачыненьне ляканійцы, а дакладней кажучы спартанцы, а таксама й з тым, што прычынай вялікага наплыву бегляроў у рэгіён было іхнае паходжаньне — яны былі байструкамі. Другой прычынай моцнага прытоку бегляроў было непагаджэньне з палітыкай дваранскае арыстакратыі, якая трымала ўладу і кантроль над горадам.
Бегляры шукалі ў далёкіх рэгіёнах свабоду і зямлю, прыгодную пад земляробства й сельскае гаспадаркі. Калі ляканійцы дасягнулі новае зямлі, гэтыя тэрыторыі ўжо былі заселеныя іншымі народамі грэцкага, а часткай ўсходняга паходжаньня, — пасалгамі. У сваіх творах Дыянісіюс Халікарнаскі паведамляе аб тым, што першымі грэкамі, якія перасяклі Іянічнае мора, былі аркадыі; пасьля іх былі мэсапэры і япігі. Паводле Дыянісіюса Халікарнаскага, яны засялілі паўднёвую Італію і Сыцылію і ў 1141 годзе прыйшлі ў Апулію.[1]
Другая тэорыя заснаваньня Таранта датуецца 2019 годам да н. э. (1266 гадоў да заснаваньня Рыму), паводле якой заснавальнікам гораду быў Тарас, сын марскога бога Пасэйдона. У час марской буры Тарас цудам пазьбег сваёй сьмерці, яго выратаваў дэльфін і прынёс яго да вытокі ракі Тара. Па гэтай легендзе Тарас заснаваў два гарады:
- Тарас (пазьней Таранта) і
- Сатура (назва паходзіць ад імя яго жонкі Сатырыён)
Аднойчы Тарас згінуў у рацэ, а ягоны бацька абвясьціў яго героям. Сваю павагу і пакланеньне да бога Пасэйдона жыхары антычнага гораду ўшанавалі пабудовай храма.
Паводле некоторых іншых крыніц, горад быў заснаваны Гераклам.
Моц Таранта паступова расла, горад зь цягам часу ператварыўся ў буйны гандлёвы цэнтар і незалежны квітнеючы горад Вялікае Грэцыі, які ўжо мог ажыцьцяўляць кантроль над грэцкімі калёніямі ў Паўднёвае Італіі.
Пасьля сьмерці Пітагора ў Мэтапоньце (прыблізна ў 510 годзе) каля 35 прыхільнікаў ягонае школы перасялілі ў Таранта, а потым спалілі з-за нязгоды з пазыцыямі кіроўнае клясы. Але і пасьля гэтага здарэньня ў Таранта працягвае сваё далейшае разьвіцьцё філязофская школа Пітагора.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ La Magna Grecia, 1990, S. 12
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|