Гадроны
Гадроны (ад ст.-грэц. ἁδρός — моцны, цяжкі) — кляса элемэнтарных часьцінак, якія ўдзельнічаюць у моцным узаемадзеяньні. Да гадронаў належаць мэзоны, барыёны і ўсе рэзанансы. Моцнае ўзаемадзеяньне адрозьнівае гадроны ад лептонаў і фатонаў, для якіх характэрны толькі слабыя і электрамагнітныя ўзаемадзеяньні. Што тычыцца клясыфікацыі гадронаў, то агульнапрынятай лічыцца клясыфікацыя на падставе ўнітарнае сымэтрыі, паводле якой гадроны аб’ядноўваюцца ў групы (унітарныя мультыплеты). Унітарная сымэтрыя прывяла да гіпотэзы пра існаваньне больш фундамэнтальных часьцінак — кваркаў, зь якіх у некаторым сэнсе і пабудаваны гадроны.
У апошні час былі выяўленыя так званыя экзатычныя гадроны, якія таксама моцна ўзаемадзейнічаюць, але ня ўкладваюцца ў рамкі кварк-антыкваркавае ці трохкваркавае клясыфікацыі гадронаў. Некаторыя гадроны пакуль проста падазраюцца ў экзатычнасьці.
Экзатычныя гадроны падзяляюцца на:
- Экзатычныя барыёны, у прыватнасьці пентакваркі, мінімальны кваркавы склад якіх — 4 кваркі и 1 антыкварк.
- Экзатычныя мэзоны — у прыватнасьці гадронныя малекулы, глюболы і гібрыдныя мэзоны.