Беларускі дзяржаўны цырк

Белару́скі дзяржа́ўны цы́рк — цырк, што месьціцца на праспэкце Незалежнасьці ў горадзе Менску. Умяшчальнасьць залі цырку — 1667 месцаў, цырк разьлічаны для паказу нумароў розных жанраў — ад воднай фэерыі да паветраных нумароў.

Гісторыя

рэдагаваць

Першы ў Беларусі цырк быў адкрыты на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды) 16 лістапада 1884 году. Гэта быў стацыянарны драўляны цырк — «Цырк братоў Нікіціных» на 800 месцаў, пабудаваны Аляксандрам Бачаравым па замове Пятра Нікіціна. Першым дырэктарам Менскага цырку стаў вядомы прадпрымальнік і цыркавы артыст Пётар Аляксандравіч Нікіцін.

Цырк братоў Нікіціных неаднаразова рэканструяваўся й перамяшчаўся па раёнах гораду. У 1930 годзе на яго базе ў Гарадзкім садзе (цяпер парк ім. Горкага) быў пабудаваны цырк-шапіто на 1200 месцаў. Цырк быў разбураны 25 чэрвеня 1941 году падчас бамбардзіроўкі гораду нямецкай авіяцыяй. Цыркавая трупа была эвакуяваная ў Маскву, затым у Омск. 7 лістапада 1941 году Беларускі цырк даў першае прадстаўленьне для байцоў, якія сыходзяць на фронт.

У 1946 годзе дырэктар цырку Б. Е. Кабішчар заняўся аднаўленьнем цырку на ранейшым месцы. Адноўлены цырк-шапіто быў падораны Менску горадам Арлом і меў 1200 глядацкіх месцаў.

Будаўніцтва новага стацыянарнага зімовага цырку пачалося ў кастрычніку 1954 году. Пабудаваны ён быў па праекце архітэктара У. А. Жукава на перакрыжаваньні водна-зялёнага дыямэтру Менску (р. Сьвіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і пр. Незалежнасьці. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаваньне з прамавугольным у пляне трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены калянадай карынцкага ордэра. Глядзельная заля мае арэну (дыямэтар 13 м), 1668 месцаў, разьмешчаных амфітэатрам; мае сучасную тэхнічнай і цыркавой апаратурай. Вакол відовішчнай часткі знаходзіцца фае й гардэробы, памяшканьні для артыстаў і абслуговага пэрсаналу, залі для рэпэтыцыяў, спэцыяльныя памяшканьні для жывёлы. У лютым 1959 году Беларускі дзяржаўны цырк адкрыўся зь першым паказам.

Зь верасьня 2008 Беларускі дзяржаўны цырк знаходзіўся на рэканструкцыі й адчыніў свае дзьверы ў адрамантаваным будынку ў лістападзе 2010 году. Падчас рэканструкцыі да старога будынку прыбудавалі адміністрацыйны будынак, зрабілі новую сучасную арэну. Касы месьцяцца ў асобным будыначку ля галоўнага ўваходу.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Беларускі дзяржаўны цырксховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000181