Вызвалены Прамэтэй (Шэлі)
«Вызвалены Прамэтэй» (па-ангельску: Prometheus Unbound) — чатырохактавая п’еса Пэрсі Біш Шэлі, упершыню апублікаваная ў 1820 годзе. За аснову сюжэта ўзяты старажытнагрэцкі міт пра Прамэтэя і ягоныя пакуты ад рук Зэўса. Шэлі натхніўся трагедыяй Эсхіла «Прыкаваны Прамэмтэй», зьмяніўшы канцоўку твора згодна з рамантычным духам аптымізму і свабодалюбства: Зэўса скідваюць са стальца Алімпа, што дазваляе Прамэтэю вызваліцца.
П’еса Шэлі зьяўляецца ўзорам несцэнічнае драмы. Аўтар мэтанакіравана ствараў гэтую п’есу не для пастаноўкі ў тэатры. Згодны з традыцыяй рамантычнае паэзіі, Шэлі пісаў для ўяўленьня, мерачыся стварыць сцэнічныя падзеі ва ўяўленьні сваіх чытачоў.
Перадгісторыя
рэдагавацьМэры Шэлі ў лісьце да свайго мужа ад 5 верасьня 1818 году была першай, хто апісаў п’есу «Вызвалены Прамэтэй»[1]. 22 верасьня 1818 году Пэрсі Біш Шэлі, знаходзячыся ў Падуі, напісаў Мэры ліст, у якім прасіў адаслаць яму «аркушы «Вызваленага Праметэя», якія ты знойдзеш пранумараванымі ад аднаго да дваццаці шасьці на стале ў павільёне»[2]. Маюцца яшчэ іншыя сведчаньні наконт таго, калі Шэлі падчас свайго пражываньня ў Італіі[3] пачаў пісаць «Вызваленага Прамэтэя», але ўпершыню Шэлі згадвае свае посьпехі ў лісьце да Томаса Пікока ад 8 кастрычніка 1818 году: «Я пачаў пісаць — і сапраўды, толькі што скончыў першую дзею лірычнай і клясычнай драмы, якая будзе называцца «Вызвалены Прамэтэй»[4].
Пасьля 24 верасьня 1818 году, калі памерла яго дачка Клара Эвэлін Шэлі, паэт прыпыніў працу над п’есай. Пасьля яе сьмерці Шэлі пачаў падарожнічаць уздоўж Італіі і да 24 студзеня 1819 году не вяртаўся да працы над драмай[3]. У красавіку гэтага году большая частка п’есы была скончаная. 6 красавіка 1819 году Шэлі пісаў Пікоку: «Мой Вызвалены Прамэтэй ужо амаль скончаны і цягам аднаго ці двух месяцаў я адашлю яго»[5]. Аб сканчэньні п’есы Шэлі пісаў таксама і Лі Ханту. Тым ня менш, п’еса яшчэ не публікавалася; Шэлі зацягнуў з рэдагаваньнем паэмы з-за чарговай сьмерці: 7 чэрвеня 1819 году загінуў яго сын Ўільям Шэлі[3].
6 верасьня 1819 году Шэлі пісаў Чарлзу і Джэймсу Оліэру: «Мой Прамэтэй, які я доўга ня мог скончыць, зараз перапісваецца і хутка будзе накіраваны табе на публікацыю»[6]. Публікацыя п'есы зацягнулася з-за Джона Гізбарна, якому Шэлі даверыў перавезьці рукапіс у Англію, але Джон адклаў сваю паездку. Рукапіс «Вызваленага Прамэтэя» быў адасланы ў Англію не раней за сьнежань 1819 году[7]. Аднак чацьвёртая дзея п'есы была яшчэ ня скончаная, і 23 сьнежня 1819 году Шэлі напісаў Гізбарну: «Я толькі што скончыў дадатковую дзею да «Вызваленага Прамэтэя», якую Мэры зараз перапісвае і якая будзе высланая табе на агляд, да таго як я адашлю яе кніжнаму прадаўцу»[8].
