Выпрабаваньне Рычарда Фэвэрэла

Выпрабаваньне Рычарда Фэвэрэла: Гісторыя бацькі і сына (па-ангельску: The Ordeal of Richard Feverel: A History of Father and Son) — першы буйны празаічны твор Джорджа Мэрэдыта, апублікаваны ў 1859 годзе. Праз строгую выбудову псыхалягічнага аналізу і крытыку тагачаснага стаўленьня да гендэрнага пытаньня, некаторымі крытыкамі твор быў названы першым мадэрновым раманам ангельскай літаратуры[1].

Выпрабаваньне Рычарда Фэвэрэла
The Ordeal of Richard Feverel
Жанр: філязофскі раман
Аўтар: Джордж Мэрэдыт
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 1859
Выдавецтва: Chapman & Hall

У канве раману распрацоўваецца ідэя аб няздольнасьці якой-колечы адукацыйнай сыстэмы кантраляваць палкія пачуцьці чалавека. Напісаны ў форме Bildungsroman (рамана выхаваньня). Мае аўтабіяграфічныя рысы.

Дзеяньне рамана разгортваецца ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў адным з заходніх графстваў Ангельшчыны[2]. Ад уладальніка маёнтка Рэйнэм Абі сэра Остына Фэвэрэла сыходзіць жонка, пакінуўшы на яго апеку малалетняга сына Рычарда. Будучы перакананым у разбэшчанасьці школаў, сэр Остын, навуковы гуманіст, дае адукацыю свайму сыну дома. Для ажыцьцяўленьня сваёй пэдагагічнай мэты сэр Остын стварае «сваю Сыстэму выхаваньня». Яна ўключае ў сябе строгі нагляд за ўчынкамі сына і адсутнасьць любой магчымасьці мець стычнасьць зь дзяўчынамі яго ўзросту. Такім чынам, Рэйнэм Абі замяняе спадчыньніку школу і коледж, абмяжоўвае стыканьне з яго равесьнікамі, робіць вузейшым яго жыцьцёвы досьвед.

Тым ня менш, высілкі сэра Остына застаюцца марнымі. Рычард улюбляецца ў Люсі Дэсбара (Lucy Desborough), пляменьніцу суседзкага фэрмэра. Неўзабаве яго айцец даведваецца пра гэта і спрабуе вырашыць праблему шляхам накіраваньня Рычарда ў Лёндан. Тут, сябар сэра Остына лорд Маўнтфалкан загадвае «чараўніцы» спакусіць юнага Рычарда. Саромеючыся ўласнага ўчынку, Рычард уцякае за мяжу, дзе праз пэўны час даведвацца пра нараджэньне ў Люсі дзіцяці і яе замірэньне з сэрам Остынам. Рычард вяртаецца ў Ангельшчыну, дазнаецца пра злачынаства лорда Маўнтфалкана і кідае яму выклік на дуэль. У выніку Рычард апынаецца сур'ёзна параненым. Сама Люсі ашаломлена такой хадою падзеяў. Яна вар'яцее і памірае.

Аўтабіяграфізм

рэдагаваць

У 1856 годзе першая жонка Джорджа Мэрэдыта Мэры Элен Нікалз уступае ў сувязь з мастаком прэрафаэлітам Гэнры Ўолісам. Наступным годам, ужо будучы ад яго цяжарнай, яна уцякае разам зь ім у Італію, пакінуўшы пад апеку свайго мужа сына Артура. Мэрэдыт спрычыніўся да выхаваньня свайго сына. Суаднесенасьць гэтага аўтабіяграфічнага эпізода з уступнай часткай рамана відавочная, хоць постаць сэра Остына ніколі ня мусіла быць аўтапартрэтам Мэрэдыта[3].

Паводле сваёй праблематыкі «Выпрабаваньне Рычарда Фэвэрэла» зьвернута да пытаньня філязофска-пэдагагічнае думкі, актуальнай для Ангельшчыны сярэдзіны XIX стагодзьдзя. Найбольш яскравым чынам дадзеная праблематыка ўвасабляецца ў «Сыстэме» (the System), якую баранэт стварыў для выхаваньня свайго сына. У падмурак «Сыстэмы» яе стваральнік закладвае адну з тэзаў утылітарнай філязофіі — адмаўленьне свабоды волі, якая шырока абмяркоўвалася ў пазытывісцкіх філязофска-пэдагагічных трактатах сярэдзіны XIX ст[4].

  1. ^ Martin Tucker (ed.) The Critical Temper: A Survey of Modern Criticism on English and American Literature From the Beginnings to the Twentieth Century (New York: Ungar, 1969-1989) vol. 4, p. 449; Donald D. Stone Novelists in a Changing World: Meredith, James, and the Transformation of English Fiction in the 1880's (Cambridge, MA: Harvard University Press, 1972) p. 102; Richard C. Stevenson The Experimental Impulse in George Meredith's Fiction (Lewisburg: Bucknell University Press, 2004) p. 41.
  2. ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова, А. А. Аствацатуров и др. История западноевропейской литературы. XIX век: Англия / Под ред. Л. В. Сидорченко, И. И. Буровой. — СПб: Филологический факультет СПбГУ; Издательский центр «Академия», 2004. — С. 369. — 544 с.
  3. ^ H. C. G. Matthew and Brian Harrison (eds.) The Oxford Dictionary of National Biography (Oxford: Oxford University Press, 2004) vol. 37, pp. 862-863.
  4. ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова, А. А. Аствацатуров и др. История западноевропейской литературы. XIX век: Англия / Под ред. Л. В. Сидорченко, И. И. Буровой. — СПб: Филологический факультет СПбГУ; Издательский центр «Академия», 2004. — С. 370. — 544 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць