Вядзьмарскія знакі

У цыклу кніг Анджэя Сапкоўскага «Сага пра Ведзьмара» можна знайсьці апісаньні некаторых так званых «знакаў». Насамрэч гэта прымітыўныя чары, што патрабуюць мінімум здольнасьцяў. З-за таго, што ўсе гэтыя чары ўтвараюцца пры дапамозе жэстаў, яны называюцца «знакамі». Ведзьмары, што не валодалі магіяй, павінныя былі піць спэцыяльныя ўзвары для мажлівасьці карыстацца «знакамі».

Сьпіс знакаў рэдагаваць

Знак Аард.

Назва перакладаецца са Старэйшай мовы як «найвышэйшы», але насамрэч гэта самыя прымітыўныя чары. Эфэкт чараў — моцны штуршок паветра (накіраванага магічнай энэргіяй) у бок таго, на што гэты знак накіраваны. Ведзьмары вывучылі гэты знак досыць добра й могуць выкарыстоўваць яго з даволі вялікай сілай.

Знак Ігні.

Назва паходзіць з лаціны й значыць «агонь» і вельмі трапна апісвае сутнасьць гэтага знаку. Утворанае з дапамогай гэтых чараў полымя можа мець розную сілу й памер, але гэты знак дзейнічае толькі на невялікай адлегласьці й ня можа быць выкарыстаны як вядомыя па шматлікіх RPG чары — «агністая куля».

Знак Гэліятроп.

Зноўку назва паходзіць з лаціны, аднак ня мае дачыненьня да сутнасьці знаку. Знак гэліятропу выкарыстоўваецца для аховы ведзьмара ад магіі. Аднак ягонае дзеяньне не дасканалае й часьцей за ўсё толькі памяньшае эфэкт чараў.

Знак Куэн

Знак стварае вакол ведзьмара магічную заслону, што ахоўвае яго ад зьнешніх узьдзеяньняў. Аднак аб’екты, што маюць вялікую хуткасьць (напрыклад стрэлы), усё ж такі могуць прабіць заслону.

Знак Аксый.

Тэлепатычны знак, часьцей за ўсё выкарыстоўваецца дзеля заспакойваньня жывёлаў (напрыклад коней), якія маглі б спужацца ці ўцячы. У дачыненьні да больш «складаных» істотаў (кшалту людзей) знак патрабуе вялікіх затратаў энэргіі й больш складаных жэстаў.

Знак Юрдэн.

Пра гэты знак вядома няшмат. Адзінае — вядома, што ён выкарыстоўваецца для таго, каб зачыняць ці адчыняць аб’екты. Аднак ягонае дзеяньне невядомае: мажліва, ён стварае магічную заслону.