Гіпнічная спазма
Гіпнічная спазма, гіпнагагічная спазма, сонная сутарга — міжвольнае паторгваньне(en) чалавечага цела ў самым пачатку засынаньня, з-за якога можа адбыцца раптоўнае абуджэньне. Фізычна гіпнічная спазма нагадвае «падскокваньне» ад пераляку, пры гэтым чалавек можа адчуваць рэзкае падзеньне[1], хуткае сэрцабіцьцё, пачашчэньне дыханьня, потавывядзеньне[2]. Гэтая зьява часьцей праяўляецца ў людзей з парушэньнем графіку сну.
Паводле Амэрыканскай акадэміі тэрапіі сну, існуе шырокі спэктар патэнцыйных прычынаў узьнікненьня гіпнічных спазмаў: трывога, кафэін, стрэс і напружаная вечаровая дзейнасьць. Тым ня меней, большасьць сонных сутаргаў здараюцца выпадкова ў здаровых людзей. Паводле дасьледаваньня парушэньняў сну ў «Journal of Neural Transmission» спазмы адбываюцца ў фазе павольнага сну(en) і ўяўляюць сабой «рэзкія згінальныя рухі цягліцаў, агульныя ці частковыя, асымэтрычныя, якія могуць выклікаць абуджэньне, зь ілюзіяй падзеньня»[3]. Гіпнічныя спазмы часьцей сустракаюцца ў дзяцей: 4-7 разоў у гадзіну ў дзяцей 8-12-гадовага веку, зьмяншаючыся да 1-2 разоў у гадзіну ў веку ад 65 да 80 гадоў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Brain Basics: Understanding Sleep (анг.). National Institute of Neurological Disorders and Stroke. Праверана 6 ліпеня 2017 г.
- ^ Lauren F Friedman. (21 траўня 2014) Why You Sometimes Feel Like You're Falling And Jerk Awake When Trying To Fall Asleep (анг.) Science. Business Insider. Праверана 6 ліпеня 2017 г.
- ^ J. J. M. Askenasy. Sleep disturbances in Parkinsonism (анг.) // Journal of Neural Transmission. — Springer-Verlag, February 2003. — В. 2. — Т. 110. — С. 125—150. — DOI:10.1007/s007020300001
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Том Стэфард. Чаму вашае цела дзёргаецца перад засынаньнем (анг.) // Бі-Бі-Сі