Вэнэцыянская Біблія
Вэнэцыя́нская Бі́блія 1506 року (па-чэску: Bible benátská), Біблія чэская ў Вэнэцыі друкаваная (чэск. Biblij Cžeská W Benátkach tissťená[1]) — трэцяе пасьля Праскага(cs) (1489) і Кутнагорскага(cs) (1489) друкаванае выданьне Бібліі на чэскай мове. Лічыцца, што гэтым выданьнем актыўна карыстаўся Францішак Скарына пры перакладзе біблейскіх кніг.
Выдаўцы
рэдагавацьБіблія была надрукаваная ў 1506 року ў Вэнэцыі, якая ў той час стала адным з цэнтраў славянскага кнігадрукаваньня. Такім чынам, гэта першая чэская Біблія, выдадзеная за мяжой, у друкарні нямецкага майстра Пэтэра Ліхтэнштайна. Выдаўцамі Бібліі былі праскія мяшчане-чашнікі(cs): Ян Глаўса, Вацлаў Сова і Бурыян Лазар, карэктарамі — Ян Індржыскі і Томаш Молэк. На думку выдаўцоў, пераклад павінен быў стаць сродкам барацьбы супраць Рымскай курыі ў разьвіцьці славянскай літаратуры на роднай мове.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
рэдагавацьБіблія надрукаваная чэскай бастардаю(de) і зьмяшчае 109 дрэварытаў. Існуе меркаваньне, што гравюры запазычаныя з лацінскай Бібліі 1498 року, выдадзенай таксама ў Вэнэцыі; аднак большасьць ілюстрацыяў была папулярнай у чэскіх рукапісных кнігах папярэдніх стагодзьдзяў.
Упершыню ў гэтай чэскай Бібліі зьявіўся тытульны аркуш; на ім зьмешчаны тэкст «Біблія чэская ў Вэнэцыі друкаваная» і каляровы сымбаль Прагі. Усе наступныя ўтраквісцкія Бібліі і нават першыя выданьні Краліцкай Бібліі таксама мелі на тытульных лістах тэкст «Біблія чэская»; толькі з аднатомнага перавыданьня Краліцкай Бібліі тэкст быў зьменены на «сьвятая Біблія».
Выданьне пачынаецца вялікай прадмовай (на 10 старонак), у якой сфармуляваныя мэты выданьня: праслаўленьне багатых выяўленчых магчымасьцяў чэскай мовы і садзейнічаньне пашырэньню біблейскіх тэкстаў сярод усіх славянскіх народаў. У выданьні выкарыстоўваюцца кантынуацыі (кароткі зьмест разьдзелу) і канкарданс (пазначэньне паралельных месцаў зь перакрыжаванымі спасылкамі); гэтымі прыёмамі пасьля скарыстаўся і Францішак Скарына. Некаторыя разьдзелы дапоўненыя; так, зьявіўся пераклад 4-ай кнігі Эздры(en), якога не было ў папярэдніх выданьнях.
Тэкст выданьня ўяўляў разьвіцьцё і ўдасканаленьне традыцыі чэскіх біблейскіх перакладаў. Так, пры перакладзе былі ўлічаныя «парады вучоных праскіх мужоў» (магчыма, прафэсараў Праскага ўнівэрсытэту). За аснову выданьня ўзятая Кутнагорская Біблія, але ўнесеныя зьмены з улікам разьвіцьця правапісу і граматыкі. У гэтай Бібліі ўпершыню зьяўляецца пазначэньне даўжыні чэскіх галосных з дапамогай коскі ці падвоеных галосных. Галоўнымі зьменамі ў граматыцы сталі замена імпэрфэкту складаным прэтэрытам(en), аорыст застаўся толькі ў асобных выпадках, як і ў папярэдніх Бібліях (то бок пераважна ў дзеяслове jíti). Моўныя новаўвядзеньні былі настолькі рэвалюцыйныя, што выклікалі значнае абурэньне, у тым ліку сярод Чэскіх братоў, якія ў выніку заняліся ўласным перакладам (Краліцкая Біблія).
Біблія 1506 року моцна паўплывала на наступныя чэскія выданьні 1529, 1537(cs), 1540(cs), 1549(cs) і шырока выкарыстоўвалася аж да апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя ня толькі пратэстантамі, але і каталікамі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Biblij Cžeská W Benátkach tissťená (чэс.). Jihočeská vědecká knihovna v Českých Budějovicích. Праверана 16 чэрвеня 2017 г.
Літаратура
рэдагаваць- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3