Віртус Балёньня

італьянскі баскетбольны клюб

«Ві́ртус» (па-італьянску: Virtus) — італьянскі баскетбольны клюб з Балёньні. Спаборнічае ў Сэрыі А і Эўралізе. Клюб быў заснаваны ў 1929 годзе, што робіць яго найстарэйшым клюбам Італіі і адным з найстарэйшых у Эўропе. «Віртус» ёсьць другім паводле колькасьці тытулаў баскетбольным клюбам краіны, саступаючы ў гэтым паказьніку мілянскай «Алімпіі». На сваім рахунку балёнцы маюць дзьве перамогі ў розыгрышах Эўралігі. Уладальнікам клюбу ёсьць кававы прадпрымальнік Масыма Дзанэцьці[1].

Віртус

Заснаваны 1929
Месцазнаходжаньне БалёньняІталія
Арэна Віртус-Сэгафрэда-арэна
Зьмяшчальнасьць: 9980
Галоўны трэнэр Душка Іванавіч
Чэмпіянат Сэрыя А
Форма
Клюбныя колеры          
Спасылкі
Афіцыйная бачына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

«Віртус» быў заснаваны ў 1871 годзе як гімнастычны клюб, а сваю першую прафэсійную баскетбольную каманду займеў у 1929 годзе. У тым жа годзе каманда брала ўдзел у першым чэмпіянаце. Гэтак з 1929 па 1934 гады «Віртус» спаборнічаў у першым і другім дывізіёнах чэмпіянату Эміліі. У 1934 годзе балёнская каманда перамагла ў розыгрышы свайго рэгіёну, атрымаўшы павышэньне ў больш моцны турнір пасьля напружаных матчаў плэй-оф супраць мілянскана «Ўніёнэ» і рымскай «Джынастыкі». Капітанам той каманды быў Вэнца Ваніні, а сярод іншых ключавых гульцоў вылучаліся Джузэпэ Пальміеры і Джанкарлё Марынэльлі.

 
Каманда сэзону 1945—1946 гадоў.

Пасьля павышэньня «Віртус» трывала замацаваўся ў элітным дывізіёне нацыянальнай баскетбольнай лігі, дасягнуўшы шэрагу ганаровых вынікаў. Гэтак цягам дзевяці чэмпіянатаў, згуляных з 1935 году да пачатку Другой сусьветнай вайны, клюб шэсьць разоў займаў другім радок, двойчы быў трэцім і толькі адзін раз спыняўся на шостым месцы. Тым ня менш, балёнцы за гэты час ня здолелі здабыць аніводны нацыянальны тытул. Па Другой сусьветнай вайне заля Санта-Лючыя ня была прыдатная да баскетбольных матчаў, таму пасьля кароткага часу на адкрытым полі на Вія дэль Равонэ каманда пераехала ў будынак біржы, які ўвечары пераабсталёўваўся дзеля ладжаньня тут баскетбольных матчаў. Гэтая незвычайная пляцоўка стала знакавай для новага этапу італьянскага баскетболу[2]. У ліпені 1945 году «Віртус», дзякуючы Ачыле Канны, Люіджы Рапіні і Антоніё Калеботы, здабыла свой першы тытул чэмпіёну краіны, перамогшы ў фінале вэнэцыянскі «Рэер» зь лікам 35:31[3]. Ужо праз год каманда абарніла свой тытул, а званьня чэмпіёнаў «Віртус» таксама дамагаўся ў 1948 і 1949 гадах.

У сэзоне 1949—1950 гадоў каманда заняла другі радок, прапусьціўшы наперад мілянскую «Алімпію». Менавіта ў гэты час пачалося даўняе суперніцтва паміж клюбамі, вядомае як італьянскае дэрбі[4]. «Алімпія» дамінавала ў айчынным баскетболе наступныя чатыры гады, у той час як «Віртус» у 1952 і 1953 гадах быў другім. У 1954 годзе новым галоўным трэнэрам стаў Віторыё Тракуццы, які таксама заставаўся гульцом клюбу, выконваючы ролю як баскетбаліста, гэтак і трэнэра. Пад ягоным правадырствам балёнцы здабылі ўжо пяты тытул чэмпіёнаў. Праз павелічэньне папулярнасьці «Віртусу», біржавая заля перастала адпавядаць патрабаваньням каманды. У 1956 годзе мэр гораду Джузэпэ Доцца адкрыў новую арэну, вядомую як спартовая заля, якая была здольная зьмясьціць больш за 7 тысяч гледачоў. З 1956 па 1960 гады балёнцы стала былі толькі другімі, заўсёды саступаючы свайму галоўнаму суперніку зь Міляну. У 1960 годзе з каманды сышоў Тракуццы, застаўшыся адным з найлепшых трэнэраў за ўсю гісторыю клюбу[5]. 1960-я гады былі ня вельмі ўдалымі для клюбу.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць