Вікіпэдыя:Прэс-рэлізы/ВЛЗ-2021
Міжнароднае спаборніцтва «Вікі любіць Зямлю-2021» у Беларусі
Цягам чэрвеня—ліпеня 2021 году беларускія вікіпэдысты ладзяць мясцовае кола 9-га штогадовага спаборніцтва «Вікі любіць Зямлю» («ВЛЗ»).
Удзельніцы і ўдзельнікі ствараюць артыкулы пра заказьнікі і помнікі прыроды Беларусі ў Беларускай Вікіпэдыі. За найбольшы іх лік можна атрымаць узнагароду на суму: 100 $ — за 1-е месца, 60 $ — за 2-е і 40 $ — за 3-е. Можна рабіць здымкі помнікаў прыроды і маляўнічых краявідаў, якія варта загружаць у Вікісховішча, каб праілюстраваць артыкулы ў вольнай энцыкляпэдыі Вікіпэдыя. Для загрузкі падыдуць выявы ўсялякіх прыродных абшараў, як дзяржаўнай, гэтак і мясцовай значнасьці. Кожны здымак мае:
- быць зьнятым і загружаным самастойна;
- быць загружаным у Вікісховішча ад 1 чэрвеня да 31 ліпеня 2021 году паводле беларускага часу;
- быць пад вольнай ліцэнзіяй;
- зьмяшчаць вызначаны заказьнік, помнік прыроды або іншы прыродаахоўны абшар Беларусі.
Можна ўдзельнічаць у «ВЛЗ» зь некалькімі здымкамі прыродаахоўных земляў Беларусі. Варта мець дзейны адрас электроннай пошты ў Наладах уліковага запісу. Да 1 верасьня 2021 году журы абвяшчае 10 пераможцаў для ўдзелу ў міжнародным коле фотаспаборніцтва ад Беларусі. На ўзнагароду вылучаюць здымкі з разрозьненьнем прынамсі 2 мэгапіксэлы. Пры вызначэньні пераможцаў журы прымае да ўвагі: выразнасьць, выкарыстаньне сьвятла і пэрспэктыву здымка, непаўторнасьць і карыснасьць выявы для Вікіпэдыі. Пераможцы беларускага кола «ВЛЗ» атрымаюць узнагароды на суму: 300 $ — за 1-е месца, 200 $ — за 2-е і 100 $ — за 3-е.
Загружаць здымкі варта праз «Майстар загрузкі» з наладкай да спаборніцтва. Магчыма скарыстаць мабільнае дастасаваньне і прыладу «Вікунья» для масавай запампоўкі ў Вікісховішча. Падрабязьней пра спаборніцтва на старонках «ВЛЗ-2021» у Беларускай Вікіпэдыі, «ВЛЗ-2021» у Беларусі на Вікісховішчы і на міжнароднай старонцы «ВЛЗ-2021».