Падчас пражываньня ў Італіі Шэлі пачаў турбавацца наконт ходу справаў з публікацыяй «Вызваленага Прамэтэя». У сакавіку-красавіку ён напісаў шмат лістоў да Чарлза Оліэра, у якіх пытаў пра посьпехі п’есы і пра тое, ці акуратна быў напісаны тэкст, бо ён ня меў магчымасьці праверыць чарнавікі ўласнаручна. Пэрсі і Мэры абое прагнулі публікацыі кнігі і таму пыталі пра яе выпуск у жонкі Гізбарна, Томаса Мэдвіна і Джона Кітса на працягу ўсяго ліпеня 1820. Да канца жніўня яны атрымалі вестку пра тое, што кніга была апублікаваная. Ім карцела пачытаць апублікаваную вэрсію, якую яны адшукалі да лістапада 1820[9].
Пасьля выпуску першай копіі 10 лістапада 1820 году Шэлі пісаў Оліэру: «М. Гізбарн адаслаў мне копію «Прамэтэя», якая, несумненна, надрукаваная найпрыгажэйшым чынам, але вельмі шкода, што памылкі падчас друку настолькі шматлікія і ва ўсіх адносінах настолькі пагубныя для адчуваньня асаблівасьцей паэзіі, што, я баюся, нават з гэтай нязручнасьцю, зусім нямногія зразумеюць ці ўпадабаюць яе»[10]. Адрэдагаванае выданьне было высланае 20 студзеня 1821 году разам зь лістом Шэлі, дзе ён прыводзіць «сьпіс памылак друку Прамэтэя, які я павінен быў выслаць нашмат раней - вялізны сьпіс, як сам пабачыш»[11]. Шэлі не забыў абмылак друку і нават пазьней крытыкаваў Чарлза Оліэра, калі Шэлі адсылаў на публікацыю Адоніса[12].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Zillman, Lawrence. Shelley’s Prometheus Unbound. Seattle: University of Washington Press, 1959. С. 3 (анг.)
- ^ Shelley, Percy. Complete works Julian Edition. ed. Roger Ingpen and Walter Peck. London: Benn, 1930. Т. 9. С. 332 (анг.)
- ^ а б в Zillman, Lawrence. Shelley’s Prometheus Unbound. Seattle: University of Washington Press, 1959. С. 4 (анг.)
- ^ Shelley, Percy. Complete works Julian Edition. ed. Roger Ingpen and Walter Peck. London: Benn, 1930. Т. 9. С. 336 (анг.)
- ^ Shelley, Percy. Complete works Julian Edition. ed. Roger Ingpen and Walter Peck. London: Benn, 1930. Т. 10 С. 48 (анг.)
- ^ Shelley, Percy. Complete works Julian Edition. ed. Roger Ingpen and Walter Peck. London: Benn, 1930. Т. 10 С. 79 (анг.)
- ^ Zillman, Lawrence. Shelley’s Prometheus Unbound. Seattle: University of Washington Press, 1959. С. 5 (анг.)
- ^ Shelley, Percy. Complete works Julian Edition. ed. Roger Ingpen and Walter Peck. London: Benn, 1930. Т. 10 С. 136 (анг.)
- ^ Zillman, Lawrence. Shelley’s Prometheus Unbound. Seattle: University of Washington Press, 1959. С. 6—7 (анг.)
- ^ Shelley, Percy. Complete works Julian Edition. ed. Roger Ingpen and Walter Peck. London: Benn, 1930. Т. 10. С. 219 (анг.)
- ^ Shelley, Percy. Complete works Julian Edition. ed. Roger Ingpen and Walter Peck. London: Benn, 1930. Т. 10. С. 232 (анг.)
- ^ Zillman, Lawrence. Shelley’s Prometheus Unbound. Seattle: University of Washington Press, 1959. С. 8 (анг.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАнгельская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |
- Prometheus Unbound An in-depth analysis and summary of Shelley’s play (анг.)
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |