Бітва пад Стоўпцамі
Бітва пад Стоўпцамі адбылася 10 чэрвеня 1792. Атрад літоўскага ґенэрала Жозэфа Беляка тры гадзіны ваяваў пад Стоўпцамі з авангардам расейскага корпусу ґенэрала Барыса Меліна.
Сытуацыя перад боем
рэдагавацьҐенэрал Жозэф Юдыцкі, корпус якога складаўся з 7700 жаўнераў і 10 гарматаў, 7 чэрвеня атрымаў з праездаў інфармацыю пра набліжэньне з Койданава расейскага корпусу ґенэрала Меліна, які складаўся з 9600 жаўнераў і 13 гарматаў. Юдыцкі вырашыў адступіць да Міру, вылучыўшы атрад пад камандаваньнем ґенэрала Беляка, які павінен быў абараняць адыход літоўскіх войскаў і трымаць левы бераг Нёмана пад Стоўпцамі, затрымаць расейцаў падчас пераправы. У склад атраду Беляка ўвайшоў атрад татараў і брыгада нацыянальнай кавалерыі пад кіраўніцтвам Сулістроўскага.
Бітва
рэдагавацьРаніцай 10 чэрвеня ў чаканьні расейцаў Беляк падвёў свой атрад да рачнога пагорку. Неўзабаве пад Стоўпцамі пачалі пераходзіць празь Нёман каля тысячы расейскіх драгунаў. Калі расейцы падышлі да берага, Беляк пакінуў нацыянальную кавалерыю Сулістроўскага, а сам з татарамі атакаваў суперніка. Татары пад кіраўніцтвам Беляка расьсеялі расейскіх драгунаў, якія кінуліся бегчы. Неўзабаве за ўцякаючым супернікам пагналіся літоўскія палкі. Але ў гэты час нізоўе Нёмана перасёк другі полк расейскіх драгун і раптам напаў на левае крыло літоўскага палку. Прыбыла ў дапамогу нацыянальная літоўская кавалерыя, якая неўзабаве зьмяшалася з адыходзячымі татарамі й зь перасьледуючымі іх расейцамі.
Бачачы драматычную сытуацыю сваіх войскаў, Беляк сабраў вакол сябе 100 жаўнераў і кінуўся ў адчайны напад, імкнучыся спыніць шматлікіх расейцаў. З панікі літоўскія атрады па прыкладзе Беляка таксама пачалі атакаваць. Расейскія драгуны пачалі адыходзіць да ракі, дзе ўжо патанула мноства расейцаў. Ад поўнага разгрому расейскую кавалерыю ўратавала прыбыцьцё пяхоты, якая ўсталявала на левым беразе артылерыю і пачала страляць па літоўскім войску. У сувязі з набліжэньнем асноўнага войска Меліна Беляк загадаў сваім жаўнерам адысьці ў кірунку Міра, дзе знаходзіўся корпус ґенэрала Юдыцкага. Бой працягваўся каля трох гадзінаў. Пасьля адыходу атрада Беляка расейскі корпус ґенэрала Меліна скончыў пераправу празь Нёман і ўстаў пад Залужжа. На наступны дзень адбылася бітва пад Мірам.
Літаратура
рэдагаваць- Piotr Borawski, Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej, Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, Warszawa 1986, ISBN 83-205-3747-9, str. 227—228