Гамзат-бэк
Гамзат-бэк (1789, аул Гацатль — 19 верасьня 1834) — імам Дагестану й Чачэніі (1832—1834).
Паводле паходжаньня чанка. Сын нашчадка Мухаммад-хана Казыкумускага, Аліскандыр-бэка, вэзыра Разуму-хан-нуцала Аварскага (1775—1801). Найбліжэйшы паплечнік і пасьлядоўнік імама Газы-Магамэда. Падпарадкаваўшы шэраг аварскіх паселішчаў па берагах Аварскага й Андыйскага Койсу (Гімры, Ашыльта, Ірганай, Унцукуль, Аракані), накіраваў галоўны ўдар супраць рэзыдэнцыі ханаў Аварыі — крэпасьці Хунзах. Гамзат-бэк запатрабаваў ад ханкі Баху-біке ўвядзеньня законаў шарыяту ў Аварыі, прызнаньня імамства Гамзат-бэка і ўдзелу Аварыі ў газаваце супраць Расеі. Перамовы з ханкай не далі жаданых вынікаў, пасьля чаго войскі Гамзат-бэка захапілі Хунзах і вынішчылі ўсіх спадчыньнікаў ханскага дому. Помсьцячы за зробленае, падчас пятніцкае малітвы ў Хунзахе Гамзат-бэк быў забіты сваякамі ханскае сям’і братамі Асманам і Хаджы-Муратам